АГІ́ВЫ,
дугападобныя папярочныя палосы лёду светлага ці цёмнага колеру на ледавіковых языках, павернутыя выпукласцямі ў напрамку руху ледавікоў. Сумарная шырыня пары палос (адной цёмнай і адной светлай) роўная гадавому зрушэнню ледавіковай паверхні. Агівы з’яўляюцца каля падножжа ледаспадаў у выглядзе хвалепадобных дэфармацый, якія пры руху ўніз па ледавіку спачатку памяншаюць сваю амплітуду, потым знікаюць і змяняюцца палосамі рознага колеру. Мяркуюць, што цёмныя палосы ўзнікаюць на ўчастках лёду, якія прайшлі праз ледаспад у перыяд абляцыі, светлыя — на ўчастках, што прайшлі тую ж зону ў перыяд акумуляцыі.
т. 1, с. 74
АГІ́ДНАЕ,
катэгорыя эстэтыкі, праз якую вызначаюць негатыўную эстэт. каштоўнасць прадметаў і з’яў рэчаіснасці. Агіднае — антыпод прыгожаму, але цесна звязана з ім і інш. эстэт. катэгорыямі (узнёслым, камічным, трагічным), таму што ў негатыўнай і скрытай форме сцвярджае пазітыўны эстэт. ідэал. Агіднае ўвасабляе частку агульнай карціны развіцця чалавека (дабро і зло, прыгожае і агіднае), што было выкарыстана ў тэорыі эстэтыкі і практыцы мастацтва Адраджэння і Асветніцтва. У сучасным мастацтве таксама прасочваецца тэндэнцыя ўвасаблення агіднага ў спалучэнні з вонкавым аздабленнем — як спроба пашырыць разнастайнасць мастацтва (дэкадэнцтва) або як новы імпульс павышэння цікавасці да мастацтва (фільмы «жахаў»).
В.А.Салееў.
т. 1, с. 74
АГІЕ́ВІЧ Уладзімір Іванавіч
(26.9.1910, в. Пухавічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 4.10.1952),
бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1937). Друкаваўся з 1928. Найб. значныя працы пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, пасляваен. бел. паэзію. Яго творы спрыялі пераадоленню вульгарызатарскіх схем і догмаў у бел. крытыцы.
Тв.:
Літаратура і жыццё. Мн., 1954.
т. 1, с. 74
АГІНА́ЛЬДА
(Aguinaldo) Эміліо (22.3.1869—6.2.1964),
філіпінскі паліт. дзеяч. Узначальваў антыіспанстае паўстанне 1896—97. З 1897 кіраўнік урада, у час амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901 прэзідэнт Філіпінскай рэспублікі. У 1901 узяты ў палон амер. войскамі; заклікаў народ спыніць супраціўленне. У 1942—44 чл. марыянетачнай Дзярж. рады, створанай на Філіпінах японскімі акупантамі.
т. 1, с. 74
АГІНА́ЛЬНАЯ сям’і ліній, лінія, якая ў кожным сваім пункце датыкаецца да адной лініі сям’і. Напр., усякая крывая з’яўляецца агінальнай для сям’і сваіх датычных; агінальная сям’і акружнасцяў аднолькавага радыуса R з цэнтрамі на адной прамой — пара прамых, кожная з якіх ляжыць на адлегласці R ад лініі цэнтраў (гл. рыс.). Ураўненне агінальнай сям’і ліній на плоскасці, якія вызначаюцца ўраўненнем f (x, y, С) = 0, можна знайсці з сістэмы f (х, у, С) = 0, fc (х, у, С) = 0 выключэннем параметра С пры ўмове, што f (х, у, С) мае неперарыўныя першыя частковыя вытворныя па ўсіх пераменных.
т. 1, с. 75
АГІ́НСКАГА ПЛАН 1811,
праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі, прапанаваны сенатарам М.К.Агінскім імператару Аляксандру I. Адлюстраваў імкненне бел.-літ. шляхты да адм. і прававой самастойнасці краю і гатоўнасць цара пайсці на пэўную лібералізацыю палітыкі ў зах. губернях, каб нейтралізаваць пранапалеонаўскія настроі мясц. знаці. Прадугледжваў заснаванне з Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай губ., Беластоцкай вобл. і Цярнопальскай акр. асобнай правінцыі пад назвай ВКЛ з гал. горадам Вільня і пад кіраваннем імператарскага намесніка; стварэнне ў краі вышэйшых дзярж. судовых і інш. органаў. Планавалася склікаць сойм, увесці канстытуцыю і паступова скасаваць прыгоннае права. Пад націскам кансерватыўных колаў, якія ўбачылі ў адраджэнні ВКЛ пагрозу тэр. цэласнасці Расіі, Аляксандр І не змог зацвердзіць Агінскага план 1811, але ўсё ж праект садзейнічаў прымірэнню ўрада з мясц. шляхтай напярэдадні вайны 1812: былі прыняты законы 1811 аб падатковых ільготах і інш.
В.В.Антонаў, С.С.Рудовіч, В.В.Швед.
т. 1, с. 75
АГІ́НСКАЕ,
пасёлак гар. тыпу ў Расіі, цэнтр Агінскай Бурацкай аўтаномнай акругі. За 37 км ад чыг. ст. Магойтуй у даліне р. Ага (бас. Амура). Засн. ў 1811. 9,2 тыс. ж. (1994). Харч. прам-сць. Краязнаўчы музей.
К.Р.Кірпенка.
т. 1, с. 75
АГІ́НСКАЯ БУРА́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,
у складзе Рас. Федэрацыі, на Пд Чыцінскай вобл. Утворана 26.9.1937 з Агінскага аймака (Бурат-Мангольскай АССР). Пл. 19 тыс. км². Нас. 79,6 тыс. чал. (1994), гарадскога 30%; пераважаюць бураты, рускія, у зах. ч. — эвенкі. Сярэдняя шчыльн. 3,3 чал. на 1 км², больш заселена ўсх. частка. Адм. ц. — пас. гар. тыпу Агінскае.
Размешчана на Пд Забайкалля. Паверхня пераважна гарыстая (найб. г. Алханай, 1663 м). Клімат рэзка кантынентальны. Зіма халодная, маласнежная, лета гарачае, сярэдняя т-ра студз. -24 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Найб. рэкі — Анон, Аленгуй. Шмат прэсных і салёных азёраў. Глебы ў гарах падзолістыя, шэрыя лясныя, на раўнінах карбанатныя, каштанавыя, чарназёмныя, сустракаюцца саланчакі. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах на выш. 1000 м — лістоўнічныя лясы (у асн. даурская лістоўніца).
Горназдабыўная, лясная і лесанарыхтоўчая, лёгкая, харч. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная і мяса-малочная жывёлагадоўля, пашавая танкарунная авечкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, авёс, ячмень) і кармавыя культуры. Асн. від транспарту — аўтамабільны. На У праходзіць чыг. Карымская—Забайкальск.
т. 1, с. 75
АГІ́НСКІ Міхал Казімір
(1730 — 31.5.1800),
дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, пісьменнік, мецэнат. З роду Агінскіх. Атрымаў муз. адукацыю (ігры на скрыпцы вучыўся ў Дж.Б.Віёці). З 1748 пісар польны літ., з 1764 ваявода віленскі, з 1768 гетман вял. літоўскі. Адзін з кандыдатаў Кацярыны II на польскі трон. У 1771 перайшоў на бок барскіх канфедэратаў (гл. Барская канфедэрацыя 1768), але яго войска было разбіта і Агінскі эмігрыраваў. У 1775 вярнуўся на Беларусь. Жыў у Слоніме, дзе пабудаваў некалькі прамысл. прадпрыемстваў, друкарню, стварыў тэатр і капэлу, балетную і муз. школы (гл. Слонімская капэла Агінскага, Слонімскі тэатр Агінскага, Слонімская балетная школа, Слонімская музычная школа). Аўтар опер «Зменены філосаф» (1771), «Елісейскія палі» (1788; верагодна, з Ф.Марыні), як мяркуюць, таксама «Сілы свету» і «Становішча саслоўяў» (1784), скрыпічных п’ес, рамансаў, у т. л. аднаго з першых вядомых вак. цыклаў «Да Касі». Займаўся і літ. дзейнасцю (оперныя лібрэта, вершы). Выдаў «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782), «Байкі і нябайкі» (1788). Па яго ініцыятыве і на яго сродкі пабудаваны Агінскі канал.
Літ.:
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням. Мн., 1993.
А.А.Саламаха.
т. 1, с. 75
АГІ́НСКІ Міхал Клеафас
(7.10.1765, Гузаў каля Варшавы — 15.10.1833),
дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, літаратар. З роду Агінскіх. З 1789 надзвычайны пасол у Галандыі, выконваў дыпламат. місію ў Лондане. У 1791 у Магілёве прысягнуў Кацярыне II, чым захаваў маёнткі ва ўсх. Беларусі. Падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі 1792 эмігрыраваў у Прусію, яго маёнткі былі канфіскаваны; вяртанне на радзіму і зварот маёмасці былі абумоўлены яго ўступленнем у канфедэрацыю. Дэпутат Чатырохгадовага (1788—92) і Гродзенскага (1793) соймаў. У 1793—94 падскарбі вял. літоўскі. У час паўстання 1794 увайшоў у склад Найвышэйшай літ. рады. Сфарміраваў на свае сродкі батальён стралкоў і камандаваў ім у некалькіх бітвах. У жн. 1794 зрабіў рэйд да Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс). Змагаўся супраць прускіх войскаў. Пасля задушэння паўстання жыў у Вене, Венецыі, Парыжы. У 1802 вярнуўся ў свой маёнтак Залессе каля Смаргоні. У 1810 атрымаў званне сенатара. Прапанаваў імператару Аляксандру І праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі (гл. Агінскага план 1811). Пасля адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1823 жыў у Італіі. Вядомы як кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў Ю.Казлоўскага, на скрыпцы — у Дж.Б.Віёці. Кампазітарскую дзейнасць пачаў у 1790-я г. стварэннем маршаў і баявых песень, пашыраных сярод паўстанцаў 1794. Аўтар папулярных паланэзаў, у т. л. паланэза ля-мінор «Развітанне з Радзімай», фп. п’ес, рамансаў, адметных лірызмам, меладычнасцю, нар.-песеннымі традыцыямі, а таксама аднаактовай оперы «Зеліс і Валькур, або Банапарт у Каіры» на ўласнае лібрэта (1799). Агінскаму належаць трактат «Лісты пра музыку» (1828, выд. на польск. мове ў 1956), «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (т. 1—4, 1826—27, на франц. мове).
Літ.:
Бэлза И. Михал Клеофас Огиньский. 2 изд. М., 1974.
т. 1, с. 75