ВІ́ТЭ Сяргей Юльевіч
(29.6.1849, Тбілісі — 13.3.1915),
рускі дзярж. дзеяч. Граф (1905), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1893). Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1870). У лют.—жн. 1892 міністр шляхоў зносін, у 1892—1903 міністр фінансаў. Пры Вітэ значна вырас уплыў дзяржавы на эканоміку (падтрымка асобных груп прадпрымальнікаў, некаторых галін прам-сці — горназдабыўной і металургічнай, вінакурэння, чыг. буд-ва і інш.). Гал. мерапрыемствы Вітэ — вінная манаполія (1894), грашовая рэформа (1897), рус.-кіт. дагавор аб буд-ве і эксплуатацыі Кіт.-Усх. чыгункі (1896), рэформа гандл.-прамысл. падаткаабкладання (1898), спроба рэфармаваць гандл.-прамысл. заканадаўства. Са жн. 1903 старшыня Кабінета міністраў. У час рус.-яп. вайны 1904—05 у неспрыяльных міжнар. абставінах дамогся заключэння Портсмуцкага мірнага дагавора з Японіяй (1905). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі пад кіраўніцтвам Вітэ складзены Маніфест 17 кастрычніка 1905, адначасова апублікаваны яго даклад з праграмай рэформаў. Узначальваў (да Крас. 1906) рэфармаваны Савет міністраў. Аўтар мемуараў, якія змяшчаюць багаты фактычны матэрыял.
Тв.:
Воспоминания. Т. 1—3. М., 1960;
Избр. воспоминания, 1849—1911 гг. М., 1991.
т. 4, с. 206
ВІТЭ́ЛА,
Вітэлій (Witelo, Vittelio) Эразм (каля 1230, каля г. Вроцлаў, Польшча — каля 1280), польскі прыродазнавец і філосаф. Вучыўся ў Парыжы і Падуі. Філасофію трактаваў як своеасаблівую навуку аб прыродзе, яго навук. дзейнасць звязана з развіццём эмпірычнага прыродазнаўства, пачатак якому дала оксфардская школа. Аўтар вядомага ў сярэднія вякі трактата па оптыцы «Перспектыва» (1270—73), тройчы выдадзенага ў Нюрнбергу (1535, 1551, 1572). У гэтым творы выкладаюцца элементы геам. оптыкі, вядомыя Эўкліду, Пталамею і Альхазену, а таксама прыводзіцца закон абарачальнасці прамянёў пры пераламленні святла, даказваецца, што парабалічныя люстэркі маюць адзін фокус, разглядаюцца будова вока і ўласцівасці зроку, тлумачыцца прырода вясёлкі на аснове пераламлення святла ў вадзяных кроплях.
Н.К.Мазоўка.
т. 4, с. 206
ВІТЭЛЬСБА́ХІ
(Wittelsbacher),
паўднёва-нямецкая дынастыя, якая правіла ў Баварыі ў 1180—1918. Мелі радавы замак Вітэльсбах (адсюль назва) на ПнУ ад г. Аўгсбург. Атрымаўшы герцагства Баварыю (1180), Вітэльсбахі пасля падзення Генрыха Льва зацвердзіліся таксама ў Рэйнскім Пфальцы (1214). У 1329 падзяліліся на 2 лініі: старэйшую (пфальцкую; з 1356 курфюрсты) і малодшую (баварскую; у 1623 перанялі тытул курфюрста). Пасля спынення дынастыі баварскіх Вітэльсбахаў (1777) і вайны за Баварскую спадчыну 1778—79 пфальцкія Вітэльсбахі аб’ядналі Баварыю і Пфальц (1779). У 1806—1918 Вітэльсбахі — каралі Баварыі. З роду Вітэльсбахаў паходзілі герм. каралі і імператары «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Людовік IV Баварскі [1314—47], Рупрэхт Пфальцкі [1400—10], Карл VII [1742—45].
т. 4, с. 206
ВІТЭРЫ́Т
(ад прозвішча англ. мінералога У.Вітэрынга),
мінерал класа карбанатаў, карбанат барыю, BaCO3. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі рэдкія; часцей трапляецца ў выглядзе грубавалакністых мас, прамянёвых і шчыльных зярністых агрэгатаў. Колер белы да бясколернага, з жаўтаватым, бурым, зеленаватым адценнямі. Празрысты або прасвечвае. Бляск шкляны да смалістага. Цв. 3,5. Крохкі. Шчыльн. каля 4,3 г/см³. Трапляецца ў нізкатэмпературных гідратэрмальных жылах з барытам і галенітам. Руда барыю і яго солей.
т. 4, с. 206