ТРЫБАТЭ́ХНІКА (ад грэч. tribos трэнне + тэхніка),

трыбалогія, трыбоніка, навукова-тэхнічная дысцыпліна, якая вывучае кантактнае ўзаемадзеянне паверхняў пры адносным руху цвёрдых цел. Уключае пытанні трэння, зносу і змазкі механізмаў, асаблівасцей перадачы і страт энергіі і матэрыялаў у мех. абсталяванні. У Т. атрымалі развіццё: трыбахімія (раздзел механахіміі, вывучае ўзаемадзеянне кантактуючых паверхняў з хімічна актыўным асяроддзем, карозію пры трэнні, уздзеянне на паверхню хімічна актыўных рэчываў, што вылучаюцца пры трэнні); трыбафізіка (фіз. аспекты ўзаемадзеяння кантактуючых паверхняў пры іх узаемным перамяшчэнні); трыбамеханіка (механіка ўзаемадзеяння кантактуючых паверхняў пры трэнні, рассеянне энергіі, імпульсу, рэлаксацыйныя ваганні, рэверсіўнае трэнне, дастасоўнасць ураўненняў гідрадынамікі да задач трэння, зношвання і змазвання).

Працэсы трэння пачалі вывучаць Г.Галілей і І.Ньютан, якія адкрылі асн. законы механікі. Франц. вучоныя Г.​Амантон (1699) і Ш.​А.​Кулон (1785) вызначылі асобныя законы трэння цвёрдых цел на аснове эксперыментаў, пацвердзіўшы раней адкрытыя Леанарда да Вінчы залежнасці. Кулон прапанаваў прыладу для вымярэння трэння — трыбометр. У 1734 англ. вучоны І.​Дэзагюлье абгрунтаваў гіпотэзу пра ўплыў на трэнне сіл малекулярнага счаплення. Рас. вучоны М.​П.​Пятроў у 1883 выканаў даследаванні па руху змазаных дэталей машын (радыяльных падшыпнікаў). У 1920 англ. вучоныя У.​Хардзі і Дж.​Томлінсан распрацавалі «адгезійную» тэорыю трэння; у 1936 Ф.​Боўдэн і К.​Рыдлер выявілі нераўнамернасць размеркавання цеплавой энергіі ў датычных паверхнях трэння; у 1940-я г. Боўдэн, Дж.​Тэйбар і інш. даказалі, што трэнне мае дваістую (малекулярна-мех.) прыроду, уключае адгезійныя і дэфармацыйныя працэсы; у 1957 Д.​Баруэл склаў класіфікацыю асн. фіз. механізмаў зношвання: адгезійны, абразіўны, каразійны, паверхневастомленасны знос. Значны ўклад у Т. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.​Я.​Жукоўскі, Я.​А.​Чудакоў, П.​А.​Рэбіндэр, Б.​У.​Дзярагін, Дз.​М.​Гаркуноў і інш.

На Беларусі даследаванні па Т. вядуцца з 1960-х г. у Ін-це механікі металапалімерных сістэм і Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі, БДУ, гомельскім НВА «Трыбафатыка» і інш. (У.А.Белы, А.І.Свірыдзёнак, Ю.М.Плескачэўскі, М.І.Петракавец, В.Г.Саўкін, А.У.Белы, Л.А.Сасноўскі, П.​М.​Багдановіч, В.​Я.​Прушак і інш.).

Літ.:

Гаркунов Д.Н. Триботехника. 2 изд. М., 1989;

Костецкий Б.И. Трение, смазка и износ в машинах. Киев, 1970;

Икрамов У.А., Левитин М.А. Основы триботехники. Ташкент, 1984;

Акустические и электрические методы в триботехнике. Мн., 1987;

Горячева И.Г., Добычин М.Н. Контактные задачи в трибологии. М., 1988;

Чихос Х. Системный анализ в трибонике: Пер. с англ. М., 1982;

Трибология: Исслед. и приложения: Опыт США и стран СНГ. М., 1993;

Богданович П.Н., Прушак В.Я. Трение и износ в машинах. Мн., 1999.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 15, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)