ТРАВАСЕ́ЯННЕ,

вырошчванне сеяных адна- і шматгадовых траў на корм і насенне на палях ці на прыродных кармавых угоддзях пры іх карэнным паляпшэнні. Асн. мэта Т. — атрыманне зялёных кармоў, сена, сенажу, сіласу, травяной мукі; павышэнне ўрадлівасці глеб, паляпшэнне структуры глебы (водапранікальнасці, водаўтрымальнай здольнасці, аэрацыі і інш.). Навук. абгрунтаванне перыяд. Т. даў В.​Р.​Вільямс. На Беларусі найб. гасп. значэнне мае Т. злакавых (цімафееўка лугавая, купкоўка зборная, аўсяніца лугавая і чырвоная, райграс пашавы і аднагадовы, лісахвост лугавы) і бабовых (віка яравая, пялюшка, сырадэля, канюшына чырвоная, белая і ружовая, рутвіца рагатая, люцэрна сіняя).

т. 15, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)