ГАНКУ́Р

(Goncourt) дэ, браты Эдмон (26.5.1822, г. Нансі, Францыя — 16.7.1896) і Жуль (17.12.1830, Парыж — 20.6.1870),

французскія пісьменнікі-сааўтары, мастацтвазнаўцы. Стварылі раманы, у якіх рысы натуралізму спалучаны з імпрэсіяністычнай манерай пісьма, што перадае найтанчэйшыя станы чалавечай душы і суб’ектыўныя адчуванні: «Шарль Дэмайі» (1860), «Сястра Філамена» (1861), «Рэнэ Мапрэн» (1864), «Жэрміні Ласертэ» (1865), «Манет Саламон» (1867), «Мадам Жэрвезэ» (1869) і інш. Стваральнікі кніг па гісторыі і мастацтве 18 ст.: «Гісторыя французскага грамадства эпохі Рэвалюцыі» (1855), «Гісторыя Марыі Антуанеты» (1858), «Мастацтва XVIII ст» (1859), «Жанчына ў XVIII ст.» (1862) і інш. «Дзённік. Мемуары з літаратурнага жыцця» (т. 1—9, 1887—96, поўнае выд. т. 1—22, 1956—58) — фундаментальная хроніка развіцця л-ры і мастацтва Францыі ў 1851—96. Толькі Эдмон Ганкур напісаў раманы «Дзеўка Эліза» (1877), «Браты Земгано» (1879), «Актрыса Фастэн» (1882) і інш.; працы па японскім мастацтве «Утамара...» (1891), «Хакусай» (1896). Паводле яго завяшчання заснавана т.зв. Ганкураўская акадэмія. У 1903 устаноўлена Ганкураўская прэмія, фонд якой склаў капітал, завешчаны Эдмонам Ганкурам.

Тв.:

Рус. пер. — Дневник. Т. 1—2. М., 1964;

Братья Земганно;

Актриса Фостен. Жермини Ласерте;

М., 1972

С.В.Логіш.

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)