Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІЦІ́М,

рака ва Усх. Сібіры, правы прыток Лены, у Рэспубліцы Бурація, на мяжы яе з Чыцінскай вобл. і ў Іркуцкай вобл. Расіі. Даўж. 1837 км, пл. бас. 225 тыс. км². Утвараецца пры зліцці р. Віцімкан і Чына. Цячэ па Віцімскім пласкагор’і, Станавым нагор’і і ўскраіне Патамскага нагор’я. Утварае парогі, пры ўпадзенні ў Лену (двума гал. рукавамі) — дэльту. Асн. прытокі: Цыпа (злева), Калар (справа). Жыўленне пераважна дажджавое. Ледастаў з пачатку ліст. да 2-й дэкады мая. Сярэдні расход вады каля г. Бадайбо 1520 м³/с. Суднаходная на 300 км ад вусця. У бас. ракі радовішчы золата, слюды. На Віціме — г. Бадайбо.

т. 4, с. 236

ВІЦІ́МСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,

у Забайкаллі, у вярхоўях р. Віцім, пераважна ў Рэспубліцы Бурація і Чыцінскай вобл. Расіі. Шырокія невысокія ўвалы (выш. да 1600 м) чаргуюцца з міжгорнымі паніжэннямі. Складзена гранітамі і крышт. сланцамі; на ПдЗ — базальты; больш як 15 конусаў стараж. вулканаў.

Пашырана шматгадовая мерзлата. Азёры (у т. л. салёныя), мінер. крыніцы. У міжрэччах лістоўнічная тайга, у паніжэннях зараснікі хмызняку, лугі і балоты.

т. 4, с. 236

ВІЦІ́НА,

старадаўняе драўлянае пласкадоннае рачное судна з палубай і ветразямі для перавозкі збожжа і інш. грузаў. На Беларусі вядома з 15 ст. Даўж. 43—53 м, шырыня 4—11 м, грузападымальнасць 128—192 т. Будаваліся і выкарыстоўваліся на Нёмане, Шчары, Віліі. У 2-й пал. 19 ст. пачалі знікаць.

т. 4, с. 237

ВІ́ЦІНГ

(Віцінгс) Яўген Эдуардавіч (2.8.1884, С.-Пецярбург — 20.8.1959),

спявак (драм. тэнар) і педагог. Засл. дз. маст. Латвіі (1946) і Беларусі (1955). Праф. (1947). Вучыўся ў Мілане, дэбютаваў у П’ячэнцы (Італія, 1908). У 1907—18 саліст Марыінскага т-ра, дзе выканаў партыі Радамеса («Аіда» Дж.Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Германа («Пікавая дама» П.Чайкоўскага) і інш. З 1920 жыў пераважна ў Рызе (да 1946 саліст оперы, да 1950 педагог кансерваторыі). У 1950—59 вёў клас сольных спеваў у Бел. кансерваторыі. Сярод яго вучняў М.Ворвулеў, В.Глушакоў, М.Зюванаў, Р.Асіпенка, М.Дружына, П.Дружына, А.Самарадаў.

т. 4, с. 237

ВІ́ЦІ-ЛЕ́ВУ

(Viti Levu),

вулканічны востраў у Ціхім ак., самы буйны з а-воў Фіджы. Пл. 10,5 тыс. км². Выш. да 1322 м. Акаймаваны каралавымі рыфамі. Складзены са складкавых крышт. парод, перакрытых лавамі. Захаваліся вулканічныя конусы, якія ўтвараюць гарысты рэльеф. Клімат трапічны вільготны. Трапічныя вільготныя лясы, на падветраных схілах — саванны. Здабыча золата, марганцавых руд; лесараспрацоўкі. Вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы, бавоўнік, какосавыя пальмы. Аэрапорт. Турызм. Лясны парк Тхалаісува. Гал. горад і порт — Сува.

т. 4, с. 236

ВІ́ЦЛЕБЕН

(Witzleben) Эрвін фон (4.12.1881, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 8.8.1944),

германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал. У арміі з 1901, удзельнік 1-й сусв. вайны. Камандаваў пяхотнай дывізіяй (з 1934), 2-й групай армій (з вер. 1939), 1-й арміяй (з ліст. 1939), удзельнічаў у Французскай кампаніі 1940. З кастр. 1940 камандуючы групай армій «Д» у Францыі, з ліст. 1942 генерал для даручэнняў пры Стаўцы. Адзін з кіраўнікоў ваен. змовы супраць А.Гітлера 20.7.1944; у выпадку поспеху павінен быў стаць галоўнакамандуючым. Пакараны смерцю паводле прыгавору ваен. трыбунала.

т. 4, с. 237

«ВІ́ЦЫ»,

Саюз сельскай моладзі Польскай Рэспублікі, сялянская рэфармісцкая дэмакр. арг-цыя моладзі Польшчы і Зах. Беларусі ў 1928—48. Засн. групай дзеячаў Цэнтр. саюза сельскай моладзі. У Гал. ўправу «Віцаў» ўваходзілі З.Заленскі, Л.Лютык, І.Нецька і інш. У 1929 аб’ядноўваў 22 тыс., у 1938 каля 100 тыс. членаў. Меў моцны ўплыў у каап. руху. З 1931 заняў антыўрадавую пазіцыю. Мясц. арг-цыі «Віцаў» супрацоўнічалі з камсамольскімі арг-цыямі, удзельнічалі ў адзінафрантавых антыфаш. выступленнях 1936—37. У 1948 «Віцы» разам з інш. левымі арг-цыямі моладзі аб’яднаўся ў Саюз польскай моладзі.

У.А.Палуян.

т. 4, с. 237

ВІ́ЦЫН Георгій Міхайлавіч

(н. 23.4.1918, Масква),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1990). Вучыўся ў тэатр. вучылішчы пры Маск. маст. акадэм. т-ры 2-м (МХАТ 2-і). У 1937—69 у т-ры імя М.М.Ярмолавай. З 1945 здымаецца ў кіно. Камедыйны, вострахарактарны акцёр. Здымаўся ў фільмах: «Старая, старая казка», «Цень», «Кампазітар Глінка», «Дванаццатая ноч», «Жаніцьба Бальзамінава», «Джэнтльмены ўдачы», «Сіняя птушка», «Рукі ўгору!», стварыў ролю-маску Баязліўца ў камедыях Л.Гайдая «Зусім сур’ёзна» (навела «Пёс Барбос і незвычайны крос»), «Самагоншчыкі», «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка», «Каўказская нявольніца».

т. 4, с. 237

ВІЦЫНА́ЛЬНЫЯ ГРА́НІ

(лац. vicinalis ад vicinus суседні, блізкі, падобны),

грані крышталёў, на якіх ёсць спадзістыя пірамідальныя ўзвышэнні (віцынальныя піраміды) або ямкі. Утвараюцца пры росце крышталёў у пункце выхаду вінтавой дыслакацыі. У розных крышталёў маюць розную форму, што дае магчымасць па іх вызначаць сіметрыю ў крышталяграфіі.

т. 4, с. 237

ВІЦЬ,

Прабойная канава, рака ў Калінкавіцкім і Хойніцкім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Прыпяці. Даўж. 70 км. Пл. вадазбору 991 км². Пачынаецца каля в. Нахаў Калінкавіцкага р-на, цячэ ў Хойніцкім р-не па нізіне Гомельскае Палессе. Прытокі — невял. ручаі і меліярац. канавы. Даліна невыразная, у нізоўі зліваецца з поймай Прыпяці. Да в. Барысаўшчына Хойніцкага р-на пойма двухбаковая; яе шыр. 200—300 м. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка.

т. 4, с. 237