ПАЛАТА́,
вёска ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., каля р. Палата. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 25 км на ПнУ ад г. Полацк, 130 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Палата. 634 ж., 273 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі гарадзішча днепра-дзвінскай культуры.
т. 11, с. 538
ПАЛАТАГРА́ФІЯ (ад лац. palatum паднябенне + ...графія),
адзін з метадаў эксперым. фанетыкі, з дапамогай якога вызначаецца месца сутыкнення языка з паднябеннем пры гукаўтварэнні. Адрозніваюць П. статычную і дынамічную. Здымкі, або артыкуляцыйныя карты, з адлюстраваннем розных органаў маўлення ў час вымаўлення гукаў пэўнай мовы падзяляюць на палатаграмы (паднябенне), лабіяграмы (губы), лінгваграмы (язык), рэнтгенаграмы (маўленчы апарат цалкам).
Літ.:
Барышнікава К.К., Падлужны А.І. Эксперыментальна-фанетычныя даследаванні ў Беларусі // Бел. лінгвістыка. 1974. Вып. 5.
А.В.Зінкевіч.
т. 11, с. 539
ПАЛАТАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. palatum паднябенне),
пад’ём сярэдняй часткі спінкі языка да цвёрдага паднябення пры губной, пярэднеязычнай ці заднеязычнай артыкуляцыі зычнага гука, т.зв. змякчэнне зычных. П. можа быць дадатковай артыкуляцыйнай прыкметай, калі яна абумоўлена пазіцыяй зычнага ў слове: («лес»), ці самаст. фаналагічнай рысай, калі мяккасць зычнага не залежыць ад пазіцыі ў слове («мэбля»). У першым выпадку такія зычныя называюць палаталізаванымі, у другім — палатальнымі. Характэрны тон і шум, якія з’яўляюцца пры П., робяць мяккія зычныя больш высокімі на слых, чым іх цвёрдыя адпаведнікі.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.
А.В.Зінкевіч.
т. 11, с. 539
ПАЛА́ТА, 1) назва прадстаўнічых органаў ці іх асобных састаўных частак (напр., Нац. сход Рэспублікі Беларусь складаецца з 2 П. — П. прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі).
2) Назва некат. дзярж. ці грамадскіх арг-цый і ўстаноў (напр., Кніжная П., Гандлёва-прамысловая П.).
3) У дарэв. Расіі судовыя П. — органы па разглядзе грамадз. і крымінальных спраў (уведзены суд. рэформай 1864).
т. 11, с. 538
ПАЛА́ТА АБШЧЫ́Н,
назва ніжніх палат парламента ў Вялікабрытаніі і Канадзе.
т. 11, с. 538
ПАЛА́ТА ДЭПУТА́ТАЎ,
назва аднапалатных парламентаў Грэцыі, Люксембурга і ніжніх палат парламентаў Балівіі, Бразіліі, Венесуэлы, Дамініканскай Рэспублікі, Італіі, Мексікі і некаторых інш. краін.
т. 11, с. 538
ПАЛА́ТА КРЫМІНА́ЛЬНАГА СУДА́,
вышэйшы судовы орган па крымінальных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. У 1778 П.к.с. ўведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці рэвізійнай (рашаючай) інстанцыі разглядала справы аб злачынствах, якія прадугледжвалі смяротнае пакаранне, гандлёвае пакаранне, пазбаўленне гонару; у якасці суда 1-й інстанцыі — справы па абвінавачванні ў службовых злачынствах. Апеляцыйнай і рэвізійнай інстанцыяй для П.к.с. быў Сенат. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. Паводле ўказа Паўла I ад 6.2.1797 П.к.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. Ў якасці 1 -й інстанцыі разглядалі справы аб службовых злачынствах чыноўнікаў. У адносінах да судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 П.к.с. паводле ўказа Сената аб’яднаны з палатамі цывільнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.
А.У.Марыскін.
т. 11, с. 538
ПАЛА́ТА ЛО́РДАЎ,
назва верхняй палаты парламента Вялікабрытаніі, у склад якой уваходзяць свецкія і духоўныя лорды (пэры).
т. 11, с. 538
ПАЛА́ТА ПРАДСТАЎНІКО́Ў,
назва аднапалатных парламентаў на Кіпры, Мальце, Новай Зеландыі, ніжніх палат парламентаў Рэспублікі Беларусь, Бельгіі, Калумбіі, ЗША, Філіпін, Ямайкі, Японіі і некаторых інш. краін.
т. 11, с. 538
ПАЛА́ТА САВЕ́ТНІКАЎ,
назва верхняй палаты парламента Японіі.
т. 11, с. 538