Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРОГ (ад ням. Trog літар. — карыта),

горная даліна, апрацаваная ледавіком. У папярочным сячэнні Т. звычайна маюць ◡-падобную або карытападобную форму з шырокім пакатаўвагнутым дном, схілы амаль вертыкальныя, вышэй пераходзяць у слаба нахіленыя да даліны пляцоўкі (плечы Т.). На схілах і плячах шмат слядоў уздзеяння ледавіка, на дне — марэнныя адклады. Падоўжны профіль няроўны, трапляюцца бар’еры (рыгелі), уступы і інш. Пашыраны ў горна-ледавіковых раёнах сушы.

Папярочны разрэз трога. Т — дно трога; а—а — плечы трога; в—в — узровень, да якога даліна была запоўнена лёдам.

т. 15, с. 527

ТРО́ІЦА-СЕ́РГІЕВА ЛА́ЎРА,

архітэктурны ансамбль 15—19 ст. у г. Сергіеў Пасад (Маскоўская вобл.); адзін з буйнейшых рас. манастыроў. Засн. ў сярэдзіне 14 ст. манахам Сергіем Раданежскім, з 1744 лаўра. Манастыр адыграў важную ролю ў станаўленні незалежнай рус. дзяржавы: удзельнічаў у падрыхтоўцы Кулікоўскай бітвы, у барацьбе з войскамі Лжэдзмітрыя II у 1608—10. У 14—17 ст. тут вяліся летапіс, перапіска, ствараліся кнігі, развіваліся іканапіс, маст. рамёствы. У 15—18 ст. склаўся маляўнічы ансамбль, які ўключае больш за 50 будынкаў работы маскоўскіх, пскоўскіх і яраслаўскіх майстроў. Цэнтр ансамбля — 1-купальны 3-апсідны 4-слуповы Троіцкі сабор (1422—23); у інтэр’еры іканастас пач. 15 ст. на 40 абразоў, большасць з якіх выканана пад кіраўніцтвам і з удзелам А.Рублёва, Даніілам Чорным. У саборы знаходзіцца рака з мошчамі Сергія Раданежскага. Сярод інш. помнікаў: цэрквы Духаўская (1476; над барабанам купала — званіца на слупах), Пятніцкая, Увядзенская (абедзве 1547), 5-купальная надбрамная Іаана Прадцечы (1699), Міхееўская (1734), Смаленская (1745—48, барока); 2-павярховыя шпітальныя палаты з шатровай царквой Засімы і Савація (1635—38), багата дэкарыраваная разьбой трапезная з царквой Сергія (1686—92, т.зв. нарышкінскі стыль), карпусы манастырскіх келляў (17—19 ст.) і інш. Вылучаецца манум. Успенскі сабор (1559—85) — 6-слуповы 5-купальны храм, да якога прылягае шатровая каменная палатка (1780) — пахавальня Барыса Гадунова і яго сям’і. Значнае збудаванне ансамбля — 5-ярусная званіца (1740—70, арх. І.​Шумахер, І.​Мічурын, Дз.​Ухтамскі, барока; выш. 88 м, каля 50 званоў) з гадзіннікам. У 16 ст. ўзведзена крапасная сцяна з 12 вежамі (1540—50, умацавана ў 17 ст.; выш. 10—14 м). У 1918 манастыр закрыты, зноў адкрыты пасля 1944. З 1920 гіст.маст. музей, з 1940 музей-запаведнік. У зборы музея буйныя калекцыі стараж.-рус. жывапісу і дэкар.-прыкладнога мастацтва 14—17 ст., рус. нар. мастацтва 17 — пач. 20 ст. і інш. Сістэматычна праводзяцца рэстаўрацыйныя работы. На тэр. лаўры — Маскоўская духоўная акадэмія і духоўная семінарыя. Ансамбль Т.-С.л. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Балдин В. Архитектурный ансамбль Троице-Сергиевой лавры. М., 1976.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Троіца-Сергіева лаўра.

т. 15, с. 527

ТРО́ІЦКАЯ Марына Дзмітрыеўна (22.12.1913, Мінск — 1990),

бел. рэжысёр радыё. Засл. дз. культ. Беларусі (1971). Скончыла драм. курсы ў Мінску (1931). З 1931 актрыса Вандроўнага т-ра імя Дзяржынскага, з 1932 Бел. т-ра імя Я.​Купалы, у 1949—74 на Рэсп. радыё (з 1964 гал. рэжысёр). Аўтар літ. і муз. кампазіцый, запісаў майстроў бел. сцэны. віктарын, больш за 30 радыёпастановак, у т. л. па творах бел. пісьменнікаў: «Зорка Венера» Б.​Бур’яна і І.​Нісневіча (1960), «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча (1963), «Навальніца над полем» («Людзі на балоце») І.​Мележа і «Бацькаўшчына» К.​Чорнага (1966), «Сэрца на далоні» І.​Шамякіна (1967), «Вяртанне ў маладосць» («Гарадок Устронь», «На парозе будучыні») М.​Лобана (1968), «Круты бераг ракі» В.​Быкава (1973), «Новая зямля» Я.​Коласа (1976) і інш.

А.​В.​Усцінава.

т. 15, с. 527

ТРО́ІЦКІ Мікалай Аляксандравіч (3.4.1927, г. Таржок Цвярской вобл., Расія — 18.5.1999),

бел. вучоны ў галіне генетыкі мікраарганізмаў. Д-р біял. н. (1970), праф. (1972). Скончыў Маскоўскі зоавет. ін-т (1948). З 1957 у Бел. н.-д. вет. ін-це, з 1959 у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі (у 1965—99 заг. лабараторыі). Навук. працы па пытаннях генет. эфектыўнасці прамежкавых нейтронаў, генет. інжынерыі азотфіксавальных мікраарганізмаў.

Тв.:

Генетические эффекты промежуточных нейтронов. Мн., 1971 (разам з М.​В.​Турбіным, М.​А.​Арсеньевай);

Конъюгация бактерий. Мн., 1978 (разам з С.​Я.​Драмашкам, К.​М.​Якавенка);

Генетическая инженерия. Мн., 1980 (разам з М.​А.​Картэлем).

т. 15, с. 527

ТРО́ЙЦА,

1) у старажытных рэлігіях тры найб. шанаваныя божаствы, якія знаходзяцца ў цеснай узаемасувязі, але выконваюць розныя функцыі: Асірыс, Ісіда і Гор у Стараж. Егіпце; Брахма, Вішну і Шыва ў індуізме; Ану, Эа і Бэл у Вавілоне; 2) Адзін з асн. догматаў хрысціянства, паводле якога Бог адзіны па сваёй сутнасці, але існуе ў трох іпастасях — Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог-Дух Святы (гл. Святая Тройца); 3) Адно з дванадзесятых свят, якое ўстаноўлена ў гонар сашэсця Святога Духа на апосталаў у пяцідзесяты дзень (праз 7 тыдняў) пасля ўваскрэсення Хрыста — Вялікадня (гл. Сёмуха).

т. 15, с. 527

ТРО́ЙЦА,

вёска ў Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Бярозаўка. Цэнтр Старасельскага с/с і калгаса. За 15 км на ПнЗ ад горада і 13 км ад чыг. ст. Шклоў, 45 км ад Магілёва. 111 ж., 49 двароў (2002). Пач. школа.

т. 15, с. 527

ТРО́КЕНІКІ,

вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Вільнюс—Полацк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пн ад г.п. Астравец, 275 км ад Гродна, 30 км ад чыг. ст. Гудагай. 292 ж., 97 двароў (2002). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — сядзіба (2-я пал. 19 ст. — пач. 20 ст.).

т. 15, с. 527

ТРО́КІ (Troki),

афіцыйная назва г. Тракай да кастр. 1939.

т. 15, с. 528

ТРО́КСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1413—1795. Цэнтр — г. Трокі. Утворана на тэр. Трокскага княства і Гарадзенскага княства пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413. Былі ўведзены пасады трокскіх ваяводы і кашталяна, якія па значэнні лічыліся другімі пасля пасад ваяводы і кашталяна віленскіх. У склад Т.в. ў 15 ст. ўваходзілі паўн., цэнтр. і паўд. часткі Літвы, прынёманскія землі Беларусі, Берасцейская зямля, Новагародская зямля, Падляшша, Кобрынскае княства, Пінскае княства, Давыд-Гарадоцкае княства, Тураўскае княства. Гэтыя княствы, Берасцейская, Новагародская землі, Падляшша і Ковенскі павет мелі самастойнае ад ваяводы кіраванне. На У Беларусі ў Т.в. ўваходзіла палова Бабруйскай воласці. Пасля ўтварэння ў 16 ст. Навагрудскага, Падляшскага і Брэсцкага ваяводстваў тэр. Т.в. значна паменшылася. У 16—18 ст. у Т.в. ўваходзілі Трокскі, Ковенскі, Упіцкі пав., Гродзенскі павет. Пасля Люблінскай уніі 1569 ваявода і кашталян трокскія засядалі ў Сенаце Рэчы Паспалітай. Паводле перапісу 1775 на тэр. Т.в. было 55 614 «дымоў». Паводле пастановы Гродзенскага сойма 1793 Гродзенскі пав. і створаны ў 1791 Мерацкі пав. пераўтвораны ў Гродзенскае ваяводства. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай указам Кацярыны II ад 25.12.1795 асн. частка Т.в. ўвайшла ў склад Віленскай губ., рэшта — у Слонімскую губ.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 528

ТРО́ЛІ,

у германаскандынаўскай міфалогіі волаты, якія жывуць унутры гор, дзе захоўваюць свае скарбы. Яны неверагодна моцныя, але выродлівыя і дурныя. У адрозненне ад міфалагічных праціўнікаў багоў — ётунаў Т. шкодзяць людзям, крадуць іх жывёлу, нават займаюцца людаедствам. У больш позніх міфах Т. асацыіраваліся з рознымі дэманічнымі істотамі, у т. л. з гномамі.

т. 15, с. 528