ТРЭ́ПКА, Неканда-Трэпка Антон Станіслававіч (11.2.1877, Мінск — 12.2.1942), бел. грамадскі і паліт. дзеяч, педагог. Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1903). У час вучобы ўдзельнік Бел. гуртка нар. прасветы, студэнцкага руху, быў арыштаваны. Адзін са стваральнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады. З 1909 у выд-ве «Загляне сонца і ў наша аконца». У час 1-й сусв. вайны ў Зах. Еўропе. З 1918 у Мінску, выкладчык, адзін з ініцыятараў стварэння і чл. ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У пач. 1919 чл. Калегіі Наркамасветы БССР. 17.3.1919 арыштаваны ВЧК, высланы ў Смаленск. Пасля вызвалення чл. прэзідыума Часовага бел. нац. к-та ў Мінску, у 1920 нам. дырэктара Мінскага бел. пед. ін-та. З лета 1920 у Вільні, выкладчык, дырэктар Віленскай бел. гімназіі, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай школы. У міжваен. перыяд у Зах. Беларусі працаваў у Бел. навук. т-ве, Бел. выдавецкім т-ве, Бел. музеі імя І.​Луцкевіча ў Вільні, супрацоўнічаў з газ. «Наперад». Выдаў падручнікі па фізіцы і матэматыцы для сярэдніх школ. У кастр. 1939 арыштаваны органамі НКУС, сасланы на 10 гадоў у Сібір. Памёр па дарозе да арміі ген. Андэрса.

А.​Глагоўская, У.​В.​Ляхоўскі.

А.С.Трэпка.

т. 16, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)