Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАЛАБАРАЦЫЯНІ́СТЫ (ад франц. collaboration супрацоўніцтва),

асобы, партыі, грамадскія рухі і арг-цыі, якія ў 2-ю сусв. вайну супрацоўнічалі з ням.-фаш. акупац. ўладамі на часова акупіраваных тэрыторыях сваіх краін. Да ліку К. належалі А.Ф.Петэн, П.Лавіт (Францыя), В.Кеіслінг (Нарвегія), Р.Астроўскі (Беларусь) і інш. Бел. К. ставілі за мэту стварэнне бел. войска (гл. Беларускі корпус самааховы, Беларуская краёвая абарона) і бел. нац. дзяржавы пад пратэктаратам Германіі (гл. Беларуская народная самапомач, Беларуская рада даверу). Становішча на франтах, разгортванне антыфаш. барацьбы на акупіраваных тэрыторыях вымушалі акупантаў пашыраць сац. базу калабарацыі. У снеж. 1943 створана Беларуская цэнтральная рада, якая фактычна спыніла дзейнасць у чэрв. 1944.

А.​М.​Літвік.

т. 7, с. 446

КАЛА́БРЫЯ (Calabria),

паўвостраў на Пд Італіі, паўд. частка Апенінскага п-ва. Абмываецца Іанічным м., Месінскім прал. і Тырэнскім м. Даўж. каля 250 км, шыр. ад 40 да 100 км. Большую частку паўвострава займаюць горныя масівы — Калабрыйскія Апеніны выш. да 2271 м. Горы складзены на У пераважна з вапнякоў і флішаў, на З — з гранітаў і гнейсаў. Клімат на больш нізкіх тэр. міжземнаморскі. Т-ра студз. да 10 °C, ліп. 26 °C. Ападкаў 800 мм за год. У гарах клімат больш халодны, са снегам і туманамі. На схілах гор маквіс, месцамі букавыя і хваёвыя лясы. Уздоўж берагоў узгорыстыя апрацаваныя раўніны. Характэрны землетрасенні. Нац. парк Калабрыя. Порт Рэджа-ды-Калабрыя.

т. 7, с. 446

КАЛА́БРЫЯ (Calabria),

вобласць на Пд Італіі, пераважна на п-ве Калабрыя. Пл. 15,1 тыс. км². Нас. каля 2,5 млн. чал. (1993). Уключае правінцыі: Катандзара, Казенца, Рэджа-ды-Калабрыя. Адм. ц.г. Катандзара. Найб. гарады: Рэджа-ды-Калабрыя, Казенца, Кратоне. Вырошчваюць вінаград, масліны, цытрусавыя, інжыр. Агародніцтва і кветкаводства экспартнага кірунку. Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. ГЭС на горных рэках. Металургічная, маш.-буд., хім., цэм., харч., тэкст., швейная, дрэваапр. прам-сць. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.

т. 7, с. 446

КАЛАВА́НДЗІН (Барыс Андрэевіч) (21.1.1938 г. Архангельск, Расія — 7.6.1998),

бел. вучоны ў галіне гідрадынамікі. Акад. Нац. АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1989), д-р тэхн. н. (1984), праф. (1986). Чл. Нью-Йоркскай АН (1994). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1961). З 1966 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава». Навук. даследаванні па распрацоўцы нетрадыц. метадаў навігацыі скарасных гідрадынамічных аб’ектаў і спосабаў зніжэння іх гідрадынамічнага супраціўлення. Распрацаваў шматпараметрычную стат. тэорыю вязкіх вадкасцей і працэсаў пераносу ў іх.

Тв.:

Моделирование теплопереноса при неоднородной турбулентности. Мн., 1980;

Моделирование однородной турбулентности стратифицированной жидкости. Мн., 1997 (разам з І.​А.​Ватуціным, У.​У.​Бандарчуком).

Б.А.Калавандзін.

т. 7, с. 446

КАЛАВУ́РАВІЧЫ,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр. сельсавета і калгаса. За 39 км на У ад горада і 43 км ад чыг. ст. Пінск, 214 км ад Брэста. 264 ж., 104 двары (1998). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі.

т. 7, с. 447

КАЛАГЕ́Н (ад грэч. kolla клей + ...ген),

фібрылярны бялок, што ўтварае аснову калагенавых валокнаў злучальнай тканкі і забяспечвае яе трываласць. Складае каля ​1/3 усіх бялкоў арганізма. Малекула К. ўтворана з 3 поліпептыдных ланцугоў; у саставе К. гліцын, аксіпралін і аксілізін. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Раствараецца ў шчолачы. Ад доўгага награвання ператвараецца ў жэлацін. Устойлівы да пратэалітычных ферментаў, расшчапляецца калагеназай. Парушэнне структуры і абмену К. — адна з прычын калагенавых хвароб.

т. 7, с. 447

КАЛАГЕ́НАВЫЯ ВАЛО́КНЫ,

разнавіднасць валокнаў злучальнай тканкі жывёл і чалавека. Складаюцца з бялку калагену, што сінтэзуецца фібрабластамі, хандрабластамі і астэабластамі. К.в. ўтвораны пучкамі фібрыл, якія складаюцца з протафібрыл. Фарміруюцца ў пазаклетачнай прасторы полімерызацыяй трапакалагену. Моцныя на разрыў, мала эластычныя, выконваюць мех. (апорную) функцыю. У храстку К.в. наз. хандрынавымі, у касцях — асеінавымі.

т. 7, с. 447

КАЛАГЕ́НАВЫЯ ХВАРО́БЫ, калагенозы,

хваробы, пры якіх бывае аднароднае сістэмнае пашкоджанне злучальнай тканкі (асабліва прамежкавага яе рэчыва і валокнаў, што маюць калаген) і сасудаў. Тэрмін прапанаваны амер. патолагаанатамам П.​Клемперэрам (1942). К.х. ўключаюць сістэмную ваўчанку чырвоную, дэрматаміязіт, сістэмную склерадэрмію, рэўматоідны артрыт і інш. Агульная асаблівасць патагенезу К.х.: аўтаімунныя парушэнні, у выніку якіх у розных органах і тканках арганізма падтрымліваецца хранічны імунны запаленчы працэс. Мяркуюць, што хваробы выклікаюцца вірусамі, генет. схільнасцю. Прыкметы К.х.: ліхаманка, артрыты, страта масы цела і інш. трафічныя парушэнні, пашкоджанне ўнутр. органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

М.​Ф.​Сарока.

т. 7, с. 447

КАЛАГЕНА́ЗА,

пратэалітычны фермент з вузкаспецыфічнай накіраванасцю да расшчаплення калагену з выдзяленнем амінакіслаты — аксіпраліну. Паводле саставу блізкая да калагену. У медыцыне К. — ферментны прэпарат, які стымулюе рассысанне тканак, што маюць калаген (напр., рубцовы), адарванне змярцвелых тканак пасля апёкаў, абмаражэння і інш. Атрымліваюць К. з падстраўнікавай залозы забойнай жывёлы.

т. 7, с. 447

КАЛАГЕНО́ЗЫ,

гл. Калагенавыя хваробы.

т. 7, с. 447