ВІ́ЦЕБСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў Віцебску ў 17 ст. на тэр. Узгорскага замка. Пабудавана з дрэва ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Складалася з высокіх прамавугольных у плане асн. аб’ёму і гранёнай апсіды, накрытых 2-схільнымі дахамі, і 3-яруснай званіцы (2 ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні з высокімі вузкімі вокнамі ўвянчаны васьмерыковым купалам). Асн. аб’ём завяршаўся галоўкай на высокім барабане. Фасады расчляняліся высока размешчанымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Вядомая з «Чарцяжа» Віцебска 1664.
т. 4, с. 223
ВІ́ЦЕБСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала ў 1810—50 у Віцебску. Вырабляла сукны для арміі, з 1816 — тонкія сукны і талесы. Мела 17 ткацкіх станкоў (1814), 6 прадзільніц стаячых, 15 самапрадак (1816—26), 5 ткацкіх станкоў (1831), працавала ад 20 (1823) да 220 (1831) рабочых.
т. 4, с. 223
ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́ Маркава манастыра. Існавала ў Віцебску ў канцы 17 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1691 на правым беразе Зах. Дзвіны ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пастаўлена на фундаменце крыжовага драўлянага храма
(засн. ў 1633),
знішчанага пажарам.
Царква 4-зрубная, крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі, тры зрубы 5-гранныя, заходні прамавугольны ў плане, паміж крыламі трансепта і алтарным зрубам — шматгранныя рызніцы. Зрубы і сяродкрыжжа былі перакрыты самкнутымі купаламі і накрыты невысокімі шатрамі з галоўкамі. Увесь будынак меў вял. абходную галерэю на разьбяных слупках з ганкам пры ўваходзе, накрытым шатровым дахам. Знесена ў 1920-я г.
Т.В.Габрусь.
т. 4, с. 223
ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́ на Пескаватыку. Існавала ў Віцебску ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1761 па фундацыі Тадэвуша Агінскага на месцы старой царквы, вядомай па інвентарах з 1618. Вырашана ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пяцізрубны храм крыжовацэнтрычнай кампазіцыі. Цэнтральны 8-гранны зруб быў завершаны светлавым васьмерыком і накрыты пакатым шатром, які пераходзіў у невял. купалок з галоўкай, 4 прамавугольныя ў плане зрубы, арыентаваныя па баках свету, былі накрыты 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Да царквы прылягалі вял. шматгранная ў плане абходная галерэя, 2-ярусная званіца і невял. рызніца па баках алтарнага зруба. Знесена ў 1920-я г.
Т.В.Габрусь.
т. 4, с. 223
ВІ́ЦЕБСКАЯ ТЫТУНЁВА-МАХО́РАЧНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1883—1926 у Віцебску. Размяшчалася ў мураваным будынку (1885). Вырабляла махорку, курыльны тытунь і нюхальную табаку на суму да 700 тыс. руб. (1910). Мела паравыя машыну і кацёл (1895). Працавала ад 75 (1895) да 260 (1914) рабочых.
т. 4, с. 224
ВІ́ЦЕБСКАЯ УВЯДЗЁНСКАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў Віцебску ў 17 ст. Пабудавана з дрэва ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Складалася з 3 аб’ёмаў: 2-яруснага цэнтр. чацверыковага, завершанага 4-схільным дахам, гранёнай апсіды з шатровым дахам, чацверыковай званіцы, завершанай ізбіцай і шатровым дахам з купалам. Усе дахі ўвянчаны купальнымі галоўкамі на светлавых барабанах. Вядомая з «Чарцяжа» Віцебска 1664.
т. 4, с. 224
ВІ́ЦЕБСКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́ І МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н.
Царква існавала ў Віцебску ў 18 — 1-й пал. 20 ст. Мураваны храм пабудаваны на высокім беразе Зах. Дзвіны ў 1715—43 (арх. І.Фантана III) у стылі сталага барока па фундацыі Мірона Галузы на месцы драўлянай (засн. ў 1682). З 1799 Успенскі сабор. Мела развітую аб’ёмнапрасторавую кампазіцыю: 5-нефавая крыжова-купальная базіліка з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай апсідай. Гал. фасад адпаведна нефам меў 5-часткавае чляненне, падкрэсленае групоўкай пілястраў. Сяродкрыжжа ўвенчваў магутны светлавы 8-гранны барабан са сферычным купалам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны ордэрная арх. пластыка, філянговыя рамы, разнастайныя абрамленні праёмаў і інш. Два мураваныя 2- і 3-павярховыя манастырскія корпусы пабудаваны ў 1775. Яны стаялі абапал царквы і разам утваралі ўнутраны двор. Будынак царквы разбураны ў Вял. Айч. вайну. У адным з манастырскіх карпусоў размешчаны філіял Віцебскага абл. краязн. музея.
т. 4, с. 224
ВІ́ЦЕБСКАЯ ФА́БРЫКА МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ «КУПА́ВА» Створана ў 1929 у Віцебску як арцель «8 Сакавіка». З 1937 ф-ка маст. вырабаў. У Вял. Айч. вайну разбурана, у 1945—47 адноўлена. З 1981 галаўное прадпрыемства Віцебскага ВА маст. вырабаў, з 1993 самаст. ф-ка з сучаснай назвай. Дзейнічаюць участкі: закройны, машыннай і ручной вышыўкі, пашывачны, вязання, аддзелкі, эксперыментальны. Спецыялізуецца на выпуску строчана-вышытых вырабаў верхняга жаночага адзення, сталовай бялізны, трыкат. вырабаў жаночага і мужчынскага асартыменту. Існуюць участкі ручной вышыўкі, ткацтва і вязання. Жаночыя і дзіцячыя жакеты, джэмперы, камізэлькі ўпрыгожваюцца разнастайным па форме і маст. вырашэнні бел. арнаментам. Вырабляе таксама драўляны посуд і сувеніры з саломкі. Асн. прадукцыя (1997): верхні паўшарсцяны мужчынскі і жаночы трыкатаж, строчана-вышытыя швейныя вырабы і сталовая бялізна, сувеніры з саломкі і лазы.
т. 4, с. 224
ВІ́ЦЕБСКАЯ ФА́БРЫКА НЯТКА́НЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ,
гл. ў арт. «Віцебскія дываны».
т. 4, с. 224
ВІ́ЦЕБСКАЯ ФЕ́ЛЬЧАРСКАЯ ШКО́ЛА.
Існавала ў Віцебску ў 1872—79 пры бальніцы Прыказа грамадскай апекі. Была ў значнай ступені агульнаадук. навуч. установай. Прымаліся асобы, якія ўмелі чытаць і пісаць. Выкладаліся рус. і лац. мовы, арыфметыка, са спец. Дысцыплін — догляд хворых, кровапусканне, воспапрышчэпліванне, кастапраўства, рэанімацыя, анатаміраванне, выдаленне зубоў і інш. Тэрмін навучання 4 гады. Першы набор адбыўся на пач. 1872, першы выпуск — у 1875 (6 чал.). Закрыта пасля 1879.
т. 4, с. 225