Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІ́ЦЕБСКАЯ РАБО́ЧАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ.

Існавала з 1896 да восені 1897 у Віцебску. Створана ў выніку пераходу мясц. с.-д. гурткоў да масавай агітацыі сярод рабочых. Асновай арг-цыі былі цэхавыя стачачныя касы. На агульным сходзе членаў касы выбіраліся касір, кантралёр і прадстаўнік цэха. Яны ўваходзілі ў міжкасавую сходку, якой праз свайго прадстаўніка кіраваў мясцовы с.-д. камітэт. Віцебская рабочая арганізацыя не выстаўляла паліт. патрабаванняў, задачы абмяжоўвала барацьбой за паляпшэнне эканам. становішча рабочых, каардынацыяй дзейнасці цэхавых арг-цый (стачачных кас). У вер. 1897 уступіла ў Бунд.

М.В.Біч.

т. 4, с. 223

ВІ́ЦЕБСКАЯ РАГО́ЖНАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1899—1905 у Віцебску. У 1900 працавала 95 рабочых, выраблена 70 тыс. штук рагож на 8300 руб.

т. 4, с. 223

ВІ́ЦЕБСКАЯ РА́ТУША,

помнік архітэктуры позняга барока і класіцызму. Пабудавана ў 1775 у Віцебску на месцы драўлянай ратушы 16 ст., якая згарэла. Мураваны прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак, у цэнтры якога ўзвышалася 4-ярусная вежа, завершаная шатром са шпілем. У 1883 на вежы ўстаноўлены гадзіннік, замест шатровага даху ўзведзена вежа-ратонда. У 1911 над ратушай надбудаваны 3-і паверх. Будынак перабудоўваўся і рэстаўрыраваўся ў 1913, 1944, 1970-я і 1980-я г. Цяпер гэта 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, над якім у цэнтры гал. фасада ўзвышаецца 3-ярусная вежа. Тарцовыя фасады завершаны трохвугольнымі шчытамі з 2 вокнамі-люкарнамі. Гал. фасад дэкарыраваны пілястрамі на вышыню двух паверхаў, паміж 2-м і 3-м паверхамі — прафіляваны карніз (18 ст.). Тамбур у цэнтры гал. фасада вылучаны 2 паўкалонкамі і завершаны атыкам. На 2-м паверсе сіметрычна размешчаны 2 балконы з ажурнай метал. агароджай. Ярусы вежы маюць крывалінейныя абрысы, падзелены прафіляванымі карнізамі. У будынку размешчаны Віцебскі абл. краязнаўчы музей.

т. 4, с. 223

ВІ́ЦЕБСКАЯ СВЯТАДУ́ХАЎСКАЯ ЦАРКВА́.

Існавала ў Віцебску ў 16—17 ст. Складаны па кампазіцыі мураваны будынак завершаны 5 шатровымі вярхамі з галоўкамі на светлавых барабанах. Бабінец унутры чляніўся на 2 ярусы: у верхнім размяшчаліся хоры, якія з боку гал. фасада асвятляліся вокнамі — 3 высокімі прамавугольнымі і 1 круглым. Вядомая з «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 4, с. 223

ВІ́ЦЕБСКАЯ СІМЯО́НАЎСКАЯ ЦАРКВА́.

Існавала ў Віцебску ў 17 ст. Двухзрубны драўляны будынак складаўся з прамавугольнага ў плане асн. аб’ёму і алтарнай часткі, завершаных 2-схільнымі дахамі. Цэнтр асн. аб’ёму быў увянчаны высокай складанай па форме купальнай вежачкай з дэкар. крыжам. Вядомая з «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 4, с. 223

ВІ́ЦЕБСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́.

Існавала ў Віцебску ў 17 ст. на тэр. Узгорскага замка. Пабудавана з дрэва ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Складалася з высокіх прамавугольных у плане асн. аб’ёму і гранёнай апсіды, накрытых 2-схільнымі дахамі, і 3-яруснай званіцы (2 ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні з высокімі вузкімі вокнамі ўвянчаны васьмерыковым купалам). Асн. аб’ём завяршаўся галоўкай на высокім барабане. Фасады расчляняліся высока размешчанымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Вядомая з «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 4, с. 223

ВІ́ЦЕБСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1810—50 у Віцебску. Вырабляла сукны для арміі, з 1816 — тонкія сукны і талесы. Мела 17 ткацкіх станкоў (1814), 6 прадзільніц стаячых, 15 самапрадак (1816—26), 5 ткацкіх станкоў (1831), працавала ад 20 (1823) да 220 (1831) рабочых.

т. 4, с. 223

ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́ Маркава манастыра. Існавала ў Віцебску ў канцы 17 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1691 на правым беразе Зах. Дзвіны ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пастаўлена на фундаменце крыжовага драўлянага храма

(засн. ў 1633),

знішчанага пажарам.

Царква 4-зрубная, крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі, тры зрубы 5-гранныя, заходні прамавугольны ў плане, паміж крыламі трансепта і алтарным зрубам — шматгранныя рызніцы. Зрубы і сяродкрыжжа былі перакрыты самкнутымі купаламі і накрыты невысокімі шатрамі з галоўкамі. Увесь будынак меў вял. абходную галерэю на разьбяных слупках з ганкам пры ўваходзе, накрытым шатровым дахам. Знесена ў 1920-я г.

Т.В.Габрусь.

т. 4, с. 223

ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́ на Пескаватыку. Існавала ў Віцебску ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1761 па фундацыі Тадэвуша Агінскага на месцы старой царквы, вядомай па інвентарах з 1618. Вырашана ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пяцізрубны храм крыжовацэнтрычнай кампазіцыі. Цэнтральны 8-гранны зруб быў завершаны светлавым васьмерыком і накрыты пакатым шатром, які пераходзіў у невял. купалок з галоўкай, 4 прамавугольныя ў плане зрубы, арыентаваныя па баках свету, былі накрыты 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Да царквы прылягалі вял. шматгранная ў плане абходная галерэя, 2-ярусная званіца і невял. рызніца па баках алтарнага зруба. Знесена ў 1920-я г.

Т.В.Габрусь.

т. 4, с. 223

ВІ́ЦЕБСКАЯ ТЫТУНЁВА-МАХО́РАЧНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1883—1926 у Віцебску. Размяшчалася ў мураваным будынку (1885). Вырабляла махорку, курыльны тытунь і нюхальную табаку на суму да 700 тыс. руб. (1910). Мела паравыя машыну і кацёл (1895). Працавала ад 75 (1895) да 260 (1914) рабочых.

т. 4, с. 224