ТРЭД-ЮНІЯНІ́ЗМ,
1) назва руху трэд-юніёнаў.
2) Тэрмін, які азначае плынь у рабочым і прафс. руху. Узнік у канцы 18 ст. ў Вялікабрытаніі. Цэнтральнае месца ў ідэалогіі Т.-ю. займае палажэнне аб неабходнасці сістэм. паляпшэння сац.-эканам., прававых, культ. умоў жыцця рабочых шляхам правядзення рэформ, без радыкальных пераўтварэнняў існуючага сац.-эканам. і грамадскага парадку. Філас. аснова — эвалюцыянізм у развіцці грамадства. У 19 ст. шырока распаўсюджаны ў шэрагу краін Еўропы і ЗША. У Расіі праваднікамі ідэалогіі Т.-ю. былі прыхільнікі «эканамізму». Яго ідэі выкарыстоўвалі тэарэтыкі «рыначнага сацыялізму» і «дэмакратычнага сацыялізму», «грамадства ўсеагульнага дабрабыту» (Дж.Стрэчы). З канца 20 ст. перажывае крызіс.
В.І.Боўш.
т. 16, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)