АФІЯЛІ́ТЫ
[ад грэч. ophis змяя + ...літ(ы)],
асноўныя і ультраасноўныя інтрузіўныя (дуніты, перыдатыты, піраксеніты, габра), эфузіўныя (пераважна базальты і іх туфы) і асадкавыя (глыбакаводныя асадкі акіянскага тыпу) горныя пароды, якія трапляюцца разам. Афіяліты разглядаюць як рэлікты акіянскай кары геал. мінулага, перамешчаныя на ўскраіны мацерыкоў. Важна даследаваць афіяліты, каб выяўляць радовішчы рудаў, генетычна звязаныя з пародамі афіялітавага комплексу (хрому, нікелю, плаціны, золата, ртуці і інш.), а таксама вывучаць развіццё зямной кары.
т. 2, с. 135
АФЛАТАКСІ́НЫ,
група атрутных для жывёл і чалавека рэчываў, якія выпрацоўваюцца плесневымі грыбамі, пераважна з роду Aspergillus. Парушаюць работу печані і сінтэз бялкоў, прыгнечваюць актыўнасць ферментаў у млекакормячых, птушак, рыб; патэнцыяльныя канцэрагены, у тым ліку для чалавека. Харч. прадукты і кармы могуць быць забруджаны афлатаксінамі на розных стадыях іх прыгатавання і захоўвання. Пры звычайных спосабах апрацоўкі ежы і корму афлатаксіны разбураюцца часткова. Больш дзейснымі з’яўляюцца стэрылізацыя ў аўтаклаве ў прысутнасці амонію або апрацоўка гіпахларытам. Гранічна дапушчальная доза афлатаксінаў у ежы чалавека 30 мкг на 1 кг прадукту.
т. 2, с. 135
АФО́Н
(Athōs),
Аян-Орас (грэч. Святая гара), манастырскі комплекс у Грэцыі, на п-ве Халкідыкі. Склаўся ў 10—11 ст. на месцы стараж.-грэч. калоніі. Засн. ў 962 грэкам Афанасіем (лаўра). У наступныя стагоддзі — буйны цэнтр правасл. царквы. З 1430 да 1913 анклаў у Турцыі, потым у складзе Грэцыі. Уключае 20 манастыроў, размешчаных у скалах. У цэнтры Афона — манастыр Прататон (засн. ў 10 ст.) з базілікай (фрэскі М.Панселіна, 14 ст.). Манастырам характэрныя купальныя трыконхавыя цэрквы з вял. прытворам, часам упрыгожаныя фрэскамі і мазаікамі (неаднаразова перабудоўваліся і абнаўляліся): Лаўра (962—963), Моні-Івірон (980), Філатэос (12 ст.), Аяс-Паўлас (11—14 ст.). У комплекс уваходзяць таксама манастыры сербскі Хіландар, рус. св. Панцеляймона (абодва 12 ст.), балг. Заграфа (11—13 ст.) і інш. У манастырах багатыя калекцыі візант. рукапісаў, абразоў, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Літ.:
Chreston P. Athos: History, monuments, life. Thessaloniki, 1970.
т. 2, с. 135
АФО́НІН Міхаіл Іванавіч
(11.11.1908, Масква — 7.11.1990),
бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Д-р с.-г. н.(1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1973). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1932). З 1945 дырэктар Усесаюзнага НДІ лёну, з 1952 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па біялогіі, селекцыі і агратэхніцы лёну-даўгунцу (пад яго кіраўніцтвам выведзена 11 сартоў). Распрацаваў новыя спосабы вырошчвання лёну, тэхналогію яго камбайнавай уборкі.
т. 2, с. 136
АФО́НТАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў верхняга палеаліту, якія жылі ў даліне Енісея 20—12 тыс. г. назад. Назва ад стаянак на Афонтавай Гары на ўскраіне г. Краснаярска. Насельніцтва займалася паляваннем на паўн. аленя, маманта, пясца і інш. Для афонтаўскай культуры характэрны крамянёвыя скрэблы, скрабкі, адшчэпы з рэтушаванымі краямі, касцяныя наканечнікі коп’яў, іголкі. Выўялены рэдкія для Сібіры рэшткі палеалітычнага чалавека (зуб, косці рукі, фрагмент чэрапа з выразнымі мангалоіднымі рысамі).
т. 2, с. 136
АФО́РТ
(франц. eau-forte літар. азотная кіслата),
від гравюры на метале, у якой паглыбленыя элементы друкарскай формы ствараюцца траўленнем металу кіслотамі.
Металічную пласціну («дошку») пакрываюць кіслотаўстойлівым лакам, потым гравіравальнай іголкай, якая знімае лак і агаляе метал, наносяць малюнак. Змясціўшы «дошку» ў кіслату, пратраўліваюць метал, што паглыбляе след ад іголкі. Малюнак запаўняюць фарбай. Адбіткі з дапамогай спец. станка пераносяць на вільготную паперу. У шырокім сэнсе афорт уключае і інш. віды гравюры з траўленнем: акватынту, лавіс, мяккі лак; можа спалучацца з «сухой іголкай» і гравюрай разцом. Афорт узнік у Зах. Еўропе на пач. 16 ст. (Д.Хопфер, А.Дзюрэр у Германіі, У.Граф у Швейцарыі). Развіццё атрымаў у творчасці мастакоў 17—19 ст.: Ж.Кало (Францыя), Рэмбранта, Дж.Піранезі (Італія), Ф.Гоі (Іспанія). Да афорта звяртаюцца ў 20 ст. Ф.Брэнгвін (Вялікабрытанія), К.Кольвіц (Германія) і інш.
На Беларусі першыя афортныя творы (медзярыт) з’явіліся ў 16 ст. (Карта Полацкай зямлі і План Полацка, абодва 1579). У 1980—90-я г. ў тэхніцы афорта выконваюцца асобныя творы і цыклы, прысвечаныя гісторыі і сучаснасці (Л.Ран, А.Кашкурэвіч, Л.Асецкі, А.Паслядовіч, Г.Паплаўскі, М.Басалыга, М.Барздыка, В.Баранаў, С.Герус, С.Балянок, Ю.Падолін і інш.).
М.М.Паграноўскі.
т. 2, с. 136
АФОТАБІЯСФЕ́РА,
частка біясферы, куды не трапляюць сонечныя прамяні (у межах гідрасферы і літасферы).
т. 2, с. 136
АФРАДЫЗІЯ́КА,
рэчывы, якія стымулююць палавую цягу і актыўнасць. Традыцыйна гэта сродкі расліннага і жывёльнага паходжання. Сродкі нар. медыцыны: цыбуля, яйкі, сельдэрэй, мёд, шакалад, амбра, гарчыца, крабы, вустрыцы, жэньшэнь, бабровы струмень, залаты корань; фармакалагічныя сродкі: палавыя гармоны, псіхастымулятары, адаптагены. Радзей да афрадызіякаў адносяць эратычныя фатаграфіі, відарысы, кнігі, кіна- і відэафільмы і інш.
т. 2, с. 136
АФРАДЫ́ТА,
у стараж.-грэч. міфалогіі багіня кахання і хараства. Дачка Зеўса і акіяніды Дыёны (паводле інш. міфаў, Афрадыта ўзнікла з марской пены). Культ Афрадыты быў пашыраны акрамя Грэцыі на ўзбярэжжы М. Азіі, Эгейскага м. і ў грэч. калоніях Прычарнамор’я. У творах мастацтва ўвасабляла ідэал жаночага хараства. З ант. скульптур найб. вядомыя: Афрадыта Кнідская Праксіцеля, Афрадыта Медычы, Афрадыта Таўрыйская, Афрадыта (Венера) Мілоская і інш. Грэч. пісьменнік Лукіян прысвяціў Афрадыце трактат «Пра Сірыйскую багіню». У рымскай міфалогіі Афрадыце адпавядае Венера.
т. 2, с. 137
АФРАСІЯ́Б,
гарадзішча стараж. Самарканда (Мараканда; Узбекістан) на ўскраіне сучаснага горада. Першыя ўмацаванні (гліняны вал) пабудаваны ў канцы 8—7 ст. да нашай эры; у 6—4 ст. да нашай эры Афрасіяб — буйнейшы горад пл. 219 га. Раскопкамі выяўлены рэшткі жылых і рамесніцкіх кварталаў, мячэць і палац 7—8 ст. з насценнымі размалёўкамі. Сярод шматлікіх знаходак — асуарыі ў форме статуй, тэракотавыя статуэткі і пліткі, паліваная кераміка і інш. У 1220 Афрасіяб разбураны манголамі.
т. 2, с. 137