Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРЫКА́ТАЖНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца на вытв-сці бялізнавага і верхняга трыкатажу, панчошна-шкарпэткавых вырабаў, пальчатак, галаўных убораў, шаляў, трыкат. палатна, а таксама вырабаў мед. прызначэння. У якасці сыравіны ў Т.п. выкарыстоўваецца шарсцяная, баваўняная пража, штучны і сінт. шоўк і інш.

Выраб трыкат. адзення пачаў развівацца ў Францыі, Вялікабрытаніі і Германіі ў канцы 18 — пач. 19 ст., у Расіі — у канцы 19 ст. На Беларусі першая трыкат. ф-ка пачала працаваць у 1919 у Віцебску. У 1926 засн. невял. трыкат. майстэрня ў Гомелі, якая ў 1930 рэканструявана і расшырана ў панчошна-трыкат. ф-ку (гл. Гомельская прамыслова-гандлёвая фірма «8 Сакавіка»), У 1929—31 пабудавана Віцебская панчошна-трыкат. ф-ка (гл. Віцебскае панчошна-трыкатажнае прадпрыемства «КІМ»), У 1940 у БССР выпускалася 81 млн. пар панчошна-шкарпэткавых вырабаў, 17,4 млн. штук трыкат. бялізны, 1,2 млн. штук верхняга трыкатажу (адпаведна 16,7, 14 і 2,4% агульнасаюзнай іх вытв-сці). Пасля Вял. Айч. вайны на новай тэхн. аснове адноўлены даваен. і пабудаваны новыя спецыялізаваныя прадпрыемствы Т.п.

У 2001 на Беларусі больш за 60 прадпрыемстваў Т.п. Найбуйнейшыя з іх: Брэсцкі панчошны камбінат, Брэсцкая прамыслова-гандлёвая фірма «Элма», Пінскае прамыслова-гандлёвае аб’яднанне «Палессе» (гл. Пінскі камбінат верхняга трыкатажу), «Світанак» у Жодзіне, «Бабруйсктрыкатаж», «Купалінка» ў Салігорску і інш. У 2000 экспартавана трыкат. вырабаў на 72,9 млн. долараў, у т. л. ў краіны далёкага замежжа (Італія, Германія, ЗША, Вялікабрытанія і інш.) — на 38,5 млн. долараў. Даныя пра вытв-сць трыкат. вырабаў на Беларусі гл. ў табліцы.

П.​І.​Рогач.

Вытворчасць трыкатажных вырабаў на Беларусі
Віды прадукцыі Гады
1990 1995 2001
Панчошна-шкарпэткавыя вырабы, млн. пар:
Усяго: 175 55 90
у т. л. для дзяцей 51 11 21
Трыкатажныя вырабы, млн. штук:
Усяго: 169 39 49
у т. л. для дзяцей 87,8 20 21
Верхні спартыўны трыкатаж, млн. штук 25,7 3,6 6,3

т. 15, с. 547

ТРЫКУ́ТНІК (лац. Triangulum),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Знаходзіцца паміж сузор’ямі Андрамеды, Рыб, Оўна і Персея. Найб. яркія зоркі 3,0 і 3,4 візуальнай зорнай велічыні; 15 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У сузор’і Т. знаходзіцца адна з самых блізкіх і найб. даследаваных галактык (М 33). З тэр. Беларусі відаць летам, увосень і зімой. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Трыкутнік.

т. 15, с. 548

ТРЫЛАБІ́ТЫ (Trilobita),

клас выкапнёвых беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. 2 падкл.: міямеры і палімеры. Каля 1,5 тыс. родаў. Жылі ў кембрыі — пермі ў морах у зонах глыбакаводнага шэльфа. Лічынкі вялі планктонны спосаб жыцця, пазней — донны. На Беларусі шматлікія рэшткі Т. выяўлены ў адкладах ардовіку (асабліва ніжняга), сілуру і ніжняга дэвону, рэдка ў верхнедэвонскіх і каменнавугальных адкладах. Па выкапнёвых рэштках вызначаюць узрост геал. адкладаў.

Цела эліпсоіднай формы даўж. да 75 см. падзялялася ўздоўж дзвюма падоўжнымі барознамі. Са спіны ўкрыта тонкім хіцінавым панцырам. Галава накшталт паўмесяца з 5 парамі канечнасцей і вял. фасетачнымі вачамі. Тулава і хваставы аддзел мелі рухомыя сучлененыя сегменты, што давала магчымасць жывёле пры небяспецы згортвацца.

Трылабіт.

т. 15, с. 548

ТРЫЛАТЭРА́ЦЫЯ (ад лац. trilaterus трохбаковы),

метад вызначэння становішча апорных геадэзічных пунктаў; заключаецца ў стварэнні на мясцовасці сістэм сумежна размешчаных трохвугольнікаў, каардынаты вяршынь і вуглы якіх вылічваюць, даўжыні бакоў вызначаюць дальнамерам. Назначэнне Т. тое, што і трыянгуляцыі.

т. 15, с. 548

ТРЫ́ЛЕР (ад англ. thrill нервовае ўздрыгванне, хваляванне),

асаблівы тып прыгодніцкіх фільмаў, літ. твораў, у якіх спецыфічныя сродкі павінны выклікаць у гледача ці чытача моцныя эмоцыі (трывожнае чаканне, непакой, страх і інш.). Элементы Т. выкарыстоўваюць таксама ў дэтэктывах, «фільмах жахаў», гангстэрскіх і «чорных» фільмах (крымінальныя фільмы, прасякнутыя адчуваннем безвыходнасці, ірацыянальнасці зла). У Т. акцэнт робіцца на псіхал. перажыванні персанажаў, звязаных са злачынствам. Шырока выкарыстоўваецца сюжэтны прыём зацягвання драм. паузы, якая выклікае нервовы непакой, а таксама модныя выразныя сродкі — натуралістычныя падрабязнасці, шумавыя эфекты, спец. муз. афармленне і інш. Адзін з першых гукавых Т. — «М» («Забойца»; 1931, рэж. Ф.​Ланг). Сцвярджэнне Т. ў кіно звязана з творчасцю англа-амер. рэж. А.​Хічкака: фільмы «Жыхар» (1926), «Рэбека» (1940), «Псіхоз» (1960) і інш. Вядомасць набылі таксама Т. «Прабачце, вы памыліліся нумарам» (1948, рэж. А.​Літвак), «Ліфт на эшафот» (1957, рэж. Л.​Маль), «Маўчанне ягнят» (1991, рэж. Дж.​Дэме), «Сем» (1995, рэж. Д.​Фінчэр), «Экзістэнцыя» (1999, рэж. Д.​Кроненберг) і інш.

т. 15, с. 548

ТРЫЛЕ́СІНА,

вёска ў Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр Першамайскага с/с і саўгаса. За 12 км на ПдЗ ад г.п. Дрыбін, 48 км ад Магілёва, 23 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 1317 ж., 411 двароў (2002). Безалкагольных напіткаў і макаронны цэхі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 15, с. 548

ТРЫЛО́ГІЯ (грэч. trilogia),

тры адносна самастойныя творы, якія аб’ядноўваюцца ў адзіны цыкл агульнасцю ідэйнай задумы, галоўных герояў і пераемнасцю сюжэта.

Узнікла ў тэатры Стараж. Грэцыі. У ант. эпоху Т. называлі цыкл з 3 трагедый (напр., «Арэстэя» Эсхіла). У л-ры новага часу побач з драм. Т. развіваецца эпічная; у 20 ст. яна становіцца асн. відам Т. (творы А.​Талстога, М.​Горкага, В.​Васілеўскай, М.​Пуйманавай, У.​Фолкнера).

Мера злучанасці асобных частак паміж сабою тут бывае розная. У Т. «На ростанях» («У Палескай глушы», «У глыбі Палесся», «На ростанях») Я.​Коласа часткі цесна ўзаемазвязаны: вытрымліваецца адзіны кампазіцыйны план; біяграфія гал. героя, яго духоўнае станаўленне паслядоўна праходзяць праз увесь твор, які набывае маст. цэласнасць. У Т. «Шэметы» («На парозе будучыні», «Гарадок Устронь», «Шэметы») М.​Лобана, «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах» і «Сорак трэці» (не мае агульнай назвы) І.​Навуменкі часткі даволі самастойныя. Тут дзейнічае шэраг герояў буйнога плана, якія ў розных частках займаюць рознае месца ў сюжэце. Т. — разнавіднасць архітэктанічнай формы (гл. Архітэктоніка), якая можа аб’ядноўваць 2, 4, 5 твораў (дылогія, тэтралогія, пенталогія). Расчляненне літ. цэлага на 3 асобныя творы-часткі абумоўліваецца разгорнутасцю задумы, вял. аб’ёмам матэрыялу, своеасаблівасцю сюжэта і кампазіцыі, а таксама імкненнем зрабіць твор больш зручным для ўспрымання чытачом.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 15, с. 548

ТРЫЛЬЁН (франц. trillion),

тысяча мільярдаў, лік, які ў дзесятковым запісе мае выгляд адзінкі з 12 нулямі (лік 10​12). У некаторых краінах Т. наз. лік 10​18.

т. 15, с. 548

ТРЫМБЛ (Trimble) Уільям Дэйвід (н. 15.10.1944, г. Белфаст, Вялікабрытанія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Паўн. Ірландыі. З 1975 дэп. Паўн.-Ірл. канстытуцыйнага канвента ад пратэстанцкай арг-цыі Авангард юніянісцкай прагрэс. партыі. З 1977 чл. гал. партыі пратэстанцкай большасці Паўн. Ірландыі — Ольстэрскай юніянісцкай партыі, з 1995 яе ген. сакратар. З 1990 дэпутат брыт. парламента. З вер. 1997 вёў перагаворы з гал. арг-цыяй каталіцкай меншасці Паўн. Ірландыі — Шын Фейн і яе лідэрам Дж.​Х’юмам, якія скончыліся ў крас. 1998 падпісаннем мірнага пагаднення аб спыненні паўн.-ірл. міжрэліг. канфлікту. З чэрв. 1998 прэм’ер-міністр урада Паўн. Ірландыі. Нобелеўская прэмія міру 1998 (з Х’юмам).

т. 15, с. 548

ТРЫМЕ́СТР (ад лац. trimestris трохмесячны),

частка вучэбнага года ў навуч. установах шэрагу замежных краін (Вялікабрытанія, часткова ЗША і інш.) працягласцю 10—12 тыдняў.

т. 15, с. 548