Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СА́ВА (Sava),

рака ў Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіне, Югаславіі, найб. мнагаводны прыток р. Дунай. Даўж. 940 км, пл. басейна каля 95 тыс. км². Вытокі ў Юлійскіх Альпах, сярэдняе і ніжняе цячэнне па паўд. ускраіне Сярэднедунайскай раўніны. Асн прытокі — Купа, Уна, Врбас, Босна, Дрына (справа); цякуць пераважна па Дынарскім нагор’і. Сярэдні расход вады ў вусці 1760 мус. Мнагаводная ў зімова-веснавы час. Суднаходная да г. Сісак (592 км). У даліне С. — гарады Любляна (Славенія), Заграб (Харватыя); у вусці — Белград (Югаславія).

т. 14, с. 49

САВА́,

вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Проня, на скрыжаванні аўтадарог на Горкі, Оршу і Дуброўна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнЗ ад г. Горкі, 101 км ад Магілёва, 5 км ад чыг. ст. Зубры. 389 ж., 176 двароў (2001). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 14, с. 49

СА́ВАН (грэч. sabanon ад араб. savan; паходзіць ад назвы мясцовасці каля г. Багдад),

1) пахавальны ўбор з белай тканіны для нябожчыка.

2) У пераносным значэнні С. — покрыва, пялёнка са снегу, туману і інш. (напр., снежны С., з белых кветак С.).

т. 14, с. 49

САВА́НА (Savannah),

рака на ПдУ ЗША. Даўж. 725 км, пл. басейна 27,2 тыс. км². Пачынаецца ў Апалачах, перасякае плато Підмант і Прыатл. нізіну, упадае ў Атл. ак. Веснавыя паводкі. Сярэдні расход вады 336 м³/с. Суднаходная да г. Агаста (356 км), вышэй якога буйное вадасховішча. ГЭС. Каля вусця — порт Савана.

т. 14, с. 50

САВА́НА (Savannah),

горад на ПдУ ЗША, у штаце Джорджыя. Засн. ў 1773. 131,7 тыс. ж., з прыгарадамі каля 250 тыс. ж. (1998). Порт на Атлантычным узбярэжжы, у вусці р. Савана. Аэрапорт. Буйны цэнтр суднабуд. і суднарамонтнай, цэлюлозна-папяровай і цукр. прам-сці. Развіты таксама хім. (вытв-сць мінер. угнаенняў, пігментаў) і дрэваапр. прам-сць; вытв-сць авіяц. рухавікоў. Чайныя ф-кі. Акіянаграфічны ін-т. Марскі музей. Акварыум.

т. 14, с. 50

САВАНА́Р,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 10 км на З ад г. Браслаў. Пл. 0,75 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 3,8 м, даўж. берагавой лініі 5,1 км. Пл. вадазбору 49,2 км². Катлавіна падпруднага тыпу, падзяляецца на зах. і ўсх. катлавіны. Схілы выш. 5—10 м, стромкія, параслі хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, моцна парэзаныя, утвараюць 5 заліваў. Дно плоскае, да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей — сапрапелістае, каля ўсх. берага пясчаная водмель. З астравы агульнай пл. 0,8 га. Паўд.-зах. ч. возера і залівы зарастаюць. Упадаюць 2 ручаі, выток у воз. Бужа.

т. 14, с. 50

САВАНАРО́ЛА ((Savonarola) Джыралама) (21.9.1452, г. Ферара, Італія —23.5.1498),

фларэнційскі рэліг.-паліт. дзеяч, паэт. З 1475 чл. ордэна дамініканцаў, з 1479 прапаведаваў у гарадах Паўн. Італіі. З 1491 прыёр кляштара Сан-Марка ў Фларэнцыі, дзе аднавіў строгія нормы манаскага жыцця. Выкрываў тыранію Медычы, сац. кантрасты, асуджаў свецкі характар гуманіст. культуры, крытыкаваў палітыку і лад жыцця рымскіх пап, патрабаваў рэформ у каталіцкай царкве ў духу вяртання да апостальскага ідэалу. Пасля падзення тыраніі Медычы (1494) спрыяў усталяванню ў Фларэнцыі рэсп. ладу ў інтарэсах сярэдніх гарадскіх пластоў. Абапіраючыся на фанатычныя групы моладзі, урачыста спальваў прадметы раскошы і кнігі, якія супярэчылі хрысц. маралі. Дзейнасць С. выклікала канфлікт з папам Аляксандрам VI, які ў 1497 адлучыў С. ад царквы. У 1498 у час хваляванняў у Фларэнцыі С. схоплены, абвінавачаны ў ерасі і пакараны смерцю.

Літ.:

Херманн Х. Савонарола: Еретик из Сан-Марко: Пер. с нем. М., 1982.

т. 14, с. 50

САВА́ННА (ад ісп. sabana, запазычанага з мовы карыбскіх індзейцаў),

занальны тып ландшафту, утвораны спалучэннем трапічнай і субтрапічнай ксерафільнай травяністай расліннасці (пераважна злакавай) з адзіночнымі і групамі дрэў, зараснікамі хмызняку. Пашырана ў Афрыцы, Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Аўстраліі і Індыі. У Бразіліі С. наз. кампас, у Венесуэле і Калумбіі — льянас. Развіваюцца таксама на месцы зведзеных трапічных лясоў (другасныя С.).

Расліны С. прыстасаваны да працяглых засух: лісце цвёрдае, моцна апушанае, рэдукаванае да калючак, кара дрэў тоўстая. Травяністыя злакі выш. да 3 м. Дрэвы (акацыя, баабаб, эўкаліпт і інш.) пераважна нізкарослыя, часта з парасонападобнай кронай, у некат. (бутэлечнае дрэва і інш.) ствалы ўтрымліваюць вял. запасы вады. Багаты і разнастайны жывёльны свет: сланы, насарогі, жырафы, ільвы, зебры, антылопы; з птушак характэрны страусы. Гл. таксама Саванныя зоны.

Саванна ў сухі сезон.

т. 14, с. 50

САВА́ННЫЯ ЗО́НЫ, саваннаў і рэдкалессяў зоны,

прыродныя зоны нізкіх шырот у субэкватарыяльным і трапічным (радзей — у субтрапічным) паясах Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Займаюць каля 40% тэр. Афрыкі (на Пд ад Сахары), пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усходняй Азіі, Аўстраліі. С.з. уласціва пасатна-мусонная цыркуляцыя паветраных мас з выразным падзелам на сухі зімовы і вільготны летні сезоны. Працягласць дажджлівага сезону скарачаецца па меры аддалення ад экватарыяльнага пояса з 8—9 месяцаў да 2—3 месяцаў, колькасць ападкаў ад 2000 да 250 мм за год. Радыяцыйны баланс складае 250—335 кДж/см² (60—80 ккал/см²). Т-ра самага халоднага месяца 4—20 °C, самага цёплага — 20—35 °C. Сутачныя ваганні т-ры паветра да 25 °C. Рачная сетка рэдкая. Рэкі мялеюць у сухі сезон, у дажджлівы — расход вады павялічваецца ў 15—20 разоў, узрастае цвёрды сцёк, схілавы і плоскасны змыў.

Рэльеф прадстаўлены згладжанымі паверхнямі, над якімі ўзвышаюцца эразійныя астанцы, захаваныя ад разбурэння шчыльнымі фералітнымі корамі. Бяссцёкавыя ўпадзіны ў вільготны перыяд забалочваюцца. У сухі сезон зніжаецца ўзровень грунтавых вод, актыўна праяўляюцца працэсы фіз. выветрывання, у больш засушлівых раёнах — дэфляцыі. Глебы чырвоныя, чырвона-карычневыя, чырвона-бурыя. чорныя, шэра-карычневыя; з вял. колькасцю аксідаў жалеза, марганцу, алюмінію; характарызуюцца прамыўным рэжымам у дажджлівы сезон. Расліннасць: розныя тыпы саваннаў, саванныя лясы, ксерафітныя рэдкалессі і хмызнякі, уздоўж рэк галерэйныя лясы. Жывёльны свет: буйныя капытныя, драпежнікі, грызуны, бегаючыя птушкі, паўзуны і насякомыя Вышынная пояснасць у гарах С.з. прадстаўлена знізу — рэдкалессямі або саваннамі, вышэй — сухімі і мезафітнымі лістападна-вечназялёнымі лясамі, яшчэ вышэй — хмызнякамі і горным стэпам. У С.з. субэкватарыяльных паясоў вылучаюцца падзоны вільготных высакатраўных саваннаў і саванных лясоў, тыповых саваннаў, апустыненых саваннаў і рэдкалессяў. Вырошчваюцца збожжавыя і клубневыя культуры, бавоўнік, джут, арахіс, сізаль, цукровы трыснёг і інш. Жывёлагадоўля (пераважна ў больш засушлівых абласцях). Ландшафты С.з. моцна зменены антрапагенным уздзеяннем (звядзенне лясоў, разворванне, выпальванне траў і інш.), што прыводзіць да іх апустыньвання.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 14, с. 50

САВА́Р,

адзінка частотнага інтэрвалу ў муз. акустыцы. 1 С. роўны частотнаму інтэрвалу з такімі адносінамі гранічных частот f1 і f2, што lg(f2/f1) = 1,0023. 1 С. = 3,32∙10​−3 актавы. Названа імем Ф.Савара.

т. 14, с. 50