КАКТО́ ((Cocteau) Жан) (5.7.1889, г. Мезон-Лафіт, Францыя — 11.10.1963),
французскі пісьменнік, мастак, кінарэжысёр, тэатр. дзеяч. Чл. Франц. акадэміі (1955). Дэбютаваў у 1909 як паэт-сімваліст (зб. «Лямпа Аладзіна»), Выступаў за балетны спектакль новага тыпу, заснаваны на збліжэнні харэаграфіі з эстрадай і эксцэнтрыкай; супрацоўнічаў з С.Дзягілевым. Паэтычная творчасць развівалася ад куба-футурызму і дадаізму («Ода Пікасо», 1919, зб. «Вершы», 1920) да сюррэалізму (зб. «Опера», 1927). У зб-ках крытычных афарызмаў «Певень і арлекін» (1918) і «Прафесійны сакрэт» (1922) выступіў як прыхільнік авангардысцкай групы «Шасцёрка» ў музыцы і дадаізму ў л-ры. Аўтар раманаў «Самазванец Тама» (1923) і «Цяжкія дзеці» (1929), п’ес «Антыгона», «Рамэо і Джульета» (спроба «амаладжэння» ант. і шэкспіраўскай трагедыі), «Арфей» (усе 1928), «Адская машына» (1934), псіхал. манадрамы «Чалавечы голас» (1930; паводле яе ў Мінску ў 1985 паст. аднайм. монаопера Ф.Пуленка), «Цяжкія бацькі» (1938), «Двухгаловы арол» (1946), «Вакх» (1952) і інш. Адзін з заснавальнікаў «Балета Елісейскіх палёў» (1944). Пісаў лібрэта балетаў, опер, кінасцэнарыі. Ставіў кінафільмы («Прыгажуня і пачвара», 1946; «Арфей», 1950; «Запавет Арфея», 1960).
Тв.:
Рус. пер — Портреты-воспоминания: Эссе. М., 1985.
Літ.:
Bross J. Cocteau. Paris, 1970.
т. 7, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)