Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АГБАМО́ША

(Ogbomosho),

горад на ПдЗ Нігерыі. 484,7 тыс. ж. (1976). Вузел аўтадарог. Гандаль какава-зярнятамі, пладамі алейнай пальмы, ямсам. Абутковая прам-сць. Саматужная вытв-сць тканіны.

т. 1, с. 74

Агееў Сяргей Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 329

Агеец Уладзімір Юльянавіч

т. 18, кн. 1, с. 329

Агейчанка Фёдар Яфімавіч

т. 18, кн. 1, с. 329

АГЕ́НТ

[ад лац. agens (agentis) які дзейнічае],

1) асоба, якая дзейнічае па даручэнні каго-н.; прадстаўнік установы, арг-цыі, упаўнаважаны.

2) Агент дыпламатычны — афіц. асоба, якая ажыццяўляе знешнепаліт. прадстаўніцтва. У прыватнасці, агентамі з’яўляюцца дыпламат. прадстаўнікі і персанал пасольстваў, місій. Агент консульскі — у практыцы некаторых дзяржаў службовая асоба консульскай установы.

3) Агент разведкі — асоба, якая нелегальна выконвае заданні разведвальных органаў якой-н. краіны.

4) У навук. тэрміналогіі — дзейная прычына, якая выклікае пэўныя з’явы (у прыродзе, арганізме чалавека і інш.).

т. 1, с. 74

АГЕ́НЦТВА,

1) арганізацыя, якая за абумоўленую плату выконвае пэўныя даручэнні фіз. або юрыд. асоб (давернікаў). Аб’ём, парадак і ўмовы агенцкага абслугоўвання фіксуюцца ў дагаворы паміж агенцтвам і давернікам, ад імя, за кошт і ў інтарэсах якога агенцтва дзейнічае.

2) Прадстаўніцтва, аддзяленне якой-н. установы ці прадпрыемства, напр. тэлегр. агенцтва, трансп. агенцтва, Агенцтва друку, агенцтва літаратурнае.

т. 1, с. 74

АГЕ́НЦТВА ДРУ́КУ,

арганізацыя, якая займаецца зборам, перапрацоўкай і забеспячэннем інфармацыяй перыяд. выданняў, радыё, тэлебачання, урадавых структур, грамадскіх арг-цый і прыватных асоб. Агенцтвы друку збіраюць інфармацыю без абмежавання тэматыкі, характару і спосабу пераказу, у т. л. фота- і кінаінфармацыю, або маюць акрэслены профіль паводле віду інфармацыі (інфармацыйныя, публіцыстычныя, рэкламныя, фотаагенцтвы), тэматыкі (этанам.,, навуковыя, фінанс., спарт. і інш.) ці прыналежнасці да пэўных слаёў грамадства (маладзёжныя, жаночыя і інш.). Падзяляюцца на міжнар., рэгіянальныя, нац. і мясцовыя. Большасць нац. агенцтваў друку з’яўляюцца афіцыйнымі (прадстаўляюць пункт гледжання ўрада), паўафіцыйнымі (прадстаўляюць пункт гледжання колаў, набліжаных да ўрада), незалежнымі (звязаныя з рознымі паліт. эканам. групоўкамі).

Узніклі з развіццём перыяд. друку і ўдасканаленнем тэхнікі сувязі. Першыя агенцтвы друку заснавалі Ш.Авас (1835, Парыж), Б.Вольф (1894, Берлін) і П.Рэйтэр (Лондан). У 1870 агенцтвы Аваса, Рэйтэра і Вольфа падзялілі сферы ўплыву. У канцы 19 ст. вырасла значэнне амер. агенцтва Асашыэйтэд Прэс (АП). У 1904 створана Санкт-Пецярбургскае тэлегр. агенцтва. У 1-й чвэрці 20 ст. ўзніклі нац. агенцтвы ў краінах Цэнтр. і Усх. Еўропы: Тэлеграфнае агенцтва Савецкага Саюза (ТАСС), ЧТК у Чэхаславакіі, ПТА у Польшчы і інш. З выкарыстаннем радыётэлеграфа (1919) і тэлетайпа (1929) колькасць агенцтваў друку павялічылася. У 1945 існавалі 55 агенцтваў друку ў 30 краінах, у 1991 — каля 220 агенцтваў у 140 краінах. Узрасло значэнне амер. агенцтва АП і Юнайтэд Прэс Інтэрнэшанал (ЮПІ). У Францыі створана агенцтва Франс Прэс (АФП, 1944), у Германіі — Дойчэ Прэсэагентур (ДПА). Усе яны, разам з італьян. АНСА, ісп. ЭФЭ і яп. Кіода Цусін найб. вядомыя на сусв. рынку інфарм. агенцтваў. У незалежных дзяржавах б. СССР дзейнічаюць агенцтвы друку: РІА — Навіны, ІТАР—ТАСС, Інтэрфакс, Пастфактум (Расія), ЭЛЬТА (Літва), ЭТА (Эстонія), Укрінфарм (Украіна), Азерінфарм (Азербайджан), Армянпрэс (Арменія) і інш.

На Беларусі дзейнічаюць афіц. дзярж. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА, з 1931; у 1991 — кастр. 1995 Беларускае інфармацыйнае агенцтва, БелІНФАРМ) і таксама недзярж. інфарм. службы Беларускае прыватнае агенцтва навін (БелаПАН), агенцтва «Павет», Рэклама, інфармацыя, дайджэст (РІД).

Апрача ўжо агульнавядомых тэхн. сродкаў перадачы інфармацыі (тэлекс, радыётэлефон, тэлефакс і інш.) усё большае выкарыстанне знаходзяць электронныя сродкі (тэлетэкст, дыстанцыйны набор, сістэма аўтам. кіравання і апрацоўкі інфармацыі). З 1970 агенцтвы друку выкарыстоўваюць спадарожнікавую сувязь.

Н.К.Мазоўка.

т. 1, с. 74

АГЕ́НЦТВА ПА ШМАТБАКО́ВАЙ АХО́ВЕ ІНВЕСТЫ́ЦЫЙ,

Міжнароднае агенцтва па гарантыях інвестыцый (Multilateral investment guarantee agency), спецыялізаваная міжнар. арг-цыя ААН. Уваходзіць у Сусветны банк. Засн. ў 1988. Асн. мэты: доўгатэрміновае страхаванне прыватных інвестыцый на развіццё краін-удзельніц на выпадак рызыкоўных паліт. сітуацый (ахова ад рызыкі экспрапрыяцыі, незаконнага пераводу плацяжоў, ваеннай і грамадз. нестабільнасці і інш.), адкрыццё дарадчых і кансультацыйных службаў. У крас. 1992 аб’ядноўвала 77 краін-удзельніц, у т. л. Рэспубліку Беларусь (з 1992).

т. 1, с. 74

А́ГЕР ПУ́БЛІКУС

(лац. ager publicus грамадскае поле),

у Стараж. Рыме назва зямель заваяваных гарадоў і абшчын, ператвораных у рым. дзярж. ўласнасць. Пазней большасць іх захоплена патрыцыямі. Пытанне аб даступнасці да агер ппублікуса і іх перадзеле было адным з асн. патрабаванняў плебеяў у барацьбе супраць патрыцыяў і выклікала прыняцце шматлікіх агр. законаў.

т. 1, с. 74

АГЕСІЛА́Й II

(каля 442 — каля 358 да н.э.),

цар Спарты [401—358 да н.э.], палкаводзец, дыпламат. У 396—394 паспяхова ваяваў з Персіяй, але адкліканы ў сувязі з Карынфскай вайной (395—387). Пасля Анталкідава міру 387 (або 386) аднавіў гегемонію Спарты ў Грэцыі. У 378—362 ваяваў з Эпамінондам, у 361—360 удзельнічаў у вайне егіпцян з персамі. Памёр у час вяртання з Егіпта.

т. 1, с. 74