Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГАНІБА́Л (Hannibal; 247 ці 246 да н.э., Карфаген — пач. 183 да н.э.),

карфагенскі палкаводзец і дзярж. дзеяч. Сын Гамількара Баркі. Удзельнічаў у ваен. кампаніях бацькі, у заваяванні карфагенянамі іберыйскіх плямён. З 225 камандаваў карфагенскай конніцай у Іспаніі, у 221 галоўнакаманд. карфагенскай арміяй. У 219 Ганібал напаў на саюзны рымлянам г. Сагунт, чым справакаваў 2-ю Пунічную вайну (218—201). У 218 перайшоў Альпы, атрымаў шэраг перамог у бітвах пры рэках Тыцына, Трэбія (218), каля Тразіменскага возера (217), пры Канах (216). У 202 у бітве пры г. Зама (Паўн. Афрыка) войска Ганібала разгромлена рымлянамі. У 201—195 правіў Карфагенам. Вымушаны пакінуць радзіму (западозраны рымлянамі ў падрыхтоўцы новай вайны), з 195 быў ваен. саветнікам асірыйскага цара Антыёха III. Каб не трапіць у рукі да рымлян, прыняў яд.

Літ.:

Кораблев И.Ш. Ганнибал. Ростов н/Д, 1997.

т. 5, с. 28

ГАНІЁМЕТР (ад грэч. gonia вугал + ...метр),

1) прылада для вымярэння двухгранных вуглоў паміж гранямі цвёрдых цел. Бывае прыкладны і адбівальны. Прыкладны ганіёметр мае транспарцір і лінейку. Дакладнасць вымярэнняў да 15. Адбівальны ганіёметр мае каліматар, зрокавую трубу і адліковае прыстасаванне. Дакладнасць вымярэнняў да 1. Выкарыстоўваецца ў метралогіі, крышталяграфіі, геадэзіі і інш. 2) Прыстасаванне для зрушэння дыяграмы накіраванасці антэны эл. спосабам. Выкарыстоўваецца ў радыёпеленгатарах.

т. 5, с. 28

ГАНІМЕ́Д,

у грэчаскай міфалогіі сын траянскага цара Троса. За незвычайную прыгажосць яго выкраў Зеўс (паслаў за ім арла ці быў сам у абліччы арла). На Алімпе Ганімед стаў каханкам Зеўса і віначэрпам багоў. Паводле інш. міфаў, Ганімед узнесены на неба ў выглядзе задыякальнага сузор’я Вадалей. Міф пра Ганімеда — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. роспісы, малюнак Мікеланджэла, скульптуры Леахара, Б.​Торвальдсена, карціны Карэджа, П.​П.​Рубенса, Рэмбранта і інш.).

Ганімед з арлом. Рымская копія з грэчаскага арыгінала 3—2 ст. да н.э.

т. 5, с. 28

ГАНІМЕ́Д,

малая планета № 1036. Дыяметр 28 км, найменшая адлегласць ад Сонца 1,22 а.а., найбольшая — 4,1 а.а. Па выцягнутасці (эксцэнтрысітэт 0,54) і нахіле да плоскасці зямной арбіты (26°) арбіта нагадвае арбіту каметы (заходзіць унутр арбіты Марса). Адкрыта В.​Баадэ (Германія, 1924).

т. 5, с. 28

ГАНІМЕ́Д,

спадарожнік планеты Юпітэр. Дыяметр каля 5280 км, адлегласць ад Юпітэра 1,07 млн. км. Ганімед — самы вял. па памерах спадарожнік Юпітэра, на 40% складаецца з вадзянога лёду, мае атмасферу. Адкрыты Г.Галілеем (1610).

т. 5, с. 28

ГА́НІЧАЎ (Валерый Мікалаевіч) (н. 3.8.1933, ст. Пестава Наўгародскай вобл., Расія),

рускі празаік, публіцыст. Д-р гіст. н. (1978). Скончыў Кіеўскі ун-т (1956). Працаваў гал. рэдактарам «Комсомольской правды» (1978—80). З 1981 гал. рэдактар «Роман-газеты», з 1994 старшыня СП Расіі. Нам. кіраўніка Рус. нар. сабора. Аўтар гіст. раманаў «Рос непераможны» (1985), «Флотаводзец», 1992), кн. публіцыстыкі «Рускія вёрсты» (1994).

С.​С.​Лаўшук.

т. 5, с. 28

ГАНІЯТЫ́ТЫ (Goniatitidae),

атрад вымерлых галаваногіх малюскаў надатр. аманітаў. Каля 300 родаў. Жылі з дэвону да пач. трыясу ў морах. Частка іх свабодна плавала, некаторыя — донныя. На Беларусі рэшткі ракавін пашыраны ў фаменскіх (міжсалявых) адкладах дэвону Прыпяцкай упадзіны.

Мелі плоскаспіральную ракавіну з доўгай жылой камерай. Сіфон краявы, брушны, лопасцевая лінія параўнальна простая. Драпежнікі.

Літ.:

Основы палеонтологии: Моллюски-головоногие. М., 1962;

Богоявленская О.В., Федоров М.Ф. Основы палеонтологии. М., 1990.

т. 5, с. 28

ГА́НКІН (Евель Мордухавіч) (26.10.1922, в. Шчадрын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1996),

бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1968). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1943). З 1946 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Лепшыя работы адметныя кампазіцыйнай завершанасцю, трапнай характарыстыкай вобразаў. Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Хто смяецца апошнім» (1954, з А.​Грыгар’янцам), «Нашы суседзі» (1957), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958), «Апошні хлеб» (1963), «Крыніцы» (1965), «Я родам з дзяцінства» (1967), «Вайна пад стрэхамі» (1971), «Заўтра будзе позна» (СССР — Чэхаславакія, 1973), «Хлеб пахне порахам» (1974), тэлефільмаў «Кафедра» (1982), «Яго батальён» (1988), «Пайсці і не вярнуцца» (1989). Працаваў таксама ў галіне станковай і кніжнай графікі.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 5, с. 28

ГАНКО́НГ (англ. Hongkong),

уладанне Вялікабрытаніі (да 1997) на ПдУ Кітая. Гл. Сянган.

т. 5, с. 28

ГАНКУ́Р (Goncourt) дэ, браты Эдмон (26.5.1822, г. Нансі, Францыя — 16.7.1896) і Жуль (17.12.1830, Парыж — 20.6.1870), французскія пісьменнікі-сааўтары, мастацтвазнаўцы. Стварылі раманы, у якіх рысы натуралізму спалучаны з імпрэсіяністычнай манерай пісьма, што перадае найтанчэйшыя станы чалавечай душы і суб’ектыўныя адчуванні: «Шарль Дэмайі» (1860), «Сястра Філамена» (1861), «Рэнэ Мапрэн» (1864), «Жэрміні Ласертэ» (1865), «Манет Саламон» (1867), «Мадам Жэрвезэ» (1869) і інш. Стваральнікі кніг па гісторыі і мастацтве 18 ст.: «Гісторыя французскага грамадства эпохі Рэвалюцыі» (1855), «Гісторыя Марыі Антуанеты» (1858), «Мастацтва XVIII ст» (1859), «Жанчына ў XVIII ст.» (1862) і інш. «Дзённік. Мемуары з літаратурнага жыцця» (т. 1—9, 1887—96, поўнае выд. т. 1—22, 1956—58) — фундаментальная хроніка развіцця л-ры і мастацтва Францыі ў 1851—96. Толькі Эдмон Ганкур напісаў раманы «Дзеўка Эліза» (1877), «Браты Земгано» (1879), «Актрыса Фастэн» (1882) і інш.; працы па японскім мастацтве «Утамара...» (1891), «Хакусай» (1896). Паводле яго завяшчання заснавана т.зв. Ганкураўская акадэмія. У 1903 устаноўлена Ганкураўская прэмія, фонд якой склаў капітал, завешчаны Эдмонам Ганкурам.

Тв.:

Рус. пер. — Дневник. Т. 1—2. М., 1964;

Братья Земганно;

Актриса Фостен. Жермини Ласерте;

М., 1972

С.​В.​Логіш.

т. 5, с. 28