Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЯЛЫ́НІЦКІ МАНАСТЫ́Р РАСТВА́ БАГАРО́ДЗІЦЫ.

Існаваў у г. Бялынічы ў 1877—1918. Утвораны замест зачыненага ў 1877 Мсціслаўскага мужчынскага манастыра. Размяшчаўся ў будынках б. кляштара кармелітаў. Колькасць манахаў дасягала 40 чал. (пач. 20 ст.). Да Бялыніцкага манастыра быў прыпісаны і пазаштатны Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У храме захоўваўся цудатворны абраз Маці Божай, які застаўся ад кармелітаў.

А.А.Ярашэвіч.

т. 3, с. 401

БЯЛЫ́НІЦКІ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі. Адкрыты 29.5.1970 у г.п. Бялынічы Магілёўскай вобл. Плошча выставачных залаў 259 м². У музеі 406 экспанатаў

(1996). Экспануюцца творы Бялыніцкага-Бірулі («Лёд прайшоў», «Лес зазелянеў», «Апошні снег», «Маладыя бярозкі», усяго 26 карцін),

бел. жывапісцаў Н.Воранава, П.Данелія, Ф.Дарашэвіча, К.Касмачова, П.Крохалева, А.Шыбнёва, скульпт. Л.Гумілеўскага, І.Міско, Г.Мурамцава, С.Селіханава і інш.

т. 3, с. 401

БЯЛЫ́НІЦКІ РАЁН,

на ПнЗ Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 28,1 тыс. чал. (1996), гарадскога 37,2%. Сярэдняя шчыльн. 20 чал/км². Цэнтр — г.п. Бялынічы. 199 сельскіх нас. пунктаў. 8 сельсаветаў: Вішоўскі, Галоўчынскі, Запольскі, Ланькаўскі, Лебядзянкаўскі, Машчаніцкі, Цяхцінскі, Эсьмонскі.

Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 207 м (каля в. Ясная Паляна). Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, сілікатныя пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,3 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 657 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Рэкі: Друць (з прытокамі Вабіч, Няропля, Малыш з Ліпаўкай, Аслік), Клява. Азёры: Чорнае, Заазерскае, Няропля, Падазерышча, Карманоўскае. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 30,7% тэр. раёна, пераважна хваёвыя, бярозавыя і яловыя; балотамі занята 7,2% тэрыторыі. Гідралагічны заказнік Заазер’е.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 65,9 тыс. га, з іх асушаны 14,1 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 5 саўгасаў, аграгандл. прадпрыемства «Друць». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры і бульбу. Прадпрыемствы харч. (крухмал, сыры), дрэваапр. (дзелавая драўніна, піламатэрыялы), камбікормавай (тэхн. тлушч, травяная мука) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Магілёў—Асіповічы, аўтадарогі Мінск—Магілёў, Бялынічы—Шклоў. У раёне 12 сярэдніх, 5 базавых, 10 пач. школ, ПТВ, цэнтр. дзіцячая школа мастацтва, 21 дашкольная ўстанова, 28 клубаў, 29 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 18 фельч.-ак. пунктаў. 2 музеі: мастацкі імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі і краязнаўчы. Выдаецца газ. «Зара над Друццю».

М.М.Брылеўскі.

т. 3, с. 401

БЯЛЫ́НІЧЫ,

гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Друць. За 44 км ад Магілёва, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 10,7 тыс. ж. (1995).

Паводле пісьмовых крыніц Бялынічы вядомы з сярэдзіны 16 ст. як сяло ў Аршанскім пав. Віцебскага ваяв. ВКЛ. У 1577 кн. С.А.Збаражскі заснаваў тут замак і мястэчка. З пач. 17 ст. ўласнасць Сапегаў, якія заснавалі ў Бялынічах кляштар кармелітаў і пры ім друкарню і касцёл (гл. Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў). З 1685 належалі Радзівілам, Агінскім. З 1772 у Магілёўскім пав. Расійскай імперыі. У 1785 у Бялынічах 831 ж., 108 двароў, млын, 4 кірмашы на год. Пасля 1861 цэнтр воласці Магілёўскага пав. У 1897 — 2215 ж. З 1924 цэнтр раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 6.7.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія разбурылі Бялынічы, загубілі ў гар. пасёлку і раёне каля 2 тыс. чал. Дзейнічала Бялыніцкае патрыятычнае падполле. У вер. 1943 партызаны разграмілі ў Бялынічах варожы гарнізон (гл. Бялыніцкія аперацыі 1943). У 1977 — 6,6 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы харч. прам-сці. З сярэднія і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік В.К.Бялыніцкаму-Бірулю, Бялыніцкі мастацкі музей імя Бялыніцкага-Бірулі.

т. 3, с. 403

БЯЛЫ́НКАВІЦКІ РАЁН.

Існаваў у БССР у 1924—27. Утвораны 17.7.1924 у складзе Калінінскай, з 1927 у Магілёўскай акрузе. Цэнтр — в. Бялынкавічы. Падзяляўся на 10 сельсаветаў: Батаеўскі, Бялынкавіцкі, Баронькаўскі (Барэйкаўскі), Велікаборскі, Гаўрыленскі, Каніцкі, Машаўскі, Мокраўскі (Макранскі), Смолькаўскі, Сялецкі. Скасаваны 4.8.1927, тэр. перададзена ў склад Касцюковіцкага р-на.

т. 3, с. 403

БЯЛЫ́НКАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Беседзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПдУ ад г. Касцюковічы, 174 км ад Магілёва, 2 км ад чыг. ст. Бялынкавічы, 606 ж., 214 двароў (1995), лясніцтва.

У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаюцца ў 1613 як вёска ў Крычаўскім старостве Мсціслаўскага ваяв. ВКЛ. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у Рас. імперыі, падаравана Р.А.Пацёмкіну. З 1784 — мястэчка ў Клімавіцкім пав. У 1880 — цэнтр воласці; 339 ж., 76 дамоў, правасл. царква, яўр. малітоўная школа, карчма, у фальварку — бровар. У 1886 у Бялынкавічах 292 ж., 51 двор; штогод праводзіўся кірмаш. З 1924 у Калінінскім пав. З 17.7.1924 да 4.8.1927 цэнтр Бялынкавіцкага раёна. З 1927 цэнтр сельсавета Касцюковіцкага р-на, з 1938 у Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 да 27.9.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 у Бялынкавічах 725 ж., 197 двароў.

У Бялынкавічах сярэдняя школа, вучэбна-вытв. камбінат, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, дом-інтэрнат, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

У.Р.Ламінскі (гісторыя).

т. 3, с. 403

БЯЛЬДЗЮ́ГІ

(Zoarces),

род рыб сям. бяльдзюгавых атр. акунепадобных. 3 віды: бяльдзюга еўрапейская (Z. viviparus, пашырана ў бас. Паўн. Ледавітага ак. і Балтыйскага м.; бяльдзюга ўсходняя (Z. elongatus) — у Ахоцкім м. і паўн. ч. Японскага м.; бяльдзюга амерыканская (Z. americanus) — у паўн.-зах. ч. Атлантычнага ак. Жывуць у прыбярэжнай ч. на глыб. 20—30 м, заходзяць у апрэсненыя воды.

Даўж. да 1 м, маса да 6 кг. Цела падоўжанае, укрытае сліззю, буравата-жоўтае з плямамі. Бяльдзюга еўрапейская і ўсходняя — жывародныя, нараджаюць 10—400 малявак даўж. 3—4 см. Бяльдзюга амерыканская адкладвае ікру. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой і маляўкамі інш. рыб. Прамысловыя.

т. 3, с. 403

БЯЛЬЗА́ЦКАЯ Марына Мікалаеўна

(н. 4.12.1913, Масква),

бел. артыстка балета, балетмайстар. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Нар. арт. Беларусі (1977). Скончыла балетны тэхнікум пры Вял. т-ры (1931), працавала ў муз. т-рах Масквы. З 1944 салістка балета Дзярж. джаз-аркестра БССР, з 1947 т-ра муз. камедыі БССР, з 1949 ансамбля аперэты пры Белдзяржэстрадзе. Стваральнік (1958), маст. кіраўнік і харэограф (да 1996) мінскага ўзорнага ансамбля танца «Равеснік» рэсп. міжсаюзнага Палаца культуры прафсаюзаў (больш за 100 пастановак).

т. 3, с. 403

БЯЛЬЗА́ЦКІ Юрый Давыдавіч

(31.12.1909, Варшава — 31.8.1963),

бел. кампазітар, дырыжор, піяніст. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю па класах кампазіцыі і дырыжыравання (1934). На Беларусі з 1939. У 1940—47 у Дзярж. джаз-аркестры БССР, з 1949 канцэртмайстар Белдзяржэстрады, у 1958—61 маст. кіраўнік і гал. дырыжор канцэртна-эстраднага аркестра Бел. радыё. Сярод твораў муз. камедыя «Даліна шчасця» (паст. 1957); араторыя «Маёй Радзіме» (1963); Сюіта на тэмы польскіх нар. танцаў і Балетная сіюта для сімф. арк.; Канцэрт для скрыпкі з арк. (1955), «Ваенная фантазія», Фантазія на тэмы песень У.Алоўнікава (для эстр. арк.), музыка да кінафільмаў «Паўлінка», «Зялёныя агні», «Міколка-паравоз», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Каханнем трэба даражыць» (усе ў сааўт.), «Наперадзе круты паварот» і інш.

Дз.М.Жураўлёў.

т. 3, с. 403

БЯЛЬКЕ́ВІЧ Іван Кандратавіч

(6.3.1883, в. Варонічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.10.1960),

бел. мовазнавец. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1909), БДУ (1925). Настаўнічаў, працаваў у Наркамаце асветы Беларусі, дырэктарам Мсціслаўскага пед. тэхнікума, у Інбелкульце (з 1927). У 1930 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1960. Жыў у Расіі, на Украіне. Займаўся праблемамі культуры бел. літ. мовы. Аўтар «Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны» (1970) — самага вял. абл. слоўніка бел. мовы (каля 20 тыс. слоў).

Літ.:

Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 133—179.

т. 3, с. 403