АЭРАЛО́ГІЯ
(ад аэра... + ...логія),
раздзел метэаралогіі, які вывучае фіз. працэсы і з’явы ў свабоднай атмасферы (вышэй за прыземны слой) і распрацоўвае метады іх даследавання. Даследуе састаў і будову атмасферы Зямлі, утварэнне воблакаў і ападкаў, цеплаабмен у свабоднай атмасферы, паветр. плыні, узаемадзеянне паветр. масаў і інш. Выкарыстоўвае метады зандзіравання атмасферы, электронную апаратуру, радыёлакацыю, авіяцыйную, ракетную і метэаралагічную спадарожнікавую тэхніку. Назіранні праводзяцца на аэралагічных станцыях і ў абсерваторыях.
т. 2, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)