КАЛЕ́ (Calais),

горад на Пн Францыі. Адм. ц. дэпартамента Па-дэ-Кале. Каля 120 тыс. ж. з прыгарадамі (1993). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у прал. Па-дэ-Кале. Марскія пасаж. зносіны з Дуўрам (Вялікабрытанія). Мацерыковы ўваход у чыг. тунэль, які злучае Францыю з Вялікабрытаніяй. Прам-сць: маш.-буд., хім., харчовая. Стараж. выраб карункаў, цюлю, вышывак.

Узнік у 9—10 ст. на месцы рыбацкай вёскі, уладанне булонскага графа. У 1173 (паводле інш. звестак, у 1180) атрымаў гар. правы. З 13 ст. адыгрываў важную ролю ў гандлі паміж Францыяй і Англіяй. У Стогадовую вайну 1337—1453 захоплены англічанамі (1347). У 1558 адваяваны герцагам Ф.Гізам (гл. Гізы) і паводле Като-Камбрэзійскага дагавора 1559 замацаваны за Францыяй. У 1895 на ўшанаванне памяці абаронцаў горада ў 1347 устаноўлены помнік «Грамадзяне Кале» (скульпт. А.Радэн). У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны.

Да арт. Кале. Грамадзяне Кале. Помнік перад будынкам ратушы ў Кале. Скульпт. А.Радэн. 1884—88.

т. 7, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)