ТРЫЛО́ГІЯ (грэч. trilogia),
тры адносна самастойныя творы, якія аб’ядноўваюцца ў адзіны цыкл агульнасцю ідэйнай задумы, галоўных герояў і пераемнасцю сюжэта.
Узнікла ў тэатры Стараж. Грэцыі. У ант. эпоху Т. называлі цыкл з 3 трагедый (напр., «Арэстэя» Эсхіла). У л-ры новага часу побач з драм. Т. развіваецца эпічная; у 20 ст. яна становіцца асн. відам Т. (творы А.Талстога, М.Горкага, В.Васілеўскай, М.Пуйманавай, У.Фолкнера).
Мера злучанасці асобных частак паміж сабою тут бывае розная. У Т. «На ростанях» («У Палескай глушы», «У глыбі Палесся», «На ростанях») Я.Коласа часткі цесна ўзаемазвязаны: вытрымліваецца адзіны кампазіцыйны план; біяграфія гал. героя, яго духоўнае станаўленне паслядоўна праходзяць праз увесь твор, які набывае маст. цэласнасць. У Т. «Шэметы» («На парозе будучыні», «Гарадок Устронь», «Шэметы») М.Лобана, «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах» і «Сорак трэці» (не мае агульнай назвы) І.Навуменкі часткі даволі самастойныя. Тут дзейнічае шэраг герояў буйнога плана, якія ў розных частках займаюць рознае месца ў сюжэце. Т. — разнавіднасць архітэктанічнай формы (гл. Архітэктоніка), якая можа аб’ядноўваць 2, 4, 5 твораў (дылогія, тэтралогія, пенталогія). Расчляненне літ. цэлага на 3 асобныя творы-часткі абумоўліваецца разгорнутасцю задумы, вял. аб’ёмам матэрыялу, своеасаблівасцю сюжэта і кампазіцыі, а таксама імкненнем зрабіць твор больш зручным для ўспрымання чытачом.
А.М.Пяткевіч.
т. 15, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)