ТРА́БЫ,
вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Клява, на аўтадарозе Юрацішкі—Ашмяны. Цэнтр сельсавета і аграфірмы-калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Іўе, 185 км ад Гродна, 11 км ад чыг. ст. Юрацішкі. 816 ж., 355 двароў (2002). Філіял сумеснага прадпрыемства «Рэлоіз Бел». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (1784), Трабскі касцёл.
З 1490 належала Гаштольдам, з 1543 — Радзівілам, з 1569 — каралю Рэчы Паспалітай, з 1766 — Зянковічам. У 1784 пабудавана царква. Да 1795 цэнтр гміны ў Валожынскім пав. Навагрудскага ваяв. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1806—54 дзейнічала Трабская суконная мануфактура. У 1866 цэнтр воласці, 499 ж., 78 двароў, нар. вучылішча, яўр. хедэры, царква і касцёл. У 1905—1080 ж. У 1920—22 у Сярэдняй Літве, у 1922—39 у складзе Польшчы, у Валожынскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Юрацішкаўскага раёна. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі тут 75 мірных Жыхароў, часткова спалілі вёску. З 1960 у Іўеўскім р-не.
М.Б.Батвіннік.
т. 15, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)