БЯРО́ЗКА (сапр. Бэта) Генрык, бел. святар. Родам з-пад Сухаволі Сакольскага пав. (Беласточчына). У 1920-я г. рэктар духоўнай семінарыі ў Ломжы. Папулярызаваў пчалярства, якое лічыў адным са сродкаў паляпшэння дабрабыту селяніна. У 1911 выдаў у Пецярбургу на бел. мове брашуру «Пчаліна — жывёлка малая, а карысці дае многа», у якой змясціў чарцяжы вулля, апісаў віды работ пчаляра ў залежнасці ад пораў года.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 412
БЯРО́ЗКА
(сапр. Фрайман) Міхаіл Паўлавіч (5.3.1921, в. Скароднае Ельскага р-на Гомельскай вобл. — 30.12.1992),
бел. сцэнарыст, драматург. Засл. дз. маст. Беларусі (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1943). У 1948—76 на кінастудыі «Беларусьфільм». Аўтар сцэнарыяў дакумент., навук.-папулярных фільмаў: «Над ракою Арэсай», «Балгарскія сустрэчы», «Мінск — горад-герой», «Пра маці можна расказваць бясконца», «Успаміны на свята Перамогі», «Дзеці Брэсцкай крэпасці»; маст. фільмаў: «Каханнем трэба даражыць» (1960), «Чорная бяроза» (1978; абодва ў сааўт.), «Апошні крок» (1984), «Спытай у памяці сваёй» (1985) і інш.
т. 3, с. 412
БЯРО́ЗКІ,
вёска ў Беларусі, у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 26 км на Пд ад г. Докшыцы, 213 км ад Віцебска, 38 км ад чыг. ст. Параф’янава, 400 ж., 149 двароў (1995). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
т. 3, с. 412
БЯРО́ЗКІ,
вёска ў Беларусі, у Хоцімскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдЗ ад г.п. Хоцімск, 182 км ад Магілёва, 22 км ад чыг. ст. Камунары. 1305 ж., 563 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі.
т. 3, с. 413
БЯРО́ЗКІН Рыгор Саламонавіч
(3.7.1918, Магілёў — 1.12.1981),
бел. крытык. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1936—38). Друкаваўся з 1935. У крас. 1941 арыштаваны. Калі 26.6.1941 калону арыштаваных кінуў канвой, вярнуўся ў Магілёў, папрасіўся на фронт. Ваяваў да канца вайны. Паўторна арыштаваны ў 1949, да 1955 у лагерах Карагандзінскай і Омскай абласцей. Рэабілітаваны ў 1956. Працаваў у рэдакцыях літ. перыяд. выданняў, у 1970—75 у рэдакцыі бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Даследаваў пераважна паэзію, пытанні культуры творчасці, майстэрства творчых індывідуальнасцей («Паэзія праўды», 1958; «Спадарожніца часу», 1961; «Пімен Панчанка», 1968; «Постаці», 1971; «Аркадзь Куляшоў», 1978). У кн. «Свет Купалы» (1965), «Чалавек на досвітку» (1970, на рус. мове), «Звенні» (1976) даследаваў спадчыну Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, узаемадзеянне бел. і рус. літаратур.
Тв.:
Кніга пра паэзію. Мн., 1974;
Свет Купалы;
Звенні. Мн., 1981;
Чалавек напрадвесні: Расказ пра М.Багдановіча. Мн., 1986;
Паэзія — маё жыццё. Мн., 1989.
Літ.:
Клышко А. Мастерство критика // Дружба народов. 1960. № 1;Адамовіч А. Талент крытыка // Полымя. 1962. № 6; Каваленка В. Крытык і паэт // Там жа. 1969. № 5; Лойко О. Открытие поэта // Вопр. лит. 1967. № 3; Бечик В.В. В неразрывном единстве // Неман. 1978. № 6.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 413
БЯРО́СТА,
пругкі і водаўстойлівы вонкавы слой кары бярозы. З яго атрымліваюць дзёгаць (сухой перагонкай), смалу (апрацоўкай азотнай к-той або спірта-шчолачнай экстракцыяй), сажу (спальваннем пры няпоўным доступе паветра). Здаўна выкарыстоўвалася для вырабу асобных рэчаў хатняга ўжытку (гл. Берасцяныя вырабы) і як матэрыял для пісьма (гл. Берасцяныя граматы).
т. 3, с. 413
БЯРСЕ́НЕЎ
(сапр. Паўлішчаў) Іван Мікалаевіч (23.4.1889, Масква — 25.12.1951),
рускі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1907—08). Працаваў у МХТ (з 1911), МХАТ 2-м (1924—36, з 1928 маст. кіраўнік). З 1938 гал. рэж. Маскоўскага т-ра імя Ленінскага камсамола. З 1939 праф. Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва. Яго рэжысёрскія і акцёрскія работы вызначаліся высокай культурай. Сярод пастановак: «Хлопец з нашага горада» (1941) і «Так і будзе» (1944) К.Сіманава, «Фронт» А.Карнейчука (1942), «За тых, хто ў моры» Б.Лаўранёва (1947). З роляў: Гельмер («Нора» Г.Ібсена), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Сірано дэ Бержэрак (аднайм. п’еса Э.Растана) і інш. Здымаўся ў кіно («Маці», «Вялікі грамадзянін»).
т. 3, с. 413
БЯРША́ДСКІ Сяргей Аляксандравіч
(18.3.1850, г. Бярдзянск Запарожскай вобл., Украіна — 1896),
юрыст, гісторык. Магістр дзярж. права (1883). Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1872). З 1878 выкладчык Пецярбургскага ун-та, адначасова Ваенна-юрыд. акадэміі і імператарскага Аляксандраўскага ліцэя. Нам. старшыні гіст. т-ва пры Пецярбургскім ун-це. Вывучаў па першакрыніцах (пераважна акты Метрыкі ВКЛ) гісторыю яўрэяў Літвы і Беларусі. Асн. працы: «Руска-яўрэйскі архіў: Дакументы і матэрыялы для гісторыі яўрэяў у Расіі» (т. 1—2, 1882), «Літоўскія яўрэі: Гісторыя іх юрыдычнага і грамадскага становішча ў Літве ад Вітаўта да Люблінскай уніі, 1388—1569 г.» (1883), «Лекцыі па гісторыі філасофіі права» (1885).
Дз.У.Караў.
т. 3, с. 413
БЯРША́ЦКІ Аляксандр Львовіч
(25.10.1885, г. Адэса — 16.9.1972),
бел. вучоны ў галіне дрэваапрацоўкі. Д-р тэхн. н. (1952), праф. (1935). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1913). У 1944—56 у Бел. лесатэхн. ін-це. Навук. даследаванні па распрацоўцы фізіка-тэхнал. метадаў разліку аптымальных рэжымаў рэзання драўніны і іх практычным выкарыстанні. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Даведнік па разліку рэжымаў рэзання драўніны» (1962) і «Рэзанне драўніны» (1975, разам з Н.І.Цвятковай).
т. 3, с. 413