САВАНАРО́ЛА ((Savonarola) Джыралама) (21.9.1452, г. Ферара, Італія —23.5.1498),

фларэнційскі рэліг.-паліт. дзеяч, паэт. З 1475 чл. ордэна дамініканцаў, з 1479 прапаведаваў у гарадах Паўн. Італіі. З 1491 прыёр кляштара Сан-Марка ў Фларэнцыі, дзе аднавіў строгія нормы манаскага жыцця. Выкрываў тыранію Медычы, сац. кантрасты, асуджаў свецкі характар гуманіст. культуры, крытыкаваў палітыку і лад жыцця рымскіх пап, патрабаваў рэформ у каталіцкай царкве ў духу вяртання да апостальскага ідэалу. Пасля падзення тыраніі Медычы (1494) спрыяў усталяванню ў Фларэнцыі рэсп. ладу ў інтарэсах сярэдніх гарадскіх пластоў. Абапіраючыся на фанатычныя групы моладзі, урачыста спальваў прадметы раскошы і кнігі, якія супярэчылі хрысц. маралі. Дзейнасць С. выклікала канфлікт з папам Аляксандрам VI, які ў 1497 адлучыў С. ад царквы. У 1498 у час хваляванняў у Фларэнцыі С. схоплены, абвінавачаны ў ерасі і пакараны смерцю.

Літ.:

Херманн Х. Савонарола: Еретик из Сан-Марко: Пер. с нем. М., 1982.

т. 14, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)