ГАНІБА́Л
(Hannibal; 247 ці 246 да н.э., Карфаген — пач. 183 да н.э.),
карфагенскі палкаводзец і дзярж. дзеяч. Сын Гамількара Баркі. Удзельнічаў у ваен. кампаніях бацькі, у заваяванні карфагенянамі іберыйскіх плямён. З 225 камандаваў карфагенскай конніцай у Іспаніі, у 221 галоўнакаманд. карфагенскай арміяй. У 219 Ганібал напаў на саюзны рымлянам г. Сагунт, чым справакаваў 2-ю Пунічную вайну (218—201). У 218 перайшоў Альпы, атрымаў шэраг перамог у бітвах пры рэках Тыцына, Трэбія (218), каля Тразіменскага возера (217), пры Канах (216). У 202 у бітве пры г. Зама (Паўн. Афрыка) войска Ганібала разгромлена рымлянамі. У 201—195 правіў Карфагенам. Вымушаны пакінуць радзіму (западозраны рымлянамі ў падрыхтоўцы новай вайны), з 195 быў ваен. саветнікам асірыйскага цара Антыёха III. Каб не трапіць у рукі да рымлян, прыняў яд.
Літ.:
Кораблев И.Ш. Ганнибал. Ростов н/Д, 1997.
т. 5, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)