КАШЭ́ЛЬНІКАВА (Раіса Мікалаеўна) (16.9.1904, в. Баршчоўка Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 29.11.1980),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1957). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). З 1926 у БДТ-2, з 1939 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. Паэтычнае светаўспрыманне арганічна спалучалася з глыбокім драматызмам, эмацыянальнасцю. Сярод роляў: Паўлінка («Паўлінка» Я.​Купалы), Аўгіння («У пушчах Палесся» Я.​Коласа), Броня, Клава («З народам», «Мілы чалавек» К.​Крапівы), Куліна («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Ларыса, Глафіра, Лябёдкіна, Глумава («Беспасажніца», «Ваўкі і авечкі», «Позняе каханне», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Сюзанна («Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), фру Ліндэ («Нора» Г.​Ібсена), мадэмуазель Куку («Безыменная зорка» М.​Себасцьяна), Бабуля («Дзверы стукаюць» М.​Фермо).

Т.​Я.​Гаробчанка.

Р.М.Кашэльнікава.
Р.Кашэльнікава ў ролі Паўлінкі (справа).

т. 8, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)