Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІ́ЦЕБСКАЯ ФЕ́ЛЬЧАРСКА-АКУШЭ́РСКАЯ ШКО́ЛА.

Існавала ў Віцебску ў 1906—13. Засн. ўрачом У.В.Счасновічам як прыватная школа. Для выкладання запрашаліся спрактыкаваныя ўрачы, акушэры-гінеколагі, якія спалучалі мед. практыку з навук. дзейнасцю. Праграма навучання сярэдняга акушэрскага персаналу забяспечвала цесную сувязь тэарэт. ведаў з практыкай. Штогод школа выпускала 30—60 чал.

т. 4, с. 224

ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА-МАЙСТЭ́РНЯ Ю. ПЭ́НА,

прыватная школа малявання і жывапісу ў Віцебску ў 1898—1918. Створана Ю.Пэнам. У праграму заняткаў уваходзілі: маляванне гіпсавых фігур, з натуры, на пленэры. У школе вучылася ад 10 да 25 чалавек ад 1 да 6 месяцаў. Яе закончылі З.Азгур, Е.Кабішчар, Я.Мінін, М.Шагал, С.Юдовін і інш. У 1907, 1914 адбыліся выстаўкі работ Пэна і яго вучняў.

Л.Дз.Налівайка.

т. 4, с. 225

ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА АКВАРЭ́ЛІ,мастацкая школа ў Віцебску. Пачала складвацца на пач. 1950-х г. Характэрныя рысы — засяроджанасць на выяўленні жывапісных якасцей акварэлі, праблеме каларыту, сувязь з традыцыямі мясц. культуры. Каля вытокаў Віцебскай школы акварэлі стаяў І.Сталяроў. У фарміраванне яе традыцый зрабілі ўклад мастакі Ф.Гумен, А.Карпан, М.Ляўковіч, В.Ляховіч, В.Ральцэвіч, А.Кастагрыз, І.Шкуратаў. У традыцыях Віцебскай школы акварэлі мастакі працавалі і працуюць у розных манерах, кірунках (Л.Воранава, М.Драненка, У.Іваноў, І.Кісялёў, В.Лук’янава, У.Напрэенка, Я.Панамарэнка, Р.Танковіч, Г.Шутаў, А.Шыёнак і інш.). У 1995 створана суполка «Віцебская акварэль», якая аб’ядноўвае найб. вядомых прадстаўнікоў школы.

Літ.:

Цыбульскі М. Акварэльная аўра Віцебска // Беларусь. 1995. № II;

Рынковіч У. І лёд, і полымя // Мастацтва. 1995. № Ю. М.Л.Цыбульскі.

т. 4, с. 225

ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

самабытная арх. школа, што склалася ў драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Віцебска ў 17—18 ст. Сфарміравалася пад уплывам Адраджэння, у 18 ст. развівалася пад уплывам стылю барока.

Спецыфічная рыса школы — ярусныя кампазіцыі, дзе кожны аб’ём быў самаст. арх. адзінкай і адначасова падпарадкоўваўся агульнай кампазіцыі будынка. Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым буд-ве — сцены ў выглядзе гародняў, раскаты, вежы і інш. Асн. тыпы вежаў — прамавугольныя і васьмігранныя («круглікі»); у залежнасці ад функцый — вежы-брамы і глухія вежы. Замкавыя пабудовы (Верхні, Ніжні, Узгорскі замкі, гл. ў арт. Віцебскія замкі) фарміравалі адзіную структуру, суцэльную горадабуд. сістэму. Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі 1-й пал. 17 ст. — дамы Горскага, Шапкіна, Віцебскі палац Агінскага. Да помнікаў Віцебскай школы дойлідства належаць грамадз. пабудовы — будынак прыказа, двор ваяводы, Віцебская ратуша з Віцебскім гасціным дваром. Культавыя будынкі мелі спецыфічныя рысы аб’ёмнапланіровачнай кампазіцыі, якія набліжалі іх да рус. і ўкр. архітэктуры. Яны ўяўлялі сабой ярусныя кампазіцыі, якія аб’ядноўвалі некалькі аб’ёмаў у адзіны суцэльны ансамбль; крыжова-цэнтрычныя храмы ўключалі 4—5 зрубаў, размешчаных вакол цэнтральнага, а таксама званіцу на гал. фасадзе (Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку), мелі галерэі, якія апяразвалі па перыметры ўвесь будынак або размяшчаліся з боку бабінца (Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра). Помнікі Віцебскай школы дойлідства не захаваліся, вядомыя паводле абмераў, замалёвак, фотаздымкаў 19 — пач. 20 ст.

Літ.:

Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980.

Г.А.Лаўрэцкі.

т. 4, с. 225

ВІ́ЦЕБСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,

дзяржаўнае ўладанне (каралеўшчына) у ВКЛ у 17—18 ст. Упамінаецца з пач. 17 ст. як эканомія, што здавалася ў службовы лен (уладанне, падараванае васалу за вайск. або адм. службу), на тэр. Віцебскага ваяв. Паводле інвентароў 1657 і 1667, складалася з 5 валасцей, у якіх былі 54 сял. дымы і 28 службаў. У 1785 пл. эканоміі 17 тыс. дзесяцін з 431 сялянскай хатай. З 1773 уваходзіла ў Віцебскую правінцыю, з 1777 — у Віцебскі і Суражскі пав. У канцы 18 ст. б.ч. Віцебскай эканоміі падаравана ў вечнаспадчынную ўласнасць прыватным асобам.

Я.К.Анішчанка.

т. 4, с. 226

ВІ́ЦЕБСКАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ.

Дзейнічала з 1897 у Віцебску. Створана разам з Віцебскім трамваем. Мела 4 паравыя рухавікі, выпрацоўвала 618,1 тыс. кВт·гадз электраэнергіі (1913). Дзейнічалі 2 секцыі паравых водатурбінных катлоў, кандэнсатары, градзірня, паравыя машыны і дынамамашыны. Было 5 ліній электрасеткі: Вакзала, Задунаўская, Магілёўская, Смаленская і Цэнтральная. Працавала 86 рабочых (1910). Да пуску Беларускай ДРЭС у 1930 была адзінай крыніцай энергазабеспячэння горада.

т. 4, с. 226

ВІ́ЦЕБСКА-АРША́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 1-га Прыбалт. (ген. арміі І.Х.Баграмян) і 3-га Бел. (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) франтоў 23—28 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 5-я, 6-я і 11-я гв., 31, 39, 43, 5-я гв. танк., 1-я і 3-я паветр. арміі, 1-ы танк. корпус. Каардынаваў дзеянні франтоў Маршал Сав. Саюза А.М.Васілеўскі. Задача аперацыі — разграміць віцебска-лепельскую, віцебскую, аршанскую групоўкі ням. абарончага рубяжа «Пантэра», выйсці да р. Бярэзіна. У ходзе аперацыі з удзелам партыз. брыгад вызвалены Шуміліна (23 чэрв.), Багушэўск, Бешанковічы, Сянно (25 чэрв.), Віцебск (гл. Віцебскі «кацёл»), Дуброўна, Талачын (26 чэрв.), Орша, Чашнікі (27 чэрв.), Лепель (28 чэрв.), сав. войскі выйшлі на р. Бярэзіна і стварылі ўмовы для наступлення на Мінск і тэр. Прыбалтыкі. 62 злучэнням і часцям Сав. Арміі нададзены ганаровыя найменні «Віцебскіх», 11 — «Аршанскіх».

т. 4, с. 212

ВІ́ЦЕБСКА АБАРО́НА 1941 Вялася злучэннямі 19, 20, 22-й армій Зах. фронту і Віцебскім народным апалчэннем 1941 5—11 ліп. ў Вял. Айч. вайну. У ходзе абароны 6 ліп. воіны 5-га і 7-га механіз. карпусоў 2-й арміі нанеслі контрудар па ворагу ў напрамку Сянно—Лепель (гл. Лепельскі контрудар 1941). З 5 ліп. 153-я стралк. дывізія вяла баі на рубяжы в. Гняздзілава — усх. бераг воз. Саро — вёскі Ліпна — Парнева — Машканы — Александрова. 9 ліп. вораг у абход прарваўся да Віцебска. Разам з сав. войскамі горад абаранялі апалчэнцы. 10 ліп. 220-я мотастралк. дывізія 19-й арміі двойчы выбівала праціўніка з усх. ч. горада. З-за перавагі ў сілах 11 ліп. ням.-фаш. войскі занялі Віцебск. Віцебска абарона затрымала прасоўванне ворага на У, прычыніла яму значныя страты.

т. 4, с. 212

«ВІЦЕБСКДРЭ́Ў»,

акцыянернае таварыства па апрацоўцы драўніны. Створана ў 1928 у Віцебску як фанерны з-д, з 1963 домабуд., з 1973 дрэваапр. камбінат, галаўное прадпрыемства Віцебскага вытв. дрэваапр. аб’яднання, з 1988 ВА «Віцебскдрэў», з 1994 акц, т-ва. Працуюць цэхі: дрэваапр., драўнінна-стружкавых і драўнінна-валакністых пліт, штучнага паркету, сталярных вырабаў, карбамідных смол. Асн. прадукцыя (1996): драўнінна-валакністыя і драўнінна-стружкавыя пліты, скрынкі (камплекты), блокі для дзвярэй і вокнаў.

т. 4, с. 226

ВІ́ЦЕБСКІЯ БАІ́ 1812,

баі за Віцебск у ходзе вайны 1812 пры адступленні ў ліпені і наступленні ў лістападзе рус. войск. 23 ліп. ў Віцебск увайшла 1-я рус. армія, якая адступала. Яе камандуючы М.Б.Барклай дэ Толі вырашыў даць тут генеральную бітву, бо разлічваў на хуткі падыход 2-й арміі П.І.Баграціёна. Аднак 26—27 ліп. Барклаю стала вядома, што французы захапілі Магілёў, а Баграціён адступае на Смаленск, таму ён адмовіўся ад генеральнай бітвы і таксама вырашыў адступаць на Смаленск. Для прыкрыцця адступлення 1-й арміі быў пакінуты ар’ергард ген.-маёра П.П.Палена з 8 пях. батальёнаў і 4 кав. палкоў. 27 ліп. ў ходзе бою пры ўпадзенні р. Лучоса ў Зах. Дзвіну рус. войскі стрымлівалі націск франц. дывізій, нанеслі ім страты каля 3 тыс. чал. і самі страцілі столькі ж. У ноч на 28 ліп. 1-я армія скрытна адступіла, увёўшы ў зман Напалеона, які спадзяваўся даць тут генеральную бітву. 2-і бой адбыўся пры вызваленні Віцебшчыны 1-м корпусам П.Х.Вітгенштэйна. Для авалодання Віцебскам з г. Бешанковічы быў адпраўлены атрад ген.-маёра В.І.Гарпе з 4 пях. батальёнаў, 5 кав. эскадронаў і інш. падраздзяленняў, які 6 ліст. прыбыў у в. Старое Сяло (на З ад Віцебска), па левым беразе Зах. Дзвіны рушылі 2 эскадроны драгунаў на чале з падпалк. Д.А.Сталыпіным. 7 ліст. атрад Гарпе ўварваўся ў Віцебск, перайшоў праз палаючы мост на левы бераг і пасля вулічных баёў выбіў французаў з горада. Былі захоплены запасы харчу і фуражу, сотні палонных, у т. л. франц. віцебскі губернатар ген. Пужэ.

Ш.І.Бекцінееў.

т. 4, с. 233