ВІ́ЦЕБСКІ БАЛЕ́Т ПІЁНА,
трупа, якая працавала ў 1844—47 у Віцебску пад кіраўніцтвам польск. балетмайстра М.Піёна. У рэпертуары пастаўленыя ім балеты-дывертысменты «Вяселле ў Айцове» К.Курпінскага і Ю.Дамсе, «Дзве статуі» Ю.Эльснера, «Чарадзейная флейта, або Танцоўшчыкі паняволі» Маковеца і інш. Ставіліся таксама жывыя карціны, камедыі і вадэвілі на рус., польск, і франц, мовах. У асн. складзе трупы былі браты Адольф, Морыс і Уладзіслаў Піёны, муж і жонка Кос, Царова, Я.Чаховіч, а таксама кардэбалет з прыгонных сялян, адпушчаных у горад, і некалькіх запрошаных артыстаў. Суправаджаў спектаклі мясц. аркестр пад кіраўніцтвам скрыпача-віртуоза Г.П.Ягемана (Ягнова).
Г.І.Барышаў.
т. 4, с. 226
ВІ́ЦЕБСКІ ВАРВА́РЫНСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неараманскага стылю. Першапачаткова мураваны касцёл быў пабудаваны ў 1785 на каталіцкіх могілках, побач — мураваная капліца (у 1800 новая) і драўляны дом-плябанія. Пабудовы мелі мураваную агароджу з трохпралётнай уязной брамай. У 1885 касцёл перабудаваны (інж.-арх. В.Піятроўскі), стаў 3-нефавай 2-вежавай базілікай. У цэнтры гал. фасада — арачны партал з трохвугольным франтонам, над ім 3 арачныя нішы. Двух’ярусныя вежы завершаны высокімі шатрамі. Першы ярус вежаў 4-гранны, кожная з граней прарэзана трохарачнымі праёмамі, другі — 6-гранны, кожная грань мае па аднаму арачнаму праёму, скошаная і завершана трохвугольным франтонам. Ярусы аддзяляюцца карнізам з шырокім арнаментальным поясам. У дэкоры неатынкаваных фасадаў касцёла выкарыстаны дэталі з лякальнай цэглы: карнізы з зубчастым поясам, аркатурны пояс, пілястры, калонкі, нішы і інш. У Вял. Айч. вайну будынкі і агароджа часткова разбураны. У 1990 рэстаўрыраваны.
Т.І.Чарняўская.
т. 4, с. 226
ВІ́ЦЕБСКІ ГАСЦІ́НЫ ДВОР.
Існаваў у Віцебску ў 17 ст. Пабудаваны з дрэва на тэр. Узгорскага замка ў комплексе з 89 крамамі і складамі, якія ўтваралі прамавугольную ў плане гандлёвую плошчу, забудаваную з чатырох бакоў і злучаную з Верхнім замкам мостам цераз р. Віцьба. Гал. квадратны ў плане будынак быў завершаны высокім вальмавым дахам з бельведэрам і балюстрадай вакол яго. Бельведэр быў накрыты купалам, завершаным галоўкай на васьмерыку, увянчаны шпілем з гарадскім гербам. Каля будынка размяшчалася важніца, дзе захоўваліся гарадскія вагі, 7 камор для тавараў, стайня. Двор адлюстраваны на «Чарцяжы» Віцебска 1664. Будынак апісаны ў інвентары Віцебска сярэдзіны 17 ст.
т. 4, с. 226
ВІ́ЦЕБСКІ ГІСТПА́РТ,
камісія па вывучэнні гісторыі кампартыі і Кастр. рэвалюцыі пры Віцебскім губкоме РКП(б). Існаваў з пач. 1922 да сак. 1924. Створаны на аснове пісьма ЦК РКП(б), у якім прапанавалася «неадкладна прыступіць да арганізацыі абласных і губернскіх гістпартаў». Узначальваў чл. губкома партыі С.М.Крылоў. Гал. кірункі работы камісіі — абследаванне архіваў і выяўленне матэрыялаў па гісторыі рэв. барацьбы, збор і публікацыя ўспамінаў старых бальшавікоў і ўдзельнікаў рэв. руху на Віцебшчыне. Асобныя матэрыялы друкаваліся ў час. «Коммунистический труд». Віцебскі гістпарт выпусціў кнігу мемуараў Б.Д.Пінсана «Бальшавікі ў Віцебску» (1922) і зб. успамінаў, артыкулаў і матэрыялаў «Чырвоная быль» (1923), у які ўвайшлі ўспаміны ўдзельнікаў барацьбы за сав. ўладу ў губерні Б.Брэслава, Я.Гоба, Крылова і інш., матэрыялы пра рэв. падзеі ў лют.—кастр. 1917 і ўстанаўленне сав. улады ў губерні. Віцебскі гістпарт ліквідаваны ў сувязі з уваходам Віцебскай губ. ў склад БССР.
У.М.Міхнюк.
т. 4, с. 227
ВІ́ЦЕБСКІ ГУБЕ́РНСКІ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у Віцебску з мая 1922 да вер. 1924. Да лета 1922 наз. Першы віцебскі юнацкі губ. паказальны т-р. Створаны на аснове Юнацкай драм. студыі (дзейнічала пры Віцебскім к-це дапамогі чырвонаармейцам, у 1919—22). Абслугоўваў шпіталі і вайск. часці горада, наладжваў спектаклі для дзяцей, вучнёўскай і рабочай моладзі. Узначальвалі калектыў рэж. Б.Шадурскі; рэжысёры Р.Брын і М.Кусільман; з лета 1922 маст. кіраўнік Б.Бертэльс. Аснову рэпертуару складала рус. і зарубежная класіка, у т. л. «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.Гогаля, «Беднасць не загана», «Васіліса Мяленцьева» і «Цяжкія дні» А.Астроўскага, «Лекар паняволі» Мальера, ставіліся першыя сав. п’есы.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1985. Т. 2. С. 114—115.
т. 4, с. 227
ВІ́ЦЕБСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МАСТА́ЦКА-ПРАКТЫ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,
назва ў 1922—23 Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.
т. 4, с. 227
ВІ́ЦЕБСКІ ДОМ-КАМУ́НА.
Пабудаваны ў Віцебску ў 1927—29 (арх. А.Вышалескі). Задуманы як зручнае эканам. жыллё для працоўных, разлічаны на 280—300 чал. Першая на Беларусі пабудова такога тыпу. 4-павярховы будынак са складанай канфігурацыяй плана мае цэнтр. аб’ём і бакавыя крылы. На фоне гладкай паверхні сцен з пілястрамі нязначнага выступу кантрастна вылучаюцца 2 вынесеныя за план дома і закругленыя аб’ёмы лесвічных клетак. У час Вял. Айч. вайны будынак згарэў. Пасля рэканструяваны ў жылы дом.
А.А.Воінаў.
т. 4, с. 227
ВІ́ЦЕБСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у Віцебску з 17 ст. па 1820. Езуіты пасяліліся ў Віцебску ў 1639, калі смаленскі ваявода А.Корвін-Гасеўскі падарыў ім прыстань на Зах. Дзвіне і землі (1 тыс. кв. міль) на Смаленшчыне. Віцебскім езуітам матэрыяльна дапамагаў Аршанскі езуіцкі калегіум, свецкія феадалы ахвяравалі маёнткі. У 1649 езуіты пабудавалі ў Віцебску касцёл, у калегіуме пачалося навучанне, з 1676 існавала муз. бурса. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Віцебскі езуіцкі калегіум двойчы спыняў дзейнасць, у 1708 будынкі згарэлі. У 1731 адбудаваны. З 1756 пры калегіуме дзейнічалі семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня, тэатр, аптэка (1697). Закрыты паводле ўказа імператара Аляксандра І ад 13.3.1820 аб высылцы езуітаў з Рас. імперыі.
Т.Б.Блінова.
т. 4, с. 227
ВІ́ЦЕБСКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ СПЕЦЫЯЛІ́СТАЎ,
помнік архітэктуры 1930-х г. Пабудаваны ў Віцебску ў 1932—35 (арх. С.Прэзьма) як жылы дом для вядучых спецыялістаў горада. Дамы такога тыпу ў СССР (усяго 66, з іх 3 у БССР) ствараліся па спец. праектах, якія прадугледжвалі павелічэнне плошчы пакояў, палепшанае абсталяванне быт. памяшканняў. У кампазіцыі будынка выкарыстаны прыём вылучэння вуглавой павярховай часткі, якой проціпастаўляецца прадаўгаваты 4-павярховы аб’ём. Выразнасць фасадаў дасягаецца рытмічнай групоўкай акон, балконаў з глухімі агароджамі, лоджый, эркераў.
А.А.Воінаў.
т. 4, с. 227
ВІ́ЦЕБСКІ ЗАВО́Д ЗАТО́ЧНЫХ СТАНКО́Ў,
«Візас». Засн. ў 1944 у Віцебску на базе Клінскага чыгуналіцейнага з-да (Маскоўская вобл.), які ў 1941 быў эвакуіраваны ў г. Беларэцк (Башкірыя), а ў снеж. 1944 перавезены ў Віцебск. З 1945 з-д заточных станкоў, з 1992 арэнднае прадпрыемства «Візас». Асн. прадукцыя (1996): станкі заточныя для металарэзнага інструменту, металарэзныя, для апрацоўкі оптыкі акуляраў, дрэваапрацоўчыя.
т. 4, с. 227