ТРАВЕСТА́ЦЫЯ (ад франц. travestir пераапранаць),
сінкрэтычная форма нар. смеху, заснаваная на пераводзе ідэальнага, афіцыйна-высокага і сур’ёзнага ў нізкі, матэрыяльна-цялесны план; від камічнага. Асн. выяўленчы сродак Т. — амбівалентная гратэскавая вобразнасць (гл. Амбівалентнасць), першапачатковыя формы якой сфарміраваліся ў нар. культуры антычнасці, сярэдневякоўя і рэнесансу, развівалася ў мастацтве барока, бурлеска, асобных плынях рамантызму і мадэрнізму. У бел. культуры выявілася ў аўтэнтычных формах тэатралізаваных абрадаў, традыц. жанрах фальклору, дэкар.-прыкладным, тэатр. і цыркавым мастацтвах. Наглядныя формы Т. — маска і пераапрананне, імітацыя пярэваратня (каза, мядзведзь, воўк і інш.), тэатралізацыя гратэскавых аксюмаранаў (кароль у вобразе жабрака, разумны дурань і інш.). Гэтыя і інш. формы Т. характэрны для тэатралізаваных абрадаў каляндарнага (калядныя, масленічныя, велікодныя, купальскія, русаллі) і сямейнага (хрысціны, вяселле) цыклаў, карагодаў, гульняў («Жаніцьба Цярэшкі», «Прарок», «Чорт», «Яшчур»), сюжэтна-ролевых жанраў нар. танцаў («Юрка», «Бычок», «Мікіта», «Журавель» і інш.). Гратэскавы свет Т. раскрывае адноснасць і тэатральнасць афіц. іерархіі, аўтарытэты і каштоўнасці пераносіць у камічны план. Гратэскавыя формы Т. шырока выкарыстоўвалі скамарохі. У 17—18 ст. Т. была асн. формай камічных інтэрмедый у школьным т-ры, якія кантраставалі з драм. сюжэтамі асн. часткі спектакля. Камізм дасягаўся каламбурамі і наўмысным скажэннем семантыкі латыні і польскай мовы «прастаком» з народа. Прыём пераносу «высокага» стылю афіц. іерархіі ў смехавы аспект выкарыстоўваўся і ў т-ры батлейка. Эфект Т. ствараўся праз дасціпнае выкарыстанне традыц. для нар. смеху камізму здвоеных персанажаў, сэнсавым збліжэннем героя і яго дэманічна-камічнага дублёра-трыкатэра. Пазней прыёмы Т. развівалі паўпрафес. калектывы — выканаўцы нар. драмы «Цар Максімілян» і жывой батлейкі. У 20 ст. яны дапасаваны да сцэнаграфіі і тэатр. стылістыкі мадэрнісцкага і постмадэрнісцкага т-ра. Вобразныя сродкі фалькл. Т. арыгінальна выявіліся ў бел. л-ры (гл. Травесція); яе рысы захаваліся ў асобных сатыр. жанрах л-ры, выяўл., цыркавога, эстраднага, тэатр., прыкладнога і інш. відаў сучаснага мастацтва.
Літ.:
Бахтин М.М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1990;
Народны тэатр. Мн., 1983.
У.М.Конан.
т. 15, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)