Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЭРАКАСМІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ,

дыстанцыйныя метады, метады вывучэння наземных аб’ектаў і касм. целаў на значнай адлегласці (з ніжняй атмасферы ці космасу). Уключаюць здымку зямной паверхні і касм. аб’ектаў, фотаграмметрычную (гл. Фотаграмметрыя) апрацоўку здымкаў, агульнае і спец. дэшыфраванне аэрафотаздымкаў. Залежна ад тыпу носьбіта апаратуры адрозніваюць аэракасмічныя метады самалётныя, верталётныя, аэрастатныя, ракетныя, спадарожнікавыя, паводле тыпу прыёмніка выпрамянення — візуальныя, фатаграфічныя, радыеметрычныя і радыёлакацыйныя. У геолага-геафіз. даследаваннях выкарыстоўваюцца аэрафотаздымка, аэрафізічная разведка (здымка), касмічная здымка. Аэракасмічныя метады бываюць актыўныя (вывучаецца адбітае аб’ектамі выпрамяненне пасля іх штучнага апрамянення) і пасіўныя (выкарыстоўваецца ўласнае выпрамяненне целаў або адбітае сонечнае). Па спектральных характарыстыках розных дыяпазонаў эл.-магн. спектра распазнаюцца аб’екты, вызначаецца іх памер, шчыльнасць, хім. састаў, фіз. ўласцівасці і стан. Найб. поўныя і дакладныя звесткі дае адначасовае выкарыстанне некалькіх дыяпазонаў спектра.

т. 2, с. 173

АЭРАЛО́ГІЯ

(ад аэра... + ...логія),

раздзел метэаралогіі, які вывучае фіз. працэсы і з’явы ў свабоднай атмасферы (вышэй за прыземны слой) і распрацоўвае метады іх даследавання. Даследуе састаў і будову атмасферы Зямлі, утварэнне воблакаў і ападкаў, цеплаабмен у свабоднай атмасферы, паветр. плыні, узаемадзеянне паветр. масаў і інш. Выкарыстоўвае метады зандзіравання атмасферы, электронную апаратуру, радыёлакацыю, авіяцыйную, ракетную і метэаралагічную спадарожнікавую тэхніку. Назіранні праводзяцца на аэралагічных станцыях і ў абсерваторыях.

т. 2, с. 173

АЭРАЛО́ЦЫЯ

(ад аэра... + лоцыя),

падрабязнае апісанне авіялініі або раёна дзеяння авіяцыі; дапаўняе палётную карту. Уключае аэраграфічную характарыстыку мясцовасці, апісанне арыенціраў, інфармацыю пра аэрадромы са схемамі заходу на пасадку, пра метэастанцыі, умовы надвор’я і інш.

т. 2, с. 173

АЭРАМАГНІ́ТНАЯ ЗДЫ́МКА,

метад вывучэння магн. поля Зямлі з лятальных апаратаў з дапамогай аэрамагнітометраў.

Прапанавана ў 1936 рус. вучоным А.А.Лагачовым для пошуку жал. руды па магн. анамаліях над радовішчамі. Вынікі аэрамагнітнай здымкі выкарыстоўваюцца пры складанні геал. картаў, выяўленні тэктанічных парушэнняў, пошуках радовішчаў жал. руды, баксітаў і інш. Для ўзгаднення картаў магн. поля асобных тэрыторый ствараецца адзіная апорная сетка ў абс. значэннях геамагн. Поля.

т. 2, с. 173

АЭРАМАГНІТО́МЕТР,

прылада для вымярэння магн. поля Зямлі з лятальнага апарата (ЛА). Датчык (адчувальны элемент) аэрамагнітометра размяшчаецца на крыле або хвасце ЛА і ахоўваецца ад яго ўласнага магн. поля аўтам. кампенсатарамі, пры больш дакладных вымярэннях буксіруецца ў гандоле на кабель-тросе на адлегласці да 50 м ад ЛА. Найб. дакладныя ядз. (пратонныя) і квантавыя аэрамагнітометры маюць адносную хібнасць вымярэнняў да 10​-5 і да 10​-7 адпаведна.

т. 2, с. 173

АЭРАМАНО́З,

краснуха карпаў, інфекцыйная вадзянка, веснавая вірэмія карпаў, інфекцыйная хвароба карпавых рыб, радзей судака і вугра, якая выклікаецца бактэрыямі з роду Aeromonas. Суправаджаецца гемарагічным запаленнем скуры, унутр. органаў, асцытам і агульнай вадзянкай. Вострая форма хваробы адзначаецца вясной і характарызуецца парушэннем функцыі выдзялення. У хворых лускаватых рыб луска тапырыцца, у голых утвараюцца скурныя пухіры, вочы лупатыя. Хранічная форма адзначаецца летам і восенню, суправаджаецца ўтварэннем паверхневых язваў цёмна-чырвонага колеру з блакітна-шэрым абадком на хвасце і баках.

т. 2, с. 173

АЭРАМЕХА́НІКА

(ад аэра... + механіка),

раздзел механікі, які вывучае раўнавагу і рух газападобных асяродцзяў і іх мех. ўзаемадзеянне з цвёрдымі целамі; частка гідрааэрамеханікі. Падзяляецца на аэрадынаміку і аэрастатыку.

т. 2, с. 173

АЭРАНАВІГА́ЦЫЯ,

гл. Навігацыя паветраная.

т. 2, с. 173

АЭРАНА́ЎТЫКА,

гл. Паветраплаванне.

т. 2, с. 173

АЭРАНО́МІЯ

(ад аэра... + грэч. nomos закон),

раздзел фізікі атмасферы, які вывучае верхнія слаі атмасферы (вышэй за 30 км), дзе адбываюцца значная дысацыяцыя і іанізацыя атм. газаў. Узнікла ў 1950-я г. ў Англіі і Францыі (працы Д.Р.Бейтса і М.Нікале). Развіццё аэраноміі звязана з ракетнымі і спадарожнікавымі даследаваннямі фіз.-хім. працэсаў у верхняй атмасферы. Даследуе размеркаванне т-ры, шчыльнасці і нейтральных часцінак паветра на вышыні, канцэнтрацыю электронаў у іанасферы, серабрыстыя воблакі, свячэнне начнога неба, палярныя ззянні, радыяцыйныя паясы Зямлі і інш.

т. 2, с. 173