ТРЫБАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. tribos трэнне + ...метрыя),

метады вымярэнняў сіл або каэфіцыентаў знешняга трэння і зносу паверхняў, якія труцца. Трыбаметрычныя вымярэнні бываюць лабараторныя, пры якіх робіцца ацэнка сіл трэння і зносаўстойлівасці матэрыялаў, і натурныя, калі ацэньваецца пэўны вузел трэння.

Пры лабараторных выпрабаваннях карыстаюцца ўзорамі, якія маюць кропкавы або лінейны кантакт ці малыя плоскія паверхні. На ўзорах вызначаюць удз. сілу трэння і ўдз. знос, інтэнсіўнасць зносу ацэньваюць адносінамі таўшчыні зношанага слоя да пройдзенага шляху. Парог знешняга трэння ацэньваюць, даводзячы дадзеную пару (узор і контрцела) да задзірання — пашкоджання паверхні трэння пры рэзкім павышэнні сілы трэння і плаўнай змене скорасці або нагрузкі. Вынікі лабараторных выпрабаванняў пераносяць на рэальныя пары трэння з улікам падобнасці тэорыі. У рэальных машынах сілу трэння вымяраюць па змене т-ры вузла трэння, спажытай магутнасці на халастым рэжыме работы, значэнні моманту ці сілы трэння, вугле закручвання вала. Каэф. супраціўлення перакочванню вызначаюць з дапамогай цягавых дынамометраў.

Літ.:

Гаркунов Д.Н. Триботехника. 2 изд. М., 1989;

Доценко В.А. Изнашивание твердых тел. М., 1990.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 15, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)