ТРАВЕСЦІ́Я, травесці,

камічны жанр, заснаваны на зніжэнні высокіх хрэстаматыйных узораў класічнай паэзіі, міфалагічных або біблейскіх сюжэтаў. Узнікла ў новы час як рэакцыя на класіцызм з яго культам антычнасці і пагардай да нар. культуры. Характэрныя рысы Т.: агрубленне класічнага сюжэта, напаўненне яго быт. рэаліямі свайго часу, выкарыстанне самых нізкіх моўных пластоў, у т. л. дыялектаў.

Асабліва часта травесціравалася «Энеіда» Вергілія: у Францыі — П.​Скарон (17 ст.), у Аўстрыі — А.​Блумаўэр (18 ст.), у Расіі — М.​Осіпаў (канец 18 ст.), на Украіне — І.​Катлярэўскі (канец 18 — пач. 19 ст.); у Расіі мела таксама поспех травесційная паэма В.​Майкава «Елісей, або Раздражнёны Вакх» (18 ст.).

У бел. л-ры прыёмам зніжэння карысталіся аўтары сатыр. твораў 17—1-й пал. 18 ст. («Прамова Мялешкі», «Казане руске» і інш.). Лінію травесційных «Энеід» працягвае паэма «Энеіда навыварат». Рысы Т. мае таксама паэма «Тарас на Парнасе».

Літ.:

Лазарук М. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 15, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)