Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРЭАНІ́Н,

незаменная амінакіслата, вытворнае маслянай кіслаты. Уваходзіць у састаў амаль усіх бялкоў. Белае крышт. рэчыва, добра раствараецца ў вадзе. Здольны да ўтварэння эфіраў фосфарнай і арган. к-т. У раслінах і мікраарганізмах утвараецца з аспартату. Чалавеку неабходна 0,5—1 г Т. ў суткі (атрымлівае з ежай — малаком, яйкамі, мясам, рыбай).

т. 16, с. 13

ТРЭ́БНІК,

праваслаўная богаслужэбная кніга, якая змяшчае тэксты царк. службаў і выкладае парадак ажыццяўлення трэб — набажэнстваў, якія не ўваходзяць у сутачны богаслужэбны цыкл і праводзяцца па просьбе асобных вернікаў (хрышчэнне, вянчанне, ялееасвячэнне, адпяванне, паніхіда, малебен, асвячэнне дома і інш.).

т. 16, с. 13

ТРЭГАЛО́ЗА,

дыцукрыд, які складаецца з 2 астаткаў глюкозы. Вылучана са спарынні, ёсць таксама ў многіх водарасцях, вышэйшых грыбах, некат. вышэйшых раслінах. Асн. вуглявод гемалімфы многіх насякомых, сінтэзуецца ў тлушчавым целе насякомых.

т. 16, с. 13

ТРЭД-ЮНІЁНЫ (англ. trade-unions ад trade рамяство, прафесія + union аб’яднанне, саюз),

назва прафесійных саюзаў у Вялікабрытаніі і шэрагу інш. англамоўных краін. Узніклі ў канцы 18 ст. паводле цэхавага прынцыпу як аб’яднанні ўзаемадапамогі кваліфікаваных рабочых, неўзабаве перайшлі да забастовачнай барацьбы. У 1799—1824 дзейнічалі нелегальна. Значная ч. Т.-ю. уваходзіць у Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. Пераважная большасць Т.-ю. традыц. прытрымліваецца ідэалогіі рэфармізму. З дзейнасцю брыт. Т.-ю. у 19 ст. звязана ўзнікненне ў марксісцкай л-ры тэрміна «трэд-юніянізм» для абазначэння разнавіднасці рэфармізму, якая абмяжоўвае задачы рабочага руху барацьбой за эканам. ўступкі для членаў прафсаюзаў.

т. 16, с. 13

ТРЭД-ЮНІЯНІ́ЗМ,

1) назва руху трэд-юніёнаў.

2) Тэрмін, які азначае плынь у рабочым і прафс. руху. Узнік у канцы 18 ст. ў Вялікабрытаніі. Цэнтральнае месца ў ідэалогіі Т.-ю. займае палажэнне аб неабходнасці сістэм. паляпшэння сац.-эканам., прававых, культ. умоў жыцця рабочых шляхам правядзення рэформ, без радыкальных пераўтварэнняў існуючага сац.-эканам. і грамадскага парадку. Філас. аснова — эвалюцыянізм у развіцці грамадства. У 19 ст. шырока распаўсюджаны ў шэрагу краін Еўропы і ЗША. У Расіі праваднікамі ідэалогіі Т.-ю. былі прыхільнікі «эканамізму». Яго ідэі выкарыстоўвалі тэарэтыкі «рыначнага сацыялізму» і «дэмакратычнага сацыялізму», «грамадства ўсеагульнага дабрабыту» (Дж.​Стрэчы). З канца 20 ст. перажывае крызіс.

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 13

ТРЭ́ЕР Вальфрыд Мікалаевіч (5.12.1901, г. Турку, Фінляндыя — 3.12.1984),

бел. вучоны ў галіне машыназнаўства. Чл.-кар. АН Беларусі (1959), д-р тэхн. н., праф. (1950). Скончыў Маскоўскі аўтатрактарны ін-т (1929). З 1929 у Навук. аўтаматорным ін-це, у 1939—51 у маскоўскіх Ін-це каляровых металаў і золата і Ін-це сталі. З 1955 прарэктар БПІ, з 1960 дырэктар Ін-та машыназнаўства і аўтаматызацыі АН Беларусі, з 1966 праф. Мінскага радыётэхн. ін-та. Навук. працы па праблемах надзейнасці і даўгавечнасці машын і прылад. Прапанаваў тэорыю і метад разліку падшыпнікаў качэння і інш. дэталей машын па параметры, які характарызуе іх даўгавечнасць.

Тв.:

Расчеты деталей машин на долговечность. М., 1956;

Расчет деталей машин по предельным состояниям. Мн., 1960;

Теория долговечности и надежности машин. Мн., 1964;

Методологические основы науки о надежности и долговечности технических средств. Мн., 1973.

В.М.Трэер.

т. 16, с. 14

ТРЭЗІ́НІ (Trezzini) Даменіка Андрэа (каля 1670, Астана, каля г. Лугана, Швейцарыя — 2.3.1734),

архітэктар і інжынер. З 1703 працаваў у С.-Пецярбургу. Паводле яго праектаў закладзены г. Кранштат і Аляксандра-Неўская лаўра, выканана ч. рэгулярнай планіроўкі Васільеўскага в-ва, пабудаваны Летні палац Пятра I у Летнім садзе (1710—14), Пятроўскія вароты і Петрапаўлаўскі сабор Петрапаўлаўскай крэпасці, будынак 12 калегій (1722—34; цяпер ун-т). Паводле указа Пятра I склаў «узорныя» (тыпавыя) праекты жылых дамоў для розных сац. слаёў насельніцтва. Пабудовы Т. адметныя выразнасцю планаў, сціплым дэкар. убраннем, спалучэннем буйных ордэрных элементаў з дэталямі архітэктуры барока.

Літ.:

Лисаевич И. Первый архитектор Петербурга. Л., 1971.

Д.Трэзіні. Петрапаўлаўскі сабор у Санкт-Пецярбургу.

т. 16, с. 14

ТРЭ́ЙЛЕР (англ. trailer ад trail цягнуць),

спецыялізаваны прычэп для перавозкі цяжкавагавых непадзельных грузаў. Мае нізкую ступеньчатую раму, што забяспечвае малую пагрузачную вышыню. Для змяншэння ўдзельнай нагрузкі на дарогу на кожнай восі размяшчаюць да 8 колаў малога дыяметра. Грузападымальнасць Т. да 60 т і больш. Напр., Для перавозкі энергет. абсталявання (магутных эл. генератараў, турбін і інш.) існуюць Т. грузападымальнасцю да 100 т і больш.

т. 16, с. 14

ТРЭ́ЙЛЕРНАЕ СУ́ДНА,

сухагрузнае судна для перавозкі грузаў у спец. прычэпах — трэйлерах. Загружаецца і разгружаецца праз вароты ў карме або носе, часам праз выразы ў бартах (грузавыя парты), якія герметычна зачыняюцца, з выкарыстаннем цягачоў, пад’ёмнікаў, апарэляў і пандусаў. Мацуюць трэйлеры да палубы або бартоў.

т. 16, с. 14

ТРЭК (ад англ. track след, дарожка),

1) спартыўнае збудаванне для спаборніцтваў і трэніровак па вела- і мотаспорце. Дарожка Т. (з дрэва, бетону, асфальту) складаецца з 2 прамых адрэзкаў, злучаных нахіленымі паваротамі — віражамі.

2) У фізіцы след, што пакідае зараджаная часціца ў асяроддзі, у якім яна рухаецца. Від Т. залежыць ад прыроды і ўласцівасцей часціц. Т. назіраюць з дапамогай пузырковай камеры, Вільсана камеры і інш.

т. 16, с. 14