Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРЫ (Tree) Герберт Дрэйпер Бірбам (17.12.1853, Лондан —2.7.1917),

англійскі акцёр, антрэпрэнёр, рэжысёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1876, з 1887 узначальваў т-р «Хеймаркет», у 1897—1915 — т-р «Хэр Маджэстыс». Паставіў 20 п’ес У.​Шэкспіра. Сярод інш. спектакляў: «Танцоўшчыца» Г.​Джонса (1891), «Жанчына, не вартая ўвагі» О.​Уайльда (1893), «Ірад» (1900), «Уліс» (1902), «Нерон» (1906) С.​Філіпса, «Уваскрэсенне» паводле Л.​Талстога (1903), «Пігмаліён» Б.​Шоу (1914) і інш. Пастаноўкі вылучаліся відовішчнасцю, пышнасцю, знешнімі эфектамі. Сярод роляў: Гамлет, Макбет, Рычард II (аднайм. п’есы Шэкспіра), Няхлюдаў («Уваскрэсенне»), У 1904 у Лондане заснаваў школу драм. мастацтва (пазней Каралеўская акадэмія драм. мастацтва).

т. 15, с. 541

ТРЫАЗІ́НЫ,

шасцічленныя гетэрацыклічныя злучэнні з 3 атамамі азоту ў цыкле. Адрозніваюць 1,3,5-Т. (сім. Т. — бясколерныя крышталі, tпл 86 °C), 1,2,4-Т. (несіметрычны Т. — бледна-жоўтае масла, tпл 16—17,5 °C) і 1,2,3-Т. (віцынальны Т. — бясколерныя крышталі, tпл 69,5—71 °C). Т. раствараюцца ў арган. растваральніках. Утвараюць солі з к-тамі. Найб. пашыраны вытворныя 1,3,5-Т., найважн. з іх 2,4,6-вытворныя (меламін, цыянуравая к-та, цыянурхларыд і інш.) атрымліваюць цыклатрымерызацыяй злучэнняў, што маюць цыянагрупу —C≡N, пераважна нітрылаў. Выкарыстоўваюць як гербіцыды, фарбавальнікі для цэлюлозных валокнаў, аптычныя адбельвальнікі, інсектыцыды і інш.

Трыазіны. Структурная формула: а — 1,3,5-трыазіну; б — 1,2,4-трыазіну; в — 1,2,3-трыазіну.

т. 15, с. 541

ТРЫАЦЭТА́ТНАЕ ВАЛАКНО́,

адзін з відаў ацэтатнага валакна.

т. 15, с. 542

ТРЫ́БА (лац. tribus ад tribuo дзялю, падзяляю),

у Старажытным Рыме: 1) племя. Паводле рым. традыцыі стараж. насельніцтва Рыма складалася з трох Т. — Рамнаў (лацінаў), Тыцыяў (сабінаў) і Луцэраў (этрускаў). Першапачаткова кожная Т. ўключала 100, потым 300 родаў.

2) Тэрытарыяльныя і выбарчыя акругі, што мелі 1 голас у трыбутных каміцыях (сходах па Т.). Увядзенне гэтых Т. традыцыйна прыпісваюць Сервію Тулію (сярэдзіна 6 ст. да н.э.), які падзяліў Рым з наваколлем на 4 гар. і 17 сельскіх Т. Пасля заваёвы Рымам Італіі колькасць Т. вырасла да 35.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 542

ТРЫ́БА (ад лац. tribus племя),

калена, сістэматычная (таксанамічная) катэгорыя, прамежкавая паміж падсямействам і родам. Выкарыстоўваецца для аб’яднання блізкіх родаў раслін, жывёл, бактэрый. Для лац. назваў Т. у наменклатуры раслін і бактэрый прыняты канчатак -eae, а ў заалогіі -ini. Вял. Т. падзяляюць на падтрыбы або падкалены.

т. 15, с. 542

ТРЫБА́ДЫЯ,

жаночы гомасексуалізм, тое, што лесбіянства.

т. 15, с. 542

ТРЫБАЛО́ГІЯ (ад грэч. tribos трэнне + ...логія),

назва трыбатэхнікі ў Вялікабрытаніі (дзе ўзнікла ў 1960-я г.), ЗША і інш. англамоўных краінах.

т. 15, с. 542

ТРЫБАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. tribos трэнне + ...метрыя),

метады вымярэнняў сіл або каэфіцыентаў знешняга трэння і зносу паверхняў, якія труцца. Трыбаметрычныя вымярэнні бываюць лабараторныя, пры якіх робіцца ацэнка сіл трэння і зносаўстойлівасці матэрыялаў, і натурныя, калі ацэньваецца пэўны вузел трэння.

Пры лабараторных выпрабаваннях карыстаюцца ўзорамі, якія маюць кропкавы або лінейны кантакт ці малыя плоскія паверхні. На ўзорах вызначаюць удз. сілу трэння і ўдз. знос, інтэнсіўнасць зносу ацэньваюць адносінамі таўшчыні зношанага слоя да пройдзенага шляху. Парог знешняга трэння ацэньваюць, даводзячы дадзеную пару (узор і контрцела) да задзірання — пашкоджання паверхні трэння пры рэзкім павышэнні сілы трэння і плаўнай змене скорасці або нагрузкі. Вынікі лабараторных выпрабаванняў пераносяць на рэальныя пары трэння з улікам падобнасці тэорыі. У рэальных машынах сілу трэння вымяраюць па змене т-ры вузла трэння, спажытай магутнасці на халастым рэжыме работы, значэнні моманту ці сілы трэння, вугле закручвання вала. Каэф. супраціўлення перакочванню вызначаюць з дапамогай цягавых дынамометраў.

Літ.:

Гаркунов Д.Н. Триботехника. 2 изд. М., 1989;

Доценко В.А. Изнашивание твердых тел. М., 1990.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 15, с. 542

ТРЫБАТЭ́ХНІКА (ад грэч. tribos трэнне + тэхніка),

трыбалогія, трыбоніка, навукова-тэхнічная дысцыпліна, якая вывучае кантактнае ўзаемадзеянне паверхняў пры адносным руху цвёрдых цел. Уключае пытанні трэння, зносу і змазкі механізмаў, асаблівасцей перадачы і страт энергіі і матэрыялаў у мех. абсталяванні. У Т. атрымалі развіццё: трыбахімія (раздзел механахіміі, вывучае ўзаемадзеянне кантактуючых паверхняў з хімічна актыўным асяроддзем, карозію пры трэнні, уздзеянне на паверхню хімічна актыўных рэчываў, што вылучаюцца пры трэнні); трыбафізіка (фіз. аспекты ўзаемадзеяння кантактуючых паверхняў пры іх узаемным перамяшчэнні); трыбамеханіка (механіка ўзаемадзеяння кантактуючых паверхняў пры трэнні, рассеянне энергіі, імпульсу, рэлаксацыйныя ваганні, рэверсіўнае трэнне, дастасоўнасць ураўненняў гідрадынамікі да задач трэння, зношвання і змазвання).

Працэсы трэння пачалі вывучаць Г.Галілей і І.Ньютан, якія адкрылі асн. законы механікі. Франц. вучоныя Г.​Амантон (1699) і Ш.​А.​Кулон (1785) вызначылі асобныя законы трэння цвёрдых цел на аснове эксперыментаў, пацвердзіўшы раней адкрытыя Леанарда да Вінчы залежнасці. Кулон прапанаваў прыладу для вымярэння трэння — трыбометр. У 1734 англ. вучоны І.​Дэзагюлье абгрунтаваў гіпотэзу пра ўплыў на трэнне сіл малекулярнага счаплення. Рас. вучоны М.​П.​Пятроў у 1883 выканаў даследаванні па руху змазаных дэталей машын (радыяльных падшыпнікаў). У 1920 англ. вучоныя У.​Хардзі і Дж.​Томлінсан распрацавалі «адгезійную» тэорыю трэння; у 1936 Ф.​Боўдэн і К.​Рыдлер выявілі нераўнамернасць размеркавання цеплавой энергіі ў датычных паверхнях трэння; у 1940-я г. Боўдэн, Дж.​Тэйбар і інш. даказалі, што трэнне мае дваістую (малекулярна-мех.) прыроду, уключае адгезійныя і дэфармацыйныя працэсы; у 1957 Д.​Баруэл склаў класіфікацыю асн. фіз. механізмаў зношвання: адгезійны, абразіўны, каразійны, паверхневастомленасны знос. Значны ўклад у Т. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.​Я.​Жукоўскі, Я.​А.​Чудакоў, П.​А.​Рэбіндэр, Б.​У.​Дзярагін, Дз.​М.​Гаркуноў і інш.

На Беларусі даследаванні па Т. вядуцца з 1960-х г. у Ін-це механікі металапалімерных сістэм і Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі, БДУ, гомельскім НВА «Трыбафатыка» і інш. (У.А.Белы, А.І.Свірыдзёнак, Ю.М.Плескачэўскі, М.І.Петракавец, В.Г.Саўкін, А.У.Белы, Л.А.Сасноўскі, П.​М.​Багдановіч, В.​Я.​Прушак і інш.).

Літ.:

Гаркунов Д.Н. Триботехника. 2 изд. М., 1989;

Костецкий Б.И. Трение, смазка и износ в машинах. Киев, 1970;

Икрамов У.А., Левитин М.А. Основы триботехники. Ташкент, 1984;

Акустические и электрические методы в триботехнике. Мн., 1987;

Горячева И.Г., Добычин М.Н. Контактные задачи в трибологии. М., 1988;

Чихос Х. Системный анализ в трибонике: Пер. с англ. М., 1982;

Трибология: Исслед. и приложения: Опыт США и стран СНГ. М., 1993;

Богданович П.Н., Прушак В.Я. Трение и износ в машинах. Мн., 1999.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 15, с. 542

ТРЫБАФА́ТЫКА (ад грэч. tribos трэнне + англ. fatigue стомленасць),

навукова-тэхн. дысцыпліна, якая вывучае зносастомленасныя пашкоджанні (ЗСП) і разбурэнні сілавых сістэм. Грунтуецца на механіцы стомленаснага разбурэння, трыбатэхніцы, тэорыі надзейнасці мех. сістэм, матэрыялазнаўстве і інш. Выкарыстоўваецца для кіравання працэсамі ЗСП з мэтай забеспячэння аптымальнага рэсурсу сілавой сістэмы.

У Т. сілавой называюць усякую сістэму, якая ўспрымае і перадае паўторна-пераменную нагрузку і ў якой адначасова рэалізуецца працэс трэння ў любым праяўленні (слізганні, качэнні, удары і інш.). Пры эксплуатацыі гэтых сістэм узнікаюць комплексныя ЗСП, асн. відамі якіх з’яўляюцца фрыкцыйна-мех., кантактна-мех., эразійна- і каразійна-мех. і фетынг-стомленасць. Паводле Т., зменьваючы ўмовы трэння і (або) умовы цыклічнага нагружэння належным чынам, можна эфектыўна кіраваць кінетыкай працэсаў ЗСП. Стан сілавой сістэмы ў любы момант эксплуатацыі ацэньваецца па інтэгральным параметры, на якім заснавана кіраванне гэтымі працэсамі. У Т. робяць разлік работаздольнасці сілавых сістэм па крытэрыях ЗСП. Для ацэнкі нясучай здольнасці, надзейнасці і даўгавечнасці аб’ектаў выкарыстоўваюць статыстычную мадэль дэфармаванага цвёрдага цела з небяспечным аб’ёмам — канечнай вобласцю з крытычным напружаннем у ёй.

На Беларусі даследаванні па Т. вядуцца ў НВА «Трыбафатыка» і Бел. дзярж. ун-це транспарту (Гомель), Ін-це механікі машын Нац. АН Беларусі, ВА «Гомсельмаш» (Л.​А.​Сасноўскі, М.​С.​Высоцкі, А.​У.​Багдановіч, У.​А.​Шурынаў, Г.​П.​Ажыгар, В.​А.​Жмайлік, А.​М.​Елавой і інш.). Значны ўклад у станаўленне і развіццё Т. зрабілі таксама расійскія (К.​В.​Фралоў, М.​А.​Махутаў), украінскія (В.​Т.​Трошчанка) і інш. вучоныя.

Літ.:

Сосновский Л.А., Махутов Н.А. Трибофатика: износоусталостные повреждения в проблемах ресурса и безопасности машин. М.;

Гомель, 2000;

Слово о трибофатике. Мн., 1996;

Износоусталостные повреждения и их прогнозирование (трибофатика). Гомель, 2001.

Л.​А.​Сасноўскі.

т. 15, с. 542