БЯЛЫ́НІЧЫ,

гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Друць. За 44 км ад Магілёва, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 10,7 тыс. ж. (1995).

Паводле пісьмовых крыніц Бялынічы вядомы з сярэдзіны 16 ст. як сяло ў Аршанскім пав. Віцебскага ваяв. ВКЛ. У 1577 кн. С.А.Збаражскі заснаваў тут замак і мястэчка. З пач. 17 ст. ўласнасць Сапегаў, якія заснавалі ў Бялынічах кляштар кармелітаў і пры ім друкарню і касцёл (гл. Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў). З 1685 належалі Радзівілам, Агінскім. З 1772 у Магілёўскім пав. Расійскай імперыі. У 1785 у Бялынічах 831 ж., 108 двароў, млын, 4 кірмашы на год. Пасля 1861 цэнтр воласці Магілёўскага пав. У 1897 — 2215 ж. З 1924 цэнтр раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 6.7.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія разбурылі Бялынічы, загубілі ў гар. пасёлку і раёне каля 2 тыс. чал. Дзейнічала Бялыніцкае патрыятычнае падполле. У вер. 1943 партызаны разграмілі ў Бялынічах варожы гарнізон (гл. Бялыніцкія аперацыі 1943). У 1977 — 6,6 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы харч. прам-сці. З сярэднія і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік В.К.Бялыніцкаму-Бірулю, Бялыніцкі мастацкі музей імя Бялыніцкага-Бірулі.

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)