ТРЫ́ЛЕР (ад англ. thrill нервовае ўздрыгванне, хваляванне),
асаблівы тып прыгодніцкіх фільмаў, літ. твораў, у якіх спецыфічныя сродкі павінны выклікаць у гледача ці чытача моцныя эмоцыі (трывожнае чаканне, непакой, страх і інш.). Элементы Т. выкарыстоўваюць таксама ў дэтэктывах, «фільмах жахаў», гангстэрскіх і «чорных» фільмах (крымінальныя фільмы, прасякнутыя адчуваннем безвыходнасці, ірацыянальнасці зла). У Т. акцэнт робіцца на псіхал. перажыванні персанажаў, звязаных са злачынствам. Шырока выкарыстоўваецца сюжэтны прыём зацягвання драм. паузы, якая выклікае нервовы непакой, а таксама модныя выразныя сродкі — натуралістычныя падрабязнасці, шумавыя эфекты, спец. муз. афармленне і інш. Адзін з першых гукавых Т. — «М» («Забойца»; 1931, рэж. Ф.Ланг). Сцвярджэнне Т. ў кіно звязана з творчасцю англа-амер. рэж. А.Хічкака: фільмы «Жыхар» (1926), «Рэбека» (1940), «Псіхоз» (1960) і інш. Вядомасць набылі таксама Т. «Прабачце, вы памыліліся нумарам» (1948, рэж. А.Літвак), «Ліфт на эшафот» (1957, рэж. Л.Маль), «Маўчанне ягнят» (1991, рэж. Дж.Дэме), «Сем» (1995, рэж. Д.Фінчэр), «Экзістэнцыя» (1999, рэж. Д.Кроненберг) і інш.
т. 15, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)