КАКО́ШНІК (ад стараж.-слав. кокош — курыца ці певень),
старажытны рус. галаўны ўбор замужніх жанчын. У дапятроўскай Русі бытаваў у баярскім асяроддзі, у 19 ст. — у купецкім і сялянскім (пераважна ў паўн. губернях). Характэрны элемент К. — грэбень, форма якога ў розных рэгіёнах мела свае асаблівасці. Рабілі на цвёрдай аснове, упрыгожвалі парчой, пазументам, бісерам, пацеркамі, перламі, больш багатыя — і каштоўнымі камянямі. Найб. пашыраны арнамент — раслінны і птушкі.
КАКО́ШНІК у архітэктуры, паўкруглая ці кілепадобная несапраўдная закамара, якая мае толькі дэкар. значэнне. Найб. характэрны для рус. культавага дойлідства 16—17 ст. Іх размяшчалі ярусамі каля асновы шатроў і барабанаў купалоў культавых будынкаў. На Беларусі ўпершыню выкарыстаны ў 12 ст. ў Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царкве. Быў пашыраны ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры псеўдарускага стылю. Імітацыі К. выкарыстоўвалі таксама ў грамадз. архітэктуры для аздаблення фасадаў, завяршэння аконных праёмаў і інш.
хімічная перапрацоўка выкапнёвага паліва (пераважна каменнага вугалю і цяжкіх прадуктаў нафтаперапрацоўкі) награваннем да 900—1050 °C без доступу паветра. У выніку атрымліваюць кокс (70—80%), коксавы газ (15—25%) і вадкія пабочныя прадукты (каля 3%), якія з’яўляюцца каштоўнай хім. сыравінай (у асноўным каменнавугальная смала і бензол).
К. каменнага вугалю робіцца ў некалькі стадый у коксавых печах, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — у метал. коксавых кубах або спец. печах (з атрыманнем нафтавага коксу). Узнікла ў 18 ст. (у Вялікабрытаніі і інш.), каб замяніць мінер. палівам драўняны вугаль, для атрымання якога ішло масавае вынішчэнне лясоў. У сучасным выглядзе працэс К. склаўся да пач. 20 ст.
запаленчы працэс тазасцегнавога сустава. Адрозніваюць К. спецыфічныя інфекц. (ганарэйныя, туберкулёзныя, сіфілітычныя і інш.), неспецыфічныя інфекц (гнойныя), асептычныя (рэўматоідныя, рэўматычныя, з прычыны хваробы Бехцерава і інш.), як ускладненне інфекц. хваробы (дызентэрыя, бруцэлёз, адзёр і інш.). Бывае востры ці хранічны Прыкметы К.: запаленчыя змены ў сінавіяльнай абалонцы, утварэнне серознага, серозна-фібрознага ці гнойнага выпату. Выяўляецца болем у вобласці пашкоджанага сустава, павышэннем т-ры цела, абмежаванай рухомасцю сустава. Запаленчы выпат у суставе выклікае яго павелічэнне, выхад яго за межы капсулы — абсцэс ці флегмону. Запаленне з сінавіяльнай абалонкі можа пераходзіць на касцявыя структуры, разбурае вяртлюжную ўпадзіну, галоўку і шыйку сцегнавой косці, што выклікае паталаг. вывіх сцягна і пакарачэнне ніжняй канечнасці. Лячэнне: імабілізацыя, тэрапеўтычнае, хірургічнае, артапедычнае.
КАКТО́ ((Cocteau) Жан) (5.7.1889, г. Мезон-Лафіт, Францыя — 11.10.1963),
французскі пісьменнік, мастак, кінарэжысёр, тэатр. дзеяч. Чл.Франц. акадэміі (1955). Дэбютаваў у 1909 як паэт-сімваліст (зб. «Лямпа Аладзіна»), Выступаў за балетны спектакль новага тыпу, заснаваны на збліжэнні харэаграфіі з эстрадай і эксцэнтрыкай; супрацоўнічаў з С.Дзягілевым. Паэтычная творчасць развівалася ад куба-футурызму і дадаізму («Ода Пікасо», 1919, зб. «Вершы», 1920) да сюррэалізму (зб. «Опера», 1927). У зб-ках крытычных афарызмаў «Певень і арлекін» (1918) і «Прафесійны сакрэт» (1922) выступіў як прыхільнік авангардысцкай групы «Шасцёрка» ў музыцы і дадаізму ў л-ры. Аўтар раманаў «Самазванец Тама» (1923) і «Цяжкія дзеці» (1929), п’ес «Антыгона», «Рамэо і Джульета» (спроба «амаладжэння» ант. і шэкспіраўскай трагедыі), «Арфей» (усе 1928), «Адская машына» (1934), псіхал. манадрамы «Чалавечы голас» (1930; паводле яе ў Мінску ў 1985 паст.аднайм. монаопера Ф.Пуленка), «Цяжкія бацькі» (1938), «Двухгаловы арол» (1946), «Вакх» (1952) і інш. Адзін з заснавальнікаў «Балета Елісейскіх палёў» (1944). Пісаў лібрэта балетаў, опер, кінасцэнарыі. Ставіў кінафільмы («Прыгажуня і пачвара», 1946; «Арфей», 1950; «Запавет Арфея», 1960).
кактусавыя (Cactaceae), сям. двухдомных сукулентных раслін парадку гваздзіковыя. Каля 160 (па інш. звестках, да 225) родаў, 3000 відаў. Пашыраны пераважна ў Амерыцы ў пустынях, паўпустынях, гарах. Акліматызаваны ў Аўстраліі, Індыі, Міжземнамор’і, Крыме, на Каўказе, Японіі. На Беларусі вырошчваюцца як пакаёвыя і аранжарэйныя расліны віды родаў апунцыя, мамілярыя, эхінопсіс (Echinopsis), філакактус (Phyllocactus) і інш.
Шматгадовыя травы, кусты, радзей дрэвы выш. ад 2—5 см да 10—12 м. Сцябло мясістае, зялёнае, рознай формы, укрытае бародаўкамі ці сасочкамі. Лісце амаль ва ўсіх рэдукаванае ў калючкі або ў дробныя лусачкі. Кветкі двухполыя, вялікія, яркага колеру, адзіночныя. Плады — ягадападобныя, шматнасенныя. Харч., кармавыя, лек., дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца ў буд-ве.
Літ.:
Удалова Р.А., Вьюгина Н.Г. В мире кактусов. 2 изд. М., 1983.
КАКУ́РЫН (Мікалай Яўгенавіч) (16.9.1883, г. Арол, Расія — 29.7.1936),
савецкі ваен. дзеяч, ваен. гісторык. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1904) і Акадэмію Генштаба (1910). Удзельнік 1-й сусв. вайны. Са снеж. 1918 ва ўзбр. фарміраваннях (галіцыйская армія) Зах.-Укр.нар. рэспублікі. З лют. 1920 у Чырв. Арміі. Удзельнік сав.-польск. вайны 1920 (у т. л. на пасадзе пам. камандуючага Зах. фронтам), задушэння Антонава паўстання (1921), баёў з басмацтвам (1922). У 1921—22 старшы кіраўнік па тактыцы ў Ваен. акадэміі РСЧА, з 1923 нач. аддзела па гісторыі грамадз. вайны пры Штабе РСЧА. Аўтар прац па пытаннях вайск. тактыкі, гісторыі грамадз. і сав.-польск. войнаў, у т. л. «Як змагалася рэвалюцыя» (т. 1—2, 1925—26, 2-е выд., 1990; ёсць нямала звестак пра падзеі 1917—20 на Беларусі). У чэрв. 1930 арыштаваны, 19.2.1932 па непраўдзівым абвінавачанні прыгавораны да 10 гадоў зняволення, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1957.
падатрад насякомых атр. раўнакрылых хобатных, чарвяцы і шчытоўкі (Coccodea). Больш за 4000 відаў. Пашыраны ва ўсім свеце. На Беларусі найб. трапляюцца 6 відаў: па 2 віды шчытовак і лжэшчытовак, кашаніль польская (Porphyrophora polonica), кермес паўночны (Kermococcus quercus). Фітапаразіты.
Даўж. да 35 мм. Выразны палавы дымарфізм. Самцы рухавыя, з адной парай крылаў. Самкі бяскрылыя, часта без ног, дарослыя нерухома сядзяць на раслінах. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Самкі і лічынкі кормяцца сокамі раслін.
адна з інвазійных хвароб чалавека і жывёл, што выклікаецца паразітычнымі прасцейшымі — какцыдыямі. Узбуджальнікі развіваюцца ў клетках кішэчнага эпітэлію, праз сасуды гематагенным шляхам заносяцца ў печань, ныркі і інш. органы, дзе пачынаюць дзяліцца. Перадаюцца праз ежу, ваду, прадметы. Праяўляецца ліхаманкай з т-рай да 39 °C, слабасцю, дрэнным апетытам, паносам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Вельмі пашыраны К. свойскіх жывёл. Ён прыносіць значныя эканам. страты, асабліва ў птушка- і трусагадоўлі. Найчасцей бывае ў веснавы і летні перыяды.