Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЛЕ́ (Calais),

горад на Пн Францыі. Адм. ц. дэпартамента Па-дэ-Кале. Каля 120 тыс. ж. з прыгарадамі (1993). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у прал. Па-дэ-Кале. Марскія пасаж. зносіны з Дуўрам (Вялікабрытанія). Мацерыковы ўваход у чыг. тунэль, які злучае Францыю з Вялікабрытаніяй. Прам-сць: маш.-буд., хім., харчовая. Стараж. выраб карункаў, цюлю, вышывак.

Узнік у 9—10 ст. на месцы рыбацкай вёскі, уладанне булонскага графа. У 1173 (паводле інш. звестак, у 1180) атрымаў гар. правы. З 13 ст. адыгрываў важную ролю ў гандлі паміж Францыяй і Англіяй. У Стогадовую вайну 1337—1453 захоплены англічанамі (1347). У 1558 адваяваны герцагам Ф.Гізам (гл. Гізы) і паводле Като-Камбрэзійскага дагавора 1559 замацаваны за Францыяй. У 1895 на ўшанаванне памяці абаронцаў горада ў 1347 устаноўлены помнік «Грамадзяне Кале» (скульпт. А.Радэн). У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны.

Да арт. Кале. Грамадзяне Кале. Помнік перад будынкам ратушы ў Кале. Скульпт. А.Радэн. 1884—88.

т. 7, с. 457

«КА́ЛЕВАЛА»

(«Kalevala»),

карэла-фінскі нар. эпас. Складаецца з карэльскіх, фін. і іжорскіх нар. песень (рунаў), якія сабраў і запісаў у 1-й пал. 19 ст. фінскі фалькларыст Э.Лёнрат. Упершыню апубл. ў 1835 (1-я кампазіцыя, 32 руны), у 1849—2-я кампазіцыя (50 рунаў).

«К.» паэтызуе подзвігі і прыгоды герояў казачнай краіны Калевала. Яе героі — чарадзей Вяйнямёйнен, каваль Ільмарынен, які выкаваў цудоўны млын сампа, што забяспечвае багацце. Сюжэт, які аб’ядноўвае руны — барацьба за млын з чараўніцай Лоўхі, гаспадыняй змрочнай паўн. краіны Пох’ялы. На бел. мову «К.» пераклаў М.Машара, асобныя вершы з 1-й руны — Я.Сіпакоў.

Публ.: Бел. пер. — Калевала. Мн., 1956.

т. 7, с. 458

«КАЛЕВІПО́ЭГ»,

эстонскі нацыянальны эпас. Складзены і выд. ў 1857—61 эст. пісьменнікам Ф.Крэйцвальдам на аснове нар. казанняў пра волата-велікана Калевіпоэга. Уключае 20 песень, вершаваны памер якіх блізкі да памеру «Калевалы», з яго запазычаны таксама некат. сюжэты і персанажы.

Асн. фалькл. сюжэты — перамога Калевіпоэга над нячыстай сілай, будаўніцтва гіганцкага моста і інш. — падпарадкаваны гал. тэме барацьбы героя з сіламі пекла і захопнікамі-крыжакамі («жалезнымі людзьмі·). Лёс героя — эпічнае адлюстраванне гіст. лёсу народа, а сам ён, прыкаваны да пякельнай брамы (так заканчваецца «К.»), сімвалізуе нязломную сілу і імкненні эст. народа да свабоды. Ідэі эпасу сталі вызначальнымі ў працэсе фарміравання нац. эст. л-ры і нац.-вызв. руху ўвогуле.

Публ.: Рус. пер. — Калевипоэг. Таллин, 1961.

т. 7, с. 458

КАЛЕ́ГІІ ў Расіі,

цэнтральныя ўстановы ў 18 — пач. 19 ст., якія ведалі асобнымі галінамі дзярж. кіравання. Уведзены Пятром I у 1717—21 замест прыказаў. Першыя К.: Замежных спраў, Ваенная, Адміралцействаў-К., Камер-К., Юстыц-К., Рэвізіён-К. і інш. Скасаваны з утварэннем мін-ваў.

т. 7, с. 458

КАЛЕ́ГІІ (ад лац. collegium) у Старажытным Рыме, карпарацыі асоб, звязаных агульнай прафесіяй або выкананнем культу (К. жрацоў, ветэранскія, рамеснікаў і інш.). На чале К. быў выбарны магістр (кожныя 5 гадоў спіс членаў К. пераглядаўся).

т. 7, с. 458

КАЛЕ́ГІУМ (ад лац. collegium таварыства, садружнасць),

закрытая сярэдняя, радзей вышэйшая навуч. ўстанова ў 16—19 ст. Адкрывалі К. пераважна езуіты. Лічыліся свецкімі, аднак сістэма навучання была падпарадкавана інтарэсам ордэна (гл. Езуіцкае выхаванне). Вывучаліся: тэалогія, лац. і грэч. мовы, л-ра, геаграфія, гісторыя, сем вальных мастацтваў і інш. Адукацыя была бясплатнай і даступнай для прадстаўнікоў інш. канфесій. Поўны К. уключаў 5—6-гадовы курс сярэдняй школы (ніжэйшае і вышэйшае аддзяленні), 3-гадовы курс філасофіі, 4-гадовы — тэалогіі. На Беларусі першы К. адкрыты ў 1570 у Вільні (з 1579 Віленская акадэмія). Да сярэдзіны 18 ст. іх было 16: у Полацку (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія) і Пінску поўныя, у Нясвіжы, Гродне, Мсціславе, Навагрудку, Оршы, Віцебску, Брэсце з курсам філасофіі, у Мінску, Магілёве, Слоніме, Слуцку, Бабруйску і інш. мелі статус сярэдніх навуч. устаноў. У 1773 са скасаваннем ордэна езуітаў К. перададзены Адукацыйнай камісіі. На бел. землях, якія ўвайшлі ў склад Рас. імперыі, праіснавалі да 1820. Акрамя езуіцкіх на Беларусі найб. распаўсюджанне ў 18 ст. атрымалі К. ордэна піяраў. Існавалі ў Шчучыне, Зэльве, Расонах, Драгічыне, Віцебску і інш. У пач. 1830-х г. рэарганізаваны ў прыходскія, павятовыя вучылішчы і гімназіі або зачынены.

К. уяўляў сабой комплекс разнастайных рознапавярховых будынкаў (школа, інтэрнат, касцёл, капліцы, манастыр, службовыя памяшканні і інш.). Займаў значную тэрыторыю ў цэнтры населенага месца, меў унутр. двары.

В.С.Болбас, С.А.Сергачоў.

т. 7, с. 458

КАЛЕ́ГІЯ,

1) група службовых асоб, якая мае права сумеснага вырашэння пытанняў, аднесеных да яе кампетэнцыі. Звычайна ўваходзіць у склад адм., дарадчага або распарадчага органа, суда. Гл. таксама Калегіяльнасць.

2) Добраахвотнае т-ва або аб’яднанне асоб адной прафесіі (напр., К. адвакатаў).

3) Назва вышэйшай урадавай установы ў Расіі ў 18 — пач. 19 ст.

т. 7, с. 458

КАЛЕГІЯ́ЛЬНАСЦЬ,

прынцып і метад кіравання, якое ажыццяўляецца групай упаўнаважаных асоб (калегіяй), кожны з якіх нясе персанальную адказнасць за пэўную сферу дзейнасці.

т. 7, с. 458

КАЛЕ́ГІЯ АДВАКА́ТАЎ,

гл. ў арт. Адвакатура.

т. 7, с. 458

КАЛЕ́ДЖ (англ. college),

навучальная ўстанова (вышэйшая, сярэдняя, павышаная сярэдняя) у Вялікабрытаніі, ЗША і некаторых іншых краінах. Самастойныя К. звычайна даюць агульную сярэднюю адукацыю. Могуць уваходзіць у склад ун-та (навучанне ў К. — першая ступень вышэйшай прафес. адукацыі). Узніклі ў пач. 13 ст. ў Англіі.

На Беларусі ствараюцца з 1990. Забяспечваюць паглыбленую сярэднюю спец. адукацыю, інтэграваную з агульнай сярэдняй і вышэйшай пры арыентацыі на канкрэтную галіну прафес. дзейнасці. Падрыхтоўка вядзецца на 2 узроўнях. Першы (узровень тэхнікума) рыхтуе спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй, 2-і — з паглыбленай сярэдняй адукацыяй (у праграмы ўключаны дысцыпліны, якія вывучаюцца ў ВНУ, што дазваляе пры паступленні ў ВНУ па профілі займацца па скарочанай праграме).

т. 7, с. 458