Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІ́ЦЕБСКІ ПОЛІТЭХНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1964 у Віцебску. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): вытв-сць радыёэлектронных сродкаў; эксплуатацыя прыбораў і апаратаў; мікраэлектроніка; праграмнае забеспячэнне інфарм. тэхналогій; камерц. дзейнасць; менеджмент; маркетынг. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 4, с. 230

ВІ́ЦЕБСКІ ПРЫЛАДАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1936 у Віцебску як іголкавы з-д (у 1917—29 прыватныя іголкавыя майстэрні). У 1951—59 з-д «Металмаш», з 1990 акц. т-ва. Дзейнічаюць цэхі: рамонтна-мех., зборачны, аддзелачна-гальванічны, бранзалетаў, энергацэх; участкі: шкла, зборкі, інструментальны. Асн. прадукцыя (1996): гадзіннікі наручныя і кішэнныя «Вымпел», карпусы для гадзіннікаў інш. марак, бранзалеты, рамяні, біжутэрыя, фурнітура, дэталі для мэблі, стэтафанендаскопы для медыцыны, царк. начынне (абклады для абразоў, крыжы).

т. 4, с. 230

«ВІ́ЦЕБСКІ РАБО́ЧЫ»,

абласная незалежная масавая газета. Выходзіць з 29.10(11.11).1917 у Віцебску на бел. (да 29.9.1929 на рус.) мове 4 разы на тыдзень.

У розныя часы выходзіла пад рознымі назвамі: «Известия Витебского губернского и городского Советов крестьянских, рабочих, соддатскнх н батрацкіх депутатов» (1918, № 15—81), «Нзвестня Витебского угоркома КП(б) Белоруссии и угорисполкома» (1924, № 106—182), «Заря Запада» (1924, № 219 — 1929, № 225) і інш. З крас. 1937 — «Віцебскі рабочы». У Вял. Айч. вайну выдавалася з 7.6.1942 спачатку на акупіраванай тэр. Беларусі, потым у прыфрантавой паласе. У пасляваен. час орган Віцебскага бел. і гар. к-таў КПБ. Са жн. 1991 незалежная. Інфармуе аб падзеях грамадскапаліт., эканам. і духоўнага жыцця Віцебшчыны. У рэгулярным дадатку «Сябрына» змяшчае матэрыялы па гісторыі Беларусі, краязнаўстве, культуры, этнаграфіі, тапаніміцы і г.д.

т. 4, с. 230

ВІ́ЦЕБСКІ РАЁН,

на У Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,8 тыс. км². Нас. 47,1 тыс. чал. (1996), гарадскога 5%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Віцебск, гар. пасёлкі Сураж і Янавічы, 386 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Акцябрскі, Бабініцкі, Варонаўскі, Вымнянскі, Задуброўскі, Замастоцкі, Запольскі, Заронаўскі, Курынскі, Лятчанскі, Мазалаўскі, Ноўкінскі, Тулаўскі, Шапечынскі.

Цэнтральную і ўсх. часткі раёна займае Віцебскае ўзвышша, на З частка Полацкай нізіны, на ПнУ — Суражская нізіна. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пераважаюць выш. 180—200 м, найвышэйшы пункт 266,8 м (каля в. Хамутоўка). Карысныя выкапні: даламіты, торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, мінер. вада. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Рака Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Лужасянка, Шэвінка, Каспля, Віцьба, Лучоса. Найб. азёры Вымна, Заронава, Янавіцкае, Сосна, Скрыдлева, Гародна, Княжно, Кастаўе. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 43% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя. Біял. заказнікі Запольскі, Мошна, Чысцік.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 124,6 тыс. га, з іх асушана 8,4 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 20 калгасаў і 10 саўгасаў, акц. т-ва. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Птушкагадоўля. Ільнаводства. Пашыраны пасевы збожжавых. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (вытв-сць цэглы), паліўнай (торф), харч. прам-сці; вытв-сць біяпрэпаратаў. Віцебскі і Суражскі лясгасы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Полацк—Віцебск—Смаленск, Невель—Віцебск—Орша, шаша Лепель—Віцебск. У раёне 22 сярэднія, 6 базавых і 9 пач. школ, саўгас-тэхнікум, СПТВ № 176, 2 муз. школы, 33 дашкольныя ўстановы, 40 клубаў, 65 б-к, 9 бальніц, 32 фельч.-ак. пункты, 2 санаторыі, 3 санаторыі-прафілакторыі, дзіцячы санаторый «Лукі». Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (1843) у в. Бараўляны, земляробчая школа 2-й пал. 19 ст. і Пакроўская царква канца 19 ст. ў в. Лужасна. Выдаецца газ. «Жыццё Прыдзвіння».

С.І.Сідор.

т. 4, с. 231

ВІ́ЦЕБСКІ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т БУ́НДА,

арганізацыя Усеагульнага яўр. рабочага саюза ў Літве, Польшчы, Расіі (гл. Бунд) у Віцебску ў 1897—1921. Створаны на аснове прафес. (цэхавых) стачачных кас. У 1903 уваходзіў у РСДРП. Спачатку не ставіў паліт. і сацыяліст. мэт і задач, дзейнасць абмяжоўваў эканам. патрабаваннямі. Паліт. агітацыю пачаў у 1900 у сувязі з рэпрэсіямі ўлад у адносінах да ўдзельнікаў рабочага руху. Садзейнічаў разгортванню с.-д. агітацыі ў суседніх павятовых гарадах і мястэчках. У рэвалюцыю 1905—07 узаемадзейнічаў з Віцебскай арганізацыяй РСДРП, з прадстаўнікоў к-та і арг-цыі РСДРП быў створаны Віцебскі кааліцыйны камітэт, які кіраваў рэв. рухам у горадзе. У 1906 і 1907 дэлегаты к-та ўдзельнічалі ў рабоце IV і V з’ездаў РСДРП. Летам 1907 к-т разгромлены, увосень 1908 адноўлены, яго дзейнасць засяродзілася на арганізацыі дробных эканам. стачак. У пач. 1914 створана Віцебская аб’яднаная арг-цыя РСДРП і Бунда, якая 11.5.1914 ліквідавана паліцыяй. У сак. 1917 арг-цыя адноўлена, у маі 1917 налічвала 650 чал. Прадстаўнікі Бунда разам з меншавікамі занялі кіруючыя пасады ў Віцебскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Кастр. рэвалюцыю к-т сустрэў варожа. У канцы 1917 — пач. 1918 удзельнічаў у выбарах на ўсерас. яўр. з’езд, выступаў супраць роспуску Устаноўчага сходу. На пач. 1919 уплыў арг-цыі ў Віцебску паменшыўся. У канцы 1919 к-т раскалоўся. Правыя бундаўцы пайшлі на саюз з мясц. сіянісцкай рабочай арг-цыяй. Частка левых бундаўцаў уступіла ў РКП(б). У 1921 к-т самаліквідаваўся.

П.К.Башко, М.В.Біч, Э.М.Савіцкі.

т. 4, с. 231

ВІ́ЦЕБСКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў Віцебску ў 1926. У гліняным гаршку былі 792 грошы пражскія сярэдзіны 14 — пач. 15 ст. Сярод манет Вацлава IV [1378—1419] 2 экз. з кантрамаркай г. Аўгсбурга, 1 — Рэгенсбурга. Грош часоў праўлення Іржы Падэбрада [1458—71] — адзіная знаходка на тэр. Беларусі. Большая частка скарбу (767 манет, 2000 г) захоўвалася ў Віцебскім аддз. Бел. дзярж. музея, астатняя — у Бел. дзярж. музеі (г. Мінск). Пасля 1941 лёс скарбу невядомы.

І.Ф.Маско.

т. 4, с. 231

ВІ́ЦЕБСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д ІМЯ́ КАМІНТЭ́РНА.

Засн. ў 1940 на базе Віцебскага чыгуналіцейна-машынабудаўнічага завода. У час Вял. Айч. вайны эвакуіраваны ў г. Саратаў (Расійская Федэрацыя). Адноўлены ў 1946. Да 1986 рэканструяваны і расшыраны. Дзейнічаюць цэхі: кавальска-нарыхтоўчы, ліцейны, мех. (2), зборачны, інструментальны, рамонтна-мех., энергацэх, зубарэзны ўчастак. Асн. прадукцыя (1996): універсальныя і спец. зубаапрацоўчыя паўаўтаматы і аўтаматы для аўтам. ліній, тавары шырокага ўжытку.

т. 4, с. 231

ВІ́ЦЕБСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д ІМЯ́ С.М.КІ́РАВА,

«ВІСТАН». Створаны ў 1918 на базе армейскіх майстэрняў (дзейнічалі з 1914) як з-д с.-г. машын. З 1922 з-д «Чырвоны металіст» у складзе Віцебскага аб’яднання металаапр. прадпрыемстваў. З 1934 металаапр. з-д імя Кірава. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў Арэнбург (Расія). Адноўлены ў Віцебску ў 1945. За пасляваен. гады з-д вырас у буйное станкабуд. прадпрыемства, самае вял. ў Беларусі па вытв-сці прэцызійнага абсталявання. У 1986—89 галаўное прадпрыемства Віцебскага станкабуд. вытв. аб’яднання. З 1989 ВА «ВІСТАН». Дзейнічаюць загатоўчы, ліцейны, механічныя і зборачны цэхі. Асн. прадукцыя (1996): круглашліфавальныя бясцэнтравыя аўтаматы і паўаўтаматы высокай і асабліва высокай дакладнасці, спец. станкі на іх базе, суперфінішныя цэнтравыя і бясцэнтравыя паўаўтаматы і аўтаматы, шараапрацоўчыя станкі, шматмэтавыя фрэзерна-свідравальнарасточныя станкі з лікавым праграмным кіраваннем, камплект абсталявання для апрацоўкі акулярных лінзаў, дрэваапр. абсталяванне, універсальныя малагабарытныя металарэзныя станкі і інш.

т. 4, с. 231

ВІ́ЦЕБСКІ СТАНКАІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1920 як Віцебскі механіка-будаўнічы тэхнікум. У 1922 рэарганізаваны ў механіка-будаўнічы практычны ін-т; у 1923 зноў механіка-будаўнічы, з 1924 электрамех. тэхнікум; у 1933—41 механіка-энергетычны палітэхнікум. У 1945 аднавіў работу як станкаінструментальны тэхнікум. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання; тэхн. абслугоўванне тэхнал. абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытв-сці. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і вячэрняе.

т. 4, с. 232

«ВІ́ЦЕБСКІ СШЫ́ТАК»,

гістарычны навук.-папулярны часопіс. Выходзіць з 1995 у Віцебску на бел. мове. Заснавальнікі: Віцебскі абл. краязн. музей, Віцебскае абл. краязн. аб’яднанне. Асвятляе пытанні гісторыі і культуры Віцебшчыны, публікуе малавядомыя факты, крыніцы матэрыяльнай і духоўнай культуры рэгіёна.

Л.У.Хмяльніцкая.

т. 4, с. 232