БЯРША́ДСКІ Сяргей Аляксандравіч
(18.3.1850, г. Бярдзянск Запарожскай вобл., Украіна — 1896),
юрыст, гісторык. Магістр дзярж. права (1883). Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1872). З 1878 выкладчык Пецярбургскага ун-та, адначасова Ваенна-юрыд. акадэміі і імператарскага Аляксандраўскага ліцэя. Нам. старшыні гіст. т-ва пры Пецярбургскім ун-це. Вывучаў па першакрыніцах (пераважна акты Метрыкі ВКЛ) гісторыю яўрэяў Літвы і Беларусі. Асн. працы: «Руска-яўрэйскі архіў: Дакументы і матэрыялы для гісторыі яўрэяў у Расіі» (т. 1—2, 1882), «Літоўскія яўрэі: Гісторыя іх юрыдычнага і грамадскага становішча ў Літве ад Вітаўта да Люблінскай уніі, 1388—1569 г.» (1883), «Лекцыі па гісторыі філасофіі права» (1885).
Дз.У.Караў.
т. 3, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)