Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРЭПАНА́ЦЫЯ (франц. trépanation ад trēpan свярдзёлак),

хірургічная аперацыя ўскрыцця касцявой поласці. Часцей выконваецца Т. чэрапа (напр., пры пухлінах галаўнога мозга, унутрычарапным кровазліцці).

т. 16, с. 15

ТРЭПА́НГІ (малайскае tripang),

віды беспазваночных жывёл кл. галатурыі з родаў галатурыя, кукумарыя, стыхопус і інш. тыпу ігласкурых. Пашыраны ў морах каля берагоў паўд.-ўсх. Азіі, Аўстраліі, Афрыкі, Еўропы (Італія). Найб. вядомы Т. далёкаўсходні (Stichopus japonicus), пашыраны ў Японскім м. і каля ціхаакіянскага ўзбярэжжа Японіі. Аб’екты промыслу. Іл. гл. да арт. Галатурыі.

т. 16, с. 15

ТРЭПАНЕ́МА (Treponema),

род бактэрый сям. трэпанем парадку спірахет. Найб. вядомая Т. бледная, або спірахета бледная (T. pallidum) — узбуджальнік сіфілісу.

Даўж. Т. бледнай 4—14 мкм, дыяметр 0,2—0,5 мкм. Форма пераважна спіралепадобная з раўнамернымі завіткамі (колькасць завіткоў у час руху можа мяняцца). Рухаецца павольна з дапамогай фібрыл хвалепадобна, вярчэннем, паступальна. Анаэроб. Афарбоўваецца слаба (адсюль назва Т. бледнай). Размнажаецца папярочным дзяленнем. Гіне ад ультрафіялетавага святла. высушвання (т-ра больш за 48 °C), дэзінфіцыруючых рэчываў, антыбіётыкаў.

т. 16, с. 15

ТРЭ́ПЕЛ (ням. Tripel, ад назвы г. Трыпалі ў Паўн. Афрыцы),

рыхлая або слабасцэментаваная танкапорыстая лёгкая асадкавая крамяністая горная парода.

Утвораны з глабулярных цельцаў дыям. 1—2 мкм, якія складаюцца з апалавага крэменязёму (гл. Апал) і прымесей гліністага, карбанатнага рэчыва, зерняў глаўканіту, кварцу, палявога шпату. Паводле фіз.-хім. уласцівасцей аналагічны дыятаміту, але амаль без арган. рэшткаў. Колер ад белага, шараватага да бурага, чырвонага, чорнага. Цв. 1—3. Шчыльн. 1,2—2,5 г/см³, порыстасць 50—70%, трываласць 30—35 кг/см². Паходжанне, магчыма, біяхімічнае. Трапляецца сярод кам.-вуг., мелавых, палеагенавых і неагенавых парод марскога паходжання. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэменту, цеплаізаляцыйных, буд., фільтравальных, паліравальных і інш. матэрыялаў.

т. 16, с. 15

ТРЭ́ПЕЛЬ Абрам Яфімавіч (18.10.1908, Мінск — 7.5.1969),

бел. акцёр і рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1938). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). З 1926 у Дзярж. яўр. т-ры БССР, у 1949—58 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы, Белдзяржэстрадзе, на Рэсп. студыі тэлебачання. У 1950—55 і з 1959 рэжысёр аматарскіх калектываў. Характарны акцёр, мастацтву якога ўласцівы тонкі гумар, шчырасць, пластычная выразнасць. Сярод роляў: Шымен-Эле, Гоцмах («Зачараваны кравец», «Блукальныя зоркі» паводле Шолам-Алейхема), Вядзьмарка («Вядзьмарка» А.​Гольдфадэна), Гестапавец («Паўстанне ў гета» П.​Маркіша), Жэнька Ксідыяс («Інтэрвенцыя» Л.​Славіна), Карбачыо («Вальпоне» Б.​Джонсана) і інш. Выканаў ролю Жабрака ў тэлевіз. пастаноўцы «Песня музыкі» паводле паэмы «Сымон-музыка» Я.​Коласа.

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 16, с. 16

ТРЭ́ПКА, Неканда-Трэпка Антон Станіслававіч (11.2.1877, Мінск — 12.2.1942), бел. грамадскі і паліт. дзеяч, педагог. Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1903). У час вучобы ўдзельнік Бел. гуртка нар. прасветы, студэнцкага руху, быў арыштаваны. Адзін са стваральнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады. З 1909 у выд-ве «Загляне сонца і ў наша аконца». У час 1-й сусв. вайны ў Зах. Еўропе. З 1918 у Мінску, выкладчык, адзін з ініцыятараў стварэння і чл. ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У пач. 1919 чл. Калегіі Наркамасветы БССР. 17.3.1919 арыштаваны ВЧК, высланы ў Смаленск. Пасля вызвалення чл. прэзідыума Часовага бел. нац. к-та ў Мінску, у 1920 нам. дырэктара Мінскага бел. пед. ін-та. З лета 1920 у Вільні, выкладчык, дырэктар Віленскай бел. гімназіі, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай школы. У міжваен. перыяд у Зах. Беларусі працаваў у Бел. навук. т-ве, Бел. выдавецкім т-ве, Бел. музеі імя І.​Луцкевіча ў Вільні, супрацоўнічаў з газ. «Наперад». Выдаў падручнікі па фізіцы і матэматыцы для сярэдніх школ. У кастр. 1939 арыштаваны органамі НКУС, сасланы на 10 гадоў у Сібір. Памёр па дарозе да арміі ген. Андэрса.

А.​Глагоўская, У.​В.​Ляхоўскі.

А.С.Трэпка.

т. 16, с. 16

ТРЭ́СІ, Трэйсі (Tracy) Спенсер (5.4.1900, г. Мілуокі, ЗША — 10.6.1967), амерыканскі кінаакцёр. Скончыў Амер. акадэмію драм. мастацтва. З 1922 у т-ры, з 1930 у кіно. Стварыў псіхал. тонкія вобразы «простых амерыканцаў». Зняўся ў фільмах «Адважныя капітаны» і «Горад хлопчыкаў» (прэмія «Оскар» адпаведна 1937 і 1938). Лепшыя ролі ў фільмах рэж. С.Крамера: «Пажнеш буру», «Нюрнбергскі працэс», «Гэты шалёны, шалёны, шалёны, шалёны свет», «Адгадай, хто прыйдзе да абеду»; таксама ў фільмах «Ярасць», «Сёмы крыж», «Пэт і Майк», «Стары і мора» і інш.

т. 16, с. 16

ТРЭСТ (англ. trust літар. — давер),

арганізацыйна-прававая форма аб’яднання кампаній, юрыдычна аформленая пагадненнем аб перадачы правоў на ўласнасць і кіраванне аднаму з удзельнікаў ці спец. органу (праўленню дырэкцыі) і стварэнні адзінай юрыд. асобы; таксама манапал. аб’яднанне прадпрыемстваў пэўнай або некалькіх галін з ліквідацыяй іх вытв. і камерцыйнай самастойнасці. Праўленне Т. рэгулюе фін., вытв. і гандл. дзейнасць прадпрыемстваў. Кожны ўдзельнік Т. ў залежнасці ад долі ўнесенага капіталу атрымлівае пакет акцый, мае права ўдзелу ў кіраванні і атрымання часткі прыбытку. Вышэйшая, чым у картэлях і сіндыкатах, канцэнтрацыя капіталу забяспечвае Т. і больш высокую ўстойлівасць у канкурэнтнай барацьбе.

Першы Т. «Стандарт ойл» створаны Дж.​Д.​Рокфелерам у ЗША у 1879. Пасля 1-й сусв. вайны хутка развіваліся ў Еўропе. У 1920—40-я г. панаванне Т. у эканоміцы вядучых капіталіст. краін, штучная падтрымка імі высокага ўзроўню цэн пры зніжэнні вытв-сці стымулявала крызісныя працэсы. У пач. 1950 большасцю развітых капіталіст. краін прыняты т. зв. «антытрэстаўскія» законы. На змену Т. прыйшлі больш гібкія формы манапал. аб’яднанняў — канцэрны, холдзінг-кампаніі і інш. У СССР у часы нэпа да 90% нацыяналізаваных і не перададзеных у арэнду найб. буйных прадпрыемстваў былі аб’яднаны ў Т., якія дзейнічалі на прынцыпах гасп. разліку і самастойнасці. Да канца 1920-х г. з’яўляліся асн. вытв. адзінкай сав. прам-сці. Як адна з форм арганізацыі вытв-сці і кіравання пашыраны ў буд-ве.

т. 16, с. 16

ТРЭ́ФАЛЕЎ Леанід Мікалаевіч (21.9.1839, г. Любім Яраслаўскай вобл., Расія — 11.12.1905),

рускі паэт. Друкаваўся з 1857. Паслядоўнік М.Някрасава, развіваў дэмакр. і рэаліст. традыцыі рус. паэзіі. Асн. матывы творчасці — гаротнае становішча народа, абвінавачанне правячых класаў, вера ў вызваленне народа. Яго паэзіі ўласціва грамадзянскасць, публіцыстычнасць. Творчасць цесна звязана з фальклорам. Некат. яго вершы сталі нар. песнямі, у т. л. «Песня пра камарынскага мужыка». Зрабіў скарочаны пераклад вершаванай гутаркі У.​Сыракомлі «Паштальён», які стаў папулярнай рус. нар. песняй «Ямшчык» («Калі я на пошце служыў ямшчыком...»). Перакладаў з зах.-еўрап. (Г.​Гейнэ, Беранжэ і інш.), сербскай, укр., польскай паэзіі. Найб. значныя яго пераклады У.​Сыракомлі.

Тв.:

Стихотворения. М.; Л., 1963.

Літ.:

Айзеншток И.Я. Поэт-демократ Л.​Н.​Трефолев. Ярославль, 1954.

т. 16, с. 16

ТРЭ́ЦІЯ АСО́БЫ ў судовым працэсе,

асобы, якія абараняюць свае правы і законныя інтарэсы ў цывільнай справе, што ўзбуджана па іску іншых асоб. Адрозніваюць 2 віды Т.а.: тыя, хто заяўляе самаст. патрабаванні на прадмет спрэчкі, і тыя, хто не заяўляе такіх патрабаванняў. Першыя карыстаюцца ўсімі правамі і нясуць усе абавязкі істца. Апошнія карыстаюцца працэсуальнымі правамі і нясуць працэсуальныя абавязкі боку, апрача права на змены падставы і прадмета іску, яго змянення або адмовы ад іску, прызнання іску або заключэння міравога пагаднення, патрабавання прымусовага выканання суд. рашэння.

т. 16, с. 18