Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУТО́РЫ

(Neomys),

род млекакормячых сям. землярыйкавых. 2 віды: К. звычайная, або вадзяная (N. fodiens), і К. малая (N. anomalus). Пашыраны ў Еўразіі. Жывуць каля вадаёмаў, добра плаваюць і ныраюць. На Беларусі — абодва віды, К. малая больш рэдкая, трапляецца пераважна на Пд.

Даўж. цела да 10 см, хваста да 8 см, маса да 20 г. Поўсць чорная або бурая, на брушку белая або шараватая, кароткая, аксаміцістая. Пыска падоўжаная з вібрысамі. На задніх лапах плавальная аблямоўка з цвёрдых валаскоў. Кормяцца насякомымі, чарвямі, жабамі, ікрой, маляўкамі рыб. Гнёзды ў норах або на купінах у траве. Нараджаюць да 14 дзіцянят.

Э.Р.Самусенка.

Кутора звычайная.

т. 9, с. 60

КУТРУ́ХІН Канстанцін Пракопавіч

(1.2.1916, в. Удзельны Шумец Чэбаксарскага р-на, Чувашская Рэспубліка, Расія — 27.6.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1943. Камандзір аддзялення сяржант К. вызначыўся пры фарсіраванні Зах. Дзвіны ў Віцебскай вобл.: у баі за в. Хадакова Ушацкага р-на закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. На месцы подзвігу мемар. знак.

К.П.Кутрухін.

т. 9, с. 60

КУТУ́ЗАЎ Мікалай Васілевіч

(н. 17.4.1926, Масква),

расійскі харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Нар. арт. Расіі (1975). Нар. арг. СССР (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950, клас У.Сакалова). З 1950 хормайстар, з 1954 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Акад. хору рус. песні Дзярж. тэлебачання і радыё Расіі. З 1975 выкладае ў Рас. акадэміі музыкі (з 1985 праф.). Аўтар песень і харавых твораў. Апрацаваў для хору больш за 300 рус. нар. песень. Дзярж. прэмія Расіі 1982.

т. 9, с. 60

КУТУ́ЗАЎ, Галянішчаў-Кутузаў Міхаіл Іларыёнавіч (16.9 1745, С.-Пецярбург — 28.4.1813), расійскі палкаводзец, дыпламат. Ген.-фельдмаршал (1812), святлейшы́ князь Смаленскі (1812). Вучань А.В.Суворава. Скончыў артыл.-інж. школу ў Пецярбургу (1759). Удзельнік экспедыцый рас. войск у Рэч Паспалітую 1764—65, 1769 і 1792, рус.-тур. войнаў 1768—74 (у выніку ранення страціў правае вока) і 1787—91. У 1776—79 памочнік Суворава ў Крыме. У 1792—94 пасол у Канстанцінопалі (Стамбуле). З 1795 камандуючы рас. сухап. войскамі, флотам і крэпасцямі ў Фінляндыі. У 1799—1801 і 1809—11 літоўскі, у 1801—02 пецярбургскі ваен. губернатар, потым да жн. 1805 у адстаўцы. Галоўнакамандуючы рас. войскамі ў руска-аўстра-французскую вайну 1805 (гл. таксама Аўстэрліцкая бітва), рус.-тур. вайну 1806—12 (з сак. 1811 дамогся заключэння Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812) і вайну 1812 (са жн., у т.л. правёў Барадзінскую бітву 1812). У час Бярэзінскай аперацыі 1812 быў у Копысі, потым у мяст. Круглае, Жукавец, Радашковічы і інш. месцах. У звароце да жыхароў ВКЛ (8 снеж. 1812), а таксама ў лістах П.В.Чычагаву (9 снеж.) і А.Л.Гарчакову (28 снеж.) патрабаваў, каб рас. войскі не пакідалі жыхароў бел. губерняў без харчавання, не чынілі ім крыўды. З лют. 1813 галоўнакаманд. саюзнымі рас. і прускімі войскамі (гл. Замежныя паходы рускай арміі 1813—14); памёр у г. Бунцлаў (цяпер Баляславец, Польшча). Пахаваны ў Казанскім саборы ў Пецярбургу, каля якога яму пастаўлены помнік. З 1942 вышэйшыя камандзіры Сав. Арміі ўзнагароджваліся ордэнамі К. трох ступеней (захаваўся ў арміі Рас. Федэрацыі).

Тв.:

Письма, записки. М., 1989.

Літ.:

Жилин П.А Фельдмаршал М.И.Кутузов: Жизнь и полководческая деятельность. 3 изд. М., 1987.

У.Я.Калаткоў.

М.І.Кутузаў.

т. 9, с. 60

КУТШЭ́БА (Kutrzeba) Станіслаў

(15.11.1876, г. Кракаў, Польшча — 7.1.1946),

польскі гісторык. Чл. Польскай АН у Кракаве (1918). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1898), з 1908 праф. гісторыі права ў ім. У 1926—39 ген. сакратар, у 1939 прэзідэнт Польскай АН у Кракаве. У 2-ю сусв. вайну вязень канцлагера Заксенгаўзен (1939—40), арганізатар падп. ун-та ў Кракаве (1942). Чл. Краёвай Рады Нарадовай (1945), удзельнік міжнар. канферэнцыі ў Маскве, у выніку якой створаны Часовы ўрад нац. адзінства. Даследаваў гісторыю дзяржавы і права Польшчы і Рэчы Паспалітай. Аўтар прац: «Суды земскія і гродскія ў сярэднія вякі» (1901—02), «Нарыс гісторыі дзяржаўнага і грамадскага ладу Польшчы» (т. 1—4, 1905—17), «Старажытнае польскае судовае права» (т. 1—2, 1921), «Гісторыя крыніц старажытнага польскага права» (т. 1—2, 1925—26). Выдаў зб. дакументаў: «Акты уніі Польшчы з Літвой 1385—1791» (1932, з У.Сямковічам), «Польскія вайсковыя палажэнні і артыкулы з XV да XVIII ст.» (1937) і інш.

т. 9, с. 60

КУТЫ́КУЛА

(ад лац. cuticula скурка),

1) у жывёл — шчыльнае няклетачнае ўтварэнне на паверхні клетак эпітэліяльнай тканкі. У беспазваночных К. — вытворнае клетак аднаслойнага покрыўнага эпітэлію; выконвае пераважна ахоўную і апорную функцыі. Можа цвярдзець (напр., у членістаногіх), таму на працягу росту арганізма час ад часу скідаецца (гл. Лінька). Складаецца з хіціну, які разам з мінер. рэчывамі і бялкамі надае мех. трываласць, і ліпідаў, што спрыяюць яе воданепранікальнасці. У пазваночных К. — сукупнасць мікраварсінак на паверхні эпітэліяльных клетак, што высцілаюць унутр. органы (напр., кішэчнік, ч. мачавых канальцаў нырак і інш.). Удзельнічае ў функцыянаванні органа. 2)У раслін — слой тлушчавага рэчыва (кутыну), што пакрывае суцэльнай плеўкай паверхню надземных (пераважна лісця, сцёблаў, некат. пладоў) органаў многіх раслін. Малапранікальная для водных раствораў, газаў, патагенных арганізмаў. Будова К. вызначае ахоўныя ўласцівасці эпідэрмы і залежыць ад умоў асяроддзя і ўзросту расліны Напр., гладкая і бліскучая К. лісця трапічных раслін ахоўвае іх ад празмернага выпарэння вады і перагрэву. Моцная К — характэрная прыкмета ксерафітаў.

т. 9, с. 60

КУТЫ́Н,

воскападобнае рэчыва, што выдзяляецца клеткамі эпідэрмісу раслін і адкладваецца (разам з воскам) у выглядзе плеўкі-кутыкулы на вонкавай паверхні клетачнай абалонкі. Па хім. будове — сумесь вышэйшых карбонавых оксікіслот і іх эфіраў. Устойлівы да знешніх уздзеянняў ахоўвае расліны ад страты вады і пашкоджання мікраарганізмамі.

т. 9, с. 60

КУ́УЗІК (Kuusik) Ційт

(Дзітрых; 11.9.1911, г. Пярну Эстонія — 15.8.1990),

эстонскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. СССР (1954). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1938). Да 1940 саліст Венскай оперы. У 1944—88 (з перапынкам) саліст т-ра оперы і балета «Эстонія» (Талін). З 1940 выкладаў у Талінскай кансерваторыі (з 1947 праф). Валодаў голасам вял. дыяпазону з багатай тэмбравай афарбоўкай. Выконваў партыі высокага баса і лірычнага барытона: Раю і Вамба («Пясняр свабоды» і «Агні помсты» Э.Капа), Яўген Анегін (аднайм. опера П.Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь Ігар (аднайм. опера А.Барадзіна), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж. Расіні), Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж. Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў у Вене (1938). Сярод вучняў Г.Отс. Дзярж. прэміі Эстоніі 1949, 1959, 1967. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.

т. 9, с. 60

КУ́УСБЕРГ (Kuusberg) Пауль

(н. 30.4.1916, Талін),

эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1972). Герой Сац. Працы (1984). Дэбютаваў у 1948 як літ. крытык. Першы раман «Каменныя сцены» (1956) пра жыццё рабочых Эстоніі напярэдадні падзей 1940. У раманах «Другое «я» Энна Кальма» (1960), «У разгары лета» (1966), «Адна ноч» (1972) асэнсаванне падзей Вял. Айч. вайны, іх уплыву на духоўнае станаўленне асобы. Актуальныя сац. і маральна-этычныя праблемы сучаснасці — у раманах «Здарэнне з Андрэсам Лапетэусам» (1963), «Кроплі дажджу» (1976), аўтабіягр. рамане ў навелах «Бульвар свабоды» (1971), зб-ках апавяданняў «Усмешка» (1971), «Хто яны былі?» (1986) і інш. Проза К. адметная публіцыстычнай завостранасцю, разнастайнасцю маст. форм і прыёмаў апавядання, іроніяй, гратэскавасцю і гумарам. Аўтар кніг літ.-крытычных артыкулаў «Устаўляю слова» (1959), «Пра час, грамадзяніна свету і іншае» (1967). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.Клышка, А.Кулакоўскі, Б.Сачанка. Дзярж. прэміі Эстоніі 1965, 1975.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1978.

П.Куусберг.

т. 9, с. 61

КУ́УСІНЕН Ота Вільгельмавіч

(4.10.1881, г. Лаўка, Фінляндыя — 17.5.1964),

фінляндскі і савецкі паліт. і дзярж. дзеяч, дзеяч міжнар. камуніст. руху. Акад. АН СССР (1958). Герой Сац. Працы (1961). Скончыў Гельсінгфорскі (Хельсінкскі) ун-т (1905). З 1904 лідэр Сацыял-дэмакратычнай партыі Фінляндыі, рэдактар яе тэарэт. органаў «Sosialistinen aikakauslehti» («Сацыялістычны часопіс», 1906—08) i «Työmies» («Работнік», 1907—16). У 1908—17 дэп. фінл. сейма. Адзін з кіраўнікоў Фінляндскай рэвалюцыі 1918 і заснавальнікаў Камуніст. партыі Фінляндыі. Дэлегат 1-га, 3—7-га кангрэсаў Камінтэрна (гл. Камуністычны Інтэрнацыянал), у 1921—39 чл. Прэзідыума і сакратар яго Выканкома. З 1922 у СССР. У 1940—56 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета Карэла-Фінскай ССР і нам. старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР. З 1941 чл. ЦК КПСС, у 1952—53 і 1957—64 чл. Прэзідыума і сакратар ЦК КПСС. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1940. Працы па гісторыі рэв. руху ў Фінляндыі, пытаннях міжнар. камуніст. і рабочага руху.

т. 9, с. 61