Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАШЭ́ВІЧЫ вёска ў Лучыцкім с/с Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр калгаса. За 62 км на ПнУ ад Петрыкава, 208 км ад Гомеля, 45 км ад чыг. станцыі Пціч. 591 ж., 235 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Кашэвіцкая Успенская царква.

т. 8, с. 203

КАШЭ́ЛЬНІКАВА (Раіса Мікалаеўна) (16.9.1904, в. Баршчоўка Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 29.11.1980),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1957). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). З 1926 у БДТ-2, з 1939 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. Паэтычнае светаўспрыманне арганічна спалучалася з глыбокім драматызмам, эмацыянальнасцю. Сярод роляў: Паўлінка («Паўлінка» Я.Купалы), Аўгіння («У пушчах Палесся» Я.Коласа), Броня, Клава («З народам», «Мілы чалавек» К.Крапівы), Куліна («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Ларыса, Глафіра, Лябёдкіна, Глумава («Беспасажніца», «Ваўкі і авечкі», «Позняе каханне», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Сюзанна («Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), фру Ліндэ («Нора» Г.Ібсена), мадэмуазель Куку («Безыменная зорка» М.Себасцьяна), Бабуля («Дзверы стукаюць» М.Фермо).

Т.Я.Гаробчанка.

Р.М.Кашэльнікава.
Р.Кашэльнікава ў ролі Паўлінкі (справа).

т. 8, с. 203

КАШЭ́ЎСКІ (Браніслаў Эдуардавіч) (н. 17.2.1951, в. Масцішча Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фіз.-хім. гідрадынамікі. Д-р фіз.матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1973). З 1974 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі (з 1996 заг. сектара). У 1985—90 у БПІ. Навук. працы па фіз.-хім. гідрадынаміцы намагнічвальных вадкадысперсных асяроддзяў, па структурна-тэрмадынамічным пераўтварэнні і з’явах дысіпатыўнай самаарганізацыі ў дысперснай фазе, што склала навук. аснову атрымання кампазіцыйных матэрыялаў з асаблівымі ўласцівасцямі.

т. 8, с. 203