КАЛА́БРЫЯ (Calabria),

паўвостраў на Пд Італіі, паўд. частка Апенінскага п-ва. Абмываецца Іанічным м., Месінскім прал. і Тырэнскім м. Даўж. каля 250 км, шыр. ад 40 да 100 км. Большую частку паўвострава займаюць горныя масівы — Калабрыйскія Апеніны выш. да 2271 м. Горы складзены на У пераважна з вапнякоў і флішаў, на З — з гранітаў і гнейсаў. Клімат на больш нізкіх тэр. міжземнаморскі. Т-ра студз. да 10 °C, ліп. 26 °C. Ападкаў 800 мм за год. У гарах клімат больш халодны, са снегам і туманамі. На схілах гор маквіс, месцамі букавыя і хваёвыя лясы. Уздоўж берагоў узгорыстыя апрацаваныя раўніны. Характэрны землетрасенні. Нац. парк Калабрыя. Порт Рэджа-ды-Калабрыя.

т. 7, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)