ТРЫБАФА́ТЫКА (ад грэч. tribos трэнне + англ. fatigue стомленасць),
навукова-тэхн. дысцыпліна, якая вывучае зносастомленасныя пашкоджанні (ЗСП) і разбурэнні сілавых сістэм. Грунтуецца на механіцы стомленаснага разбурэння, трыбатэхніцы, тэорыі надзейнасці мех. сістэм, матэрыялазнаўстве і інш. Выкарыстоўваецца для кіравання працэсамі ЗСП з мэтай забеспячэння аптымальнага рэсурсу сілавой сістэмы.
У Т. сілавой называюць усякую сістэму, якая ўспрымае і перадае паўторна-пераменную нагрузку і ў якой адначасова рэалізуецца працэс трэння ў любым праяўленні (слізганні, качэнні, удары і інш.). Пры эксплуатацыі гэтых сістэм узнікаюць комплексныя ЗСП, асн. відамі якіх з’яўляюцца фрыкцыйна-мех., кантактна-мех., эразійна- і каразійна-мех. і фетынг-стомленасць. Паводле Т., зменьваючы ўмовы трэння і (або) умовы цыклічнага нагружэння належным чынам, можна эфектыўна кіраваць кінетыкай працэсаў ЗСП. Стан сілавой сістэмы ў любы момант эксплуатацыі ацэньваецца па інтэгральным параметры, на якім заснавана кіраванне гэтымі працэсамі. У Т. робяць разлік работаздольнасці сілавых сістэм па крытэрыях ЗСП. Для ацэнкі нясучай здольнасці, надзейнасці і даўгавечнасці аб’ектаў выкарыстоўваюць статыстычную мадэль дэфармаванага цвёрдага цела з небяспечным аб’ёмам — канечнай вобласцю з крытычным напружаннем у ёй.
На Беларусі даследаванні па Т. вядуцца ў НВА «Трыбафатыка» і Бел. дзярж. ун-це транспарту (Гомель), Ін-це механікі машын Нац. АН Беларусі, ВА «Гомсельмаш» (Л.А.Сасноўскі, М.С.Высоцкі, А.У.Багдановіч, У.А.Шурынаў, Г.П.Ажыгар, В.А.Жмайлік, А.М.Елавой і інш.). Значны ўклад у станаўленне і развіццё Т. зрабілі таксама расійскія (К.В.Фралоў, М.А.Махутаў), украінскія (В.Т.Трошчанка) і інш. вучоныя.
Літ.:
Сосновский Л.А., Махутов Н.А. Трибофатика: износоусталостные повреждения в проблемах ресурса и безопасности машин. М.;
Гомель, 2000;
Слово о трибофатике. Мн., 1996;
Износоусталостные повреждения и их прогнозирование (трибофатика). Гомель, 2001.
Л.А.Сасноўскі.
т. 15, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)