САВА́ННА (ад ісп. sabana, запазычанага з мовы карыбскіх індзейцаў),
занальны тып ландшафту, утвораны спалучэннем трапічнай і субтрапічнай ксерафільнай травяністай расліннасці (пераважна злакавай) з адзіночнымі і групамі дрэў, зараснікамі хмызняку. Пашырана ў Афрыцы, Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Аўстраліі і Індыі. У Бразіліі С. наз.кампас, у Венесуэле і Калумбіі — льянас. Развіваюцца таксама на месцы зведзеных трапічных лясоў (другасныя С.).
Расліны С. прыстасаваны да працяглых засух: лісце цвёрдае, моцна апушанае, рэдукаванае да калючак, кара дрэў тоўстая. Травяністыя злакі выш. да 3 м. Дрэвы (акацыя, баабаб, эўкаліпт і інш.) пераважна нізкарослыя, часта з парасонападобнай кронай, у некат. (бутэлечнае дрэва і інш.) ствалы ўтрымліваюць вял. запасы вады. Багаты і разнастайны жывёльны свет: сланы, насарогі, жырафы, ільвы, зебры, антылопы; з птушак характэрны страусы. Гл. таксама Саванныя зоны.