Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРА́БСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА Дзейнічала ў 1806—54 у мяст. Трабы Ашмянскага пав. (цяпер вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл.). Вырабляла сукно салдацкае, тонкае, мерыносавае, байку, коўдры і гунькі. Размяшчалася ў 9 драўляных будынках. Мела вадзяны рухавік, фарбавальню і сукнавальню; у 1823—28 мела 36 ткацкіх станкоў, 6 часальных, 6 стрыгальных, 3 прадзільныя машыны; працаваў 221 прыгонны селянін. У 1824 выраблена 25 тыс. аршынаў сукна.

т. 15, с. 495

ТРА́БСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Трабы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1900—05 з цэглы. Двухвежавы прамавугольны ў плане храм з 5-граннай апсідай і невял. трансептам. Асн. аб’ём накрыты 2-схільным дахам, 3-ярусныя вежы — высокімі шатрамі. Крылы трансепта прылягаюць адначасова да асн. аб’ёму і апсіды, накрыты 2-схільнымі дахамі, якія з трох бакоў накрыты шчытамі. Сцены рытмічна расчлянёны контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі.

Т.​В.​Габрусь.

Трабскі касцёл.

т. 15, с. 495

ТРАБУ́ХІНА Раіса Васілеўна (н. 27.1.1930, Ташкент),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н. (1985), праф. (2001). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1955). З 1960 у Гродзенскім мед. ін-це, з 1975 у Ін-це біяхіміі Нац. АН Беларусі (у 1987—2002 заг. лабараторыі). Навук. працы па вывучэнні метабалізму водарастваральных вітамінаў пры эксперым. канцэрагенезе, біяхім. рэзістэнтнасці арганізма пры сумесным уздзеянні радыяцыі і тэхнагенных фактараў.

Тв.:

Изменение показателей пентозофосфатного пути у больных туберкулезом в условиях длительного воздействия низких доз радиации (у сааўт.). // Весці АН Беларусі. Сер. біял. навук. 1997. №3;

Обмен витамина B1 у норок в различные биологические периоды и фазы роста щенков (у сааўт.). // Проблемы экологической физиологии пушных зверей. Петрозаводск, 2000. Вып. 2.

т. 15, с. 495

ТРА́БЫ,

вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Клява, на аўтадарозе Юрацішкі—Ашмяны. Цэнтр сельсавета і аграфірмы-калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Іўе, 185 км ад Гродна, 11 км ад чыг. ст. Юрацішкі. 816 ж., 355 двароў (2002). Філіял сумеснага прадпрыемства «Рэлоіз Бел». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (1784), Трабскі касцёл.

З 1490 належала Гаштольдам, з 1543 — Радзівілам, з 1569 — каралю Рэчы Паспалітай, з 1766 — Зянковічам. У 1784 пабудавана царква. Да 1795 цэнтр гміны ў Валожынскім пав. Навагрудскага ваяв. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1806—54 дзейнічала Трабская суконная мануфактура. У 1866 цэнтр воласці, 499 ж., 78 двароў, нар. вучылішча, яўр. хедэры, царква і касцёл. У 1905—1080 ж. У 1920—22 у Сярэдняй Літве, у 1922—39 у складзе Польшчы, у Валожынскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Юрацішкаўскага раёна. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі тут 75 мірных Жыхароў, часткова спалілі вёску. З 1960 у Іўеўскім р-не.

М.​Б.​Батвіннік.

т. 15, с. 495

ТРАВАСЕ́ЯННЕ,

вырошчванне сеяных адна- і шматгадовых траў на корм і насенне на палях ці на прыродных кармавых угоддзях пры іх карэнным паляпшэнні. Асн. мэта Т. — атрыманне зялёных кармоў, сена, сенажу, сіласу, травяной мукі; павышэнне ўрадлівасці глеб, паляпшэнне структуры глебы (водапранікальнасці, водаўтрымальнай здольнасці, аэрацыі і інш.). Навук. абгрунтаванне перыяд. Т. даў В.​Р.​Вільямс. На Беларусі найб. гасп. значэнне мае Т. злакавых (цімафееўка лугавая, купкоўка зборная, аўсяніца лугавая і чырвоная, райграс пашавы і аднагадовы, лісахвост лугавы) і бабовых (віка яравая, пялюшка, сырадэля, канюшына чырвоная, белая і ружовая, рутвіца рагатая, люцэрна сіняя).

т. 15, с. 495

ТРАВАСУ́МЕСЬ,

травастой з некалькіх відаў сеяных адна- ці шматгадовых траў. Простая Т. уключае 2—5, складаная — больш за 5 відаў траў. Вылучаюць Т. кароткатэрміновыя (выкарыстоўваюцца 3—4 гады), сярэдняй працягласці (5—7 гадоў) і шматгадовыя (10—15 гадоў). Выкарыстоўваюцца пад выпас жывёлы, на зялёны корм, для нарыхтоўкі сена, сенажу, сіласу, травяной мукі, у зялёным буд-ве. У параўнанні з пасевамі траў аднаго віду Т. больш ураджайныя, менш засмечваюцца пустазеллем і псуюцца шкоднікамі, паўней выкарыстоўваюць святло, вільгаць і пажыўныя рэчывы, забяспечваюць лепшую якасць кармоў, ахвотней паядаюцца жывёлай. Віды граў падбіраюцца з улікам іх біял. уласцівасцей і аграэкалагічных патрабаванняў. Для стварэння сенажатных угоддзяў выкарыстоўваюцца травы з аднолькавым вегетацыйным перыядам і тэрмінамі праходжання феналагічных фаз. У пашавыя Т. ўключаюць травы з рознымі тэрмінамі выспявання.

т. 15, с. 495

ТРАВЕРЦІ́Н (італьян. travertino),

вапнавы туф, лёгкая порыстая асадкавая карбанатная горная парода, нацёчныя намнажэнні кальцыту. Колер светлы, жаўтавата-шэры, буравата-шэры. Порыстасць 2—40%.

Часта мае адбіткі раслін, арган. рэшткі. Утвараецца ў выніку асаджэння карбанату кальцыю (кальцыту, араганіту) з гарачых або халодных вуглякіслых крыніц. У месцах выхаду крыніц складае тэрасы і ўзгоркі. Выкарыстоўваецца як флюсавы матэрыял, абліцовачны і дэкаратыўны камень, таксама для вытв-сці цэменту, вапны, карбіду кальцыю. Радовішчы ў Італіі, Арменіі, Азербайджане, Таджыкістане, Расіі, на Украіне і інш.

т. 15, с. 495

ТРАВЕСТА́ЦЫЯ (ад франц. travestir пераапранаць),

сінкрэтычная форма нар. смеху, заснаваная на пераводзе ідэальнага, афіцыйна-высокага і сур’ёзнага ў нізкі, матэрыяльна-цялесны план; від камічнага. Асн. выяўленчы сродак Т. — амбівалентная гратэскавая вобразнасць (гл. Амбівалентнасць), першапачатковыя формы якой сфарміраваліся ў нар. культуры антычнасці, сярэдневякоўя і рэнесансу, развівалася ў мастацтве барока, бурлеска, асобных плынях рамантызму і мадэрнізму. У бел. культуры выявілася ў аўтэнтычных формах тэатралізаваных абрадаў, традыц. жанрах фальклору, дэкар.-прыкладным, тэатр. і цыркавым мастацтвах. Наглядныя формы Т. — маска і пераапрананне, імітацыя пярэваратня (каза, мядзведзь, воўк і інш.), тэатралізацыя гратэскавых аксюмаранаў (кароль у вобразе жабрака, разумны дурань і інш.). Гэтыя і інш. формы Т. характэрны для тэатралізаваных абрадаў каляндарнага (калядныя, масленічныя, велікодныя, купальскія, русаллі) і сямейнага (хрысціны, вяселле) цыклаў, карагодаў, гульняў («Жаніцьба Цярэшкі», «Прарок», «Чорт», «Яшчур»), сюжэтна-ролевых жанраў нар. танцаў («Юрка», «Бычок», «Мікіта», «Журавель» і інш.). Гратэскавы свет Т. раскрывае адноснасць і тэатральнасць афіц. іерархіі, аўтарытэты і каштоўнасці пераносіць у камічны план. Гратэскавыя формы Т. шырока выкарыстоўвалі скамарохі. У 17—18 ст. Т. была асн. формай камічных інтэрмедый у школьным т-ры, якія кантраставалі з драм. сюжэтамі асн. часткі спектакля. Камізм дасягаўся каламбурамі і наўмысным скажэннем семантыкі латыні і польскай мовы «прастаком» з народа. Прыём пераносу «высокага» стылю афіц. іерархіі ў смехавы аспект выкарыстоўваўся і ў т-ры батлейка. Эфект Т. ствараўся праз дасціпнае выкарыстанне традыц. для нар. смеху камізму здвоеных персанажаў, сэнсавым збліжэннем героя і яго дэманічна-камічнага дублёра-трыкатэра. Пазней прыёмы Т. развівалі паўпрафес. калектывы — выканаўцы нар. драмы «Цар Максімілян» і жывой батлейкі. У 20 ст. яны дапасаваны да сцэнаграфіі і тэатр. стылістыкі мадэрнісцкага і постмадэрнісцкага т-ра. Вобразныя сродкі фалькл. Т. арыгінальна выявіліся ў бел. л-ры (гл. Травесція); яе рысы захаваліся ў асобных сатыр. жанрах л-ры, выяўл., цыркавога, эстраднага, тэатр., прыкладнога і інш. відаў сучаснага мастацтва.

Літ.:

Бахтин М.М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1990;

Народны тэатр. Мн., 1983.

У.​М.​Конан.

т. 15, с. 495

ТРАВЕСЦІ́Я, травесці,

камічны жанр, заснаваны на зніжэнні высокіх хрэстаматыйных узораў класічнай паэзіі, міфалагічных або біблейскіх сюжэтаў. Узнікла ў новы час як рэакцыя на класіцызм з яго культам антычнасці і пагардай да нар. культуры. Характэрныя рысы Т.: агрубленне класічнага сюжэта, напаўненне яго быт. рэаліямі свайго часу, выкарыстанне самых нізкіх моўных пластоў, у т. л. дыялектаў.

Асабліва часта травесціравалася «Энеіда» Вергілія: у Францыі — П.​Скарон (17 ст.), у Аўстрыі — А.​Блумаўэр (18 ст.), у Расіі — М.​Осіпаў (канец 18 ст.), на Украіне — І.​Катлярэўскі (канец 18 — пач. 19 ст.); у Расіі мела таксама поспех травесційная паэма В.​Майкава «Елісей, або Раздражнёны Вакх» (18 ст.).

У бел. л-ры прыёмам зніжэння карысталіся аўтары сатыр. твораў 17—1-й пал. 18 ст. («Прамова Мялешкі», «Казане руске» і інш.). Лінію травесційных «Энеід» працягвае паэма «Энеіда навыварат». Рысы Т. мае таксама паэма «Тарас на Парнасе».

Літ.:

Лазарук М. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 15, с. 496

ТРАВЯНА́Я МУКА́,

вітамінна-бялковы корм з высушанай і размолатай травяністай масы. Захоўвае 90—95% пажыўных рэчываў сыравіны, мае 16—24% страўнага пратэіну, 35—45% безазоцістых экстрактыўных рэчываў, тлушчы, мінер. рэчывы, 200—300 мг/кг караціну, вітаміны C, E, K, групы B. У 1 кг Т.м. 0,7—0,9 кармавых адзінак. Прыгатаванне Т.м.: скошванне траў на ранніх фазах вегетацыі, здрабненне, высушванне, грануляванне. На Беларусі для Т.м. выкарыстоўваюць бабовыя (люцэрну, канюшыну, кармавы лубін, гарох, віку, сырадэлю), іх сумесі са злакавымі (цімафееўкай, аўсом, купкоўкай зборнай), таксама атаву траў і бацвінне караняплодаў. Дабаўляюць да рацыёну жывёл, уключаюць у склад камбікармоў.

т. 15, с. 496