КУТУ́ЗАЎ, Галянішчаў-Кутузаў Міхаіл Іларыёнавіч (16.9 1745, С.-Пецярбург — 28.4.1813), расійскі палкаводзец, дыпламат. Ген.-фельдмаршал (1812), святлейшы́ князь Смаленскі (1812). Вучань А.В.Суворава. Скончыў артыл.-інж. школу ў Пецярбургу (1759). Удзельнік экспедыцый рас. войск у Рэч Паспалітую 1764—65, 1769 і 1792, рус.-тур. войнаў 1768—74 (у выніку ранення страціў правае вока) і 1787—91. У 1776—79 памочнік Суворава ў Крыме. У 1792—94 пасол у Канстанцінопалі (Стамбуле). З 1795 камандуючы рас. сухап. войскамі, флотам і крэпасцямі ў Фінляндыі. У 1799—1801 і 1809—11 літоўскі, у 1801—02 пецярбургскі ваен. губернатар, потым да жн. 1805 у адстаўцы. Галоўнакамандуючы рас. войскамі ў руска-аўстра-французскую вайну 1805 (гл. таксама Аўстэрліцкая бітва), рус.-тур. вайну 1806—12 (з сак. 1811 дамогся заключэння Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812) і вайну 1812 (са жн., у т.л. правёў Барадзінскую бітву 1812). У час Бярэзінскай аперацыі 1812 быў у Копысі, потым у мяст. Круглае, Жукавец, Радашковічы і інш. месцах. У звароце да жыхароў ВКЛ (8 снеж. 1812), а таксама ў лістах П.В.Чычагаву (9 снеж.) і А.Л.Гарчакову (28 снеж.) патрабаваў, каб рас. войскі не пакідалі жыхароў бел. губерняў без харчавання, не чынілі ім крыўды. З лют. 1813 галоўнакаманд. саюзнымі рас. і прускімі войскамі (гл. Замежныя паходы рускай арміі 1813—14); памёр у г. Бунцлаў (цяпер Баляславец, Польшча). Пахаваны ў Казанскім саборы ў Пецярбургу, каля якога яму пастаўлены помнік. З 1942 вышэйшыя камандзіры Сав. Арміі ўзнагароджваліся ордэнамі К. трох ступеней (захаваўся ў арміі Рас. Федэрацыі).

Тв.:

Письма, записки. М., 1989.

Літ.:

Жилин П.А Фельдмаршал М.И.Кутузов: Жизнь и полководческая деятельность. 3 изд. М., 1987.

У.Я.Калаткоў.

М.І.Кутузаў.

т. 9, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)